Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка 300 дзён за кратамі


Паплечнікі баяцца, каб не пажыцьцёва.

У намётавым мястэчку на кіеўскім Крашчаціку сабралася каля ста чалавек, якія адзначылі 300 дзён з часу арышту ўкраінскай экс-прэм'еркі, якая цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Гаварылі і пра тое, што пасьля папраўкі яе абвінавацяць у яшчэ горшым.

Юлію Цімашэнку арыштавалі 5 жніўня летась, а 11 кастрычніка асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй. Пад Новы год яе этапавалі ў Качаноўскую калёнію ў Харкаве. Там, пратэстуючы супраць умоваў утрыманьня і неаказаньня патрэбнай мэдычнай дапамогі, былая прэм'ерка абвясьціла галадоўку. Цяпер Цімашэнка знаходзіцца на лячэньні ў лякарні пад назіраньнем айчынных і нямецкіх дактароў. Украінскія ўлады не адмаўляюць таксама доступу замежных палітыкаў да Цімашэнкі. Нядаўна ў бальніцы яе адведала літоўская прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце. На афіцыйным сайце прэзыдэнткі быў зьмешчаны адзін з апошніх здымкаў Цімашэнкі, які паказвае ўражвальную зьнешнюю перамену харызматычнай лідэркі.

За мінулы час Украіна сутыкнулася з адмоўнай міжнароднай рэакцыяй на справу Цімашэнкі: саміт кіраўнікоў у Ялце, які склікаў прэзыдэнт Януковіч, фактычна быў сарваны, гучаць заклікі байкатаваць футбольны чэмпіянат ва Ўкраіне, які пачынаецца неўзабаве. У дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб стане правоў чалавека справа Юліі Цімашэнкі згадвалася як палітычна матываваная, аднак Міжнародная Амністыя вязьнем сумленьня Цімашэнку не прызнала.

Украінская апазыцыя апасаецца, што ўлады рыхтуюць для Цімашэнкі пажыцьцёвае зьняволеньне. СМІ пішуць, што пасьля папраўкі Цімашэнцы могуць прад'явіць чарговае абвінавачаньне – у арганізацыі забойства былога народнага дэпутата Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе. Дэпутат Рады сучаснага скліканьня Генадзь Маскаль выступіў з сэнсацыйнай заявай, што сын забітага Шчэрбаня Руслан сам мае дачыненьне да забойства чалавека на паляваньні і што быццам бы гэтае забойства прапануюць «сьпісаць» на ягонага шафёра, калі Шчэрбань-малодшы дасьць патрэбны кампрамат на Цімашэнку. На сёньняшнім мітынгу ў Кіеве гэтую заяву падхапіў абаронца Цімашэнкі Сяргей Уласенка, які падкрэсьлівае, што Руслан Шчэрбань знаходзіцца ў поўнай залежнасьці ад генпракуратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG