Луканін: пакаралі штрафам верніка, але ён ні ў чым не вінаваты

Судзьдзя Фрунзенскага суду Людміла Лапо прызнала верніка-баптыста Філіпа Кірдуна вінаватым і аштрафавала яго на 750 тысяч рублёў.

У сваёй пастанове Людміла Лапо адзначыла, што знаходзіць у дзеяньнях Філіпа склад адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 17.1 (хуліганскія дзеяньні), калі ён «знаходзіўся ў пастарунку, парушыў дзейнасьць арганізацыі, гэта дзяржаўны орган». А таксама «аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі —непадпарадкаваньне». Апроч таго, у пастанове адзначаецца, што адносна Філіпа «правамерна складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні». Згодна з артыкулам 17.1 Людміла Лапо аштрафавала Філіпа на 105 тысяч рублёў, згодна з артыкулам 23.4 — на 700 тысяч рублёў. Шляхам частковага складаньня пакараньняў атрымалася канчатковая сума — 750 тысяч рублёў.

Перад вынясеньнем пастановы быў дасьледаваны журнал, у якім фіксуецца прымяненьне спэцсродкаў. Згодна зь ім, кайданкі да верніка-баптыста супрацоўнікі міліцыі прымянілі а 18 гадзіне, а не а 20-й гадзіне, то бок да таго, як яму зрабілі дактыляскапію. Філіп Кірдун таксама пацьвердзіў, што ён добраахвотна не здаваў адбіткі пальцаў.

Судзьдзя Людміла Лапо спыталася ў Філіпа, ці зразумеў ён, што абавязаны быў прайсьці дактыляскапію. Філіп сказаў, што ён не ваеннаабавязаны і мае адтэрміноўку ад вайсковай службы да 2013 году.
Ня трэба мне махаць галовамі, вельмі прашу

Судзьдзя не прыняла гэтыя тлумачэньні і нэрвова адрэагавала на рэакцыю з залі:

«Ня трэба мне махаць галовамі, вельмі прашу. Кожны пра сябе думае, робіць высновы».

Сяргей Луканін пра суд над Філіпам Кірдуном

Your browser doesn’t support HTML5

Сяргей Луканін пра суд над Філіпам Кірдуном



Камэнтуючы пастанову суду, юрыст Сяргей Луканін адзначыў:

«На жаль, цуду не адбылося. Як вернік я спадзяваўся на Божы суд, што Бог зьменіць сэрца менавіта гэтай судзьдзі і яна вынесе справядлівае рашэньне. Але гэтага не адбылося. Нягледзячы на тое, што ўсе паказаньні сьведак-міліцыянтаў былі відавочна хлусьлівыя і ў гэтым былі перакананыя ўсе, хто прысутнічаў у залі суду, судзьдзя ня вынесла правасуднага рашэньня. Яна вынесла неправасуднае рашэньне. Яна пакарала хлопца, верніка штрафам, але ён быў невінаваты. Не вінаваты ні ў чым. Больш за тое, супрацоўнікі міліцыі былі вінаватыя ў крымінальным злачынстве. Яны зьдзекаваліся, чынілі гвалт над маладым вернікам. Я спадзяюся, што бацькі хлопца і сам Філіп не пакінуць гэтую справу і будуць імкнуцца абскардзіць гэтае рашэньне суду і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі. Я спадзяюся, што праўда ўрэшце пераможа».