Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луканін: «Міліцыянты зьдзекаваліся з маладога верніка, адданага Хрысту»


Сяргей Луканін
Сяргей Луканін
15 лістапада ў Фрунзенскім судзе Менску працягваўся адміністрацыйны працэс над вернікам-баптыстам, 23-гадовым Філіпам Кірдуном, які адмовіўся праходзіць дактыляскапію. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Працэс працягнецца 16 лістапада.

Сёньня ў судзе былі дапытаныя сьведкі — ажно чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі, якія датычныя да гэтай гісторыі з адбіткамі пальцаў: капітан міліцыі Андрэй Велічэнка, намесьнікі начальніка гарадзкога аддзелу міліцыі Аляксандар Бірчанка і Сяргей Доўнар, а таксама інспэктар Сьвятлана Куніцкая.

Яны казалі, што Філіп Кірдун нібыта пагадзіўся здаць адбіткі пальцаў, а потым пачаў лаяцца і размахваць рукамі так, што разьбіў сьвяцільнік. Таму яго паклалі на падлогу і надзелі кайданкі. Паводле міліцыянтаў, Філіп нібыта сказаў, што «Аляксандар Лукашэнка — гэта сіла цемры, а міліцыянты — гэта Лукашэнкавы халуі і прыхвасьні».

Пры гэтым міліцыянты блыталіся ў паказаньнях. Напрыклад, яны не адказалі на пытаньне судзьдзі Людмілы Лапо, чаму малады чалавек прайшоў дактыляскапію, па словах міліцыянтаў, недзе ў 17:30, а толькі а 20 гадзіне яго прывялі ў дзяжурную частку. І там на яго склалі пратакол за тое, што ён лаяўся матам, размахваў рукамі. Дзе быў хлопец цягам гэтых дзьвюх з паловай гадзін?

Судзьдзя: «Дзе ён знаходзіўся да 20 гадзін? У 20 гадзін яго зьмясьцілі ў дзяжурную частку».

Доўнар: «Чаму? Яго адразу зьмясьцілі ў дзяжурную частку».

Судзьдзя: «І там дактыляскапаваньне праводзілі?»

Доўнар: «Яго адразу ж дактыляскапавалі».

Судзьдзя: «У дзяжурнай частцы?»

Доўнар: «Не. У кабінэце № 6».

Філіп Кірдун заявіў, што нават ня ведае абразьлівых словаў, пра якія кажуць міліцыянты. А адбіткі пальцаў у яго ўзялі гвалтам, калі ягоныя рукі былі заведзеныя за сьпіну, у кайданках, а ногі засунутыя пад рукі. Гэта так званая поза ластаўкі, калі цела ўтварае нібы кола. Яго зьбівалі, а ў гэтай позе ён праляжаў больш за дзьве гадзіны на падлозе. Падчас працэсу ў судзе Філіп лёг на падлогу і перад судзьдзёй прадэманстраваў гэтую позу. Таксама міліцыянты не змаглі ясна адказаць на пытаньне адвакаткі, чаму хлапец нібыта здаў адбіткі добраахвотна, але яму не прапанавалі памыць рукі.

Прысутны на судзе юрыст Сяргей Луканін перакананы, што гэта быў гвалт над маладым вернікам, якому надзелі кайданкі і якога перад судом зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна.
Прэзыдэнт сустракаўся з каталіцкімі і праваслаўнымі герархамі і казаў, што ў нас усё добра ў рэлігійным стане, і ў гэты самы час міліцыянты зьдзекаваліся зь верніка

«Гэта зрабіла на мяне вялікае ўражаньне. Менавіта ўчора па тэлевізары бачыў, як прэзыдэнт краіны сустракаўся з каталіцкімі і праваслаўнымі герархамі і казаў, што ў нас усё добра ў рэлігійным стане. І ў гэты самы час міліцыянты зьдзекаваліся зь верніка, з адданага Хрысту маладога чалавека. Калі бачыць гэтую крывадушнасьць у нашай краіне, канечне, усё, што я магу рабіць, гэта клікаць да Бога, каб нешта памянялася ў нашай краіне. Малады чалавек — баптыст, хрысьціянін, і дзеля сваіх рэлігійных перакананьняў адмаўляўся праходзіць дактыляскапію. Але міліцыянты прымусілі яго гэта зрабіць, прымяняючы фізычную сілу. Паводле Філіпа Кірдуна, міліцыянты ад самага пачатку пачалі сябе вельмі жорстка паводзіць, а потым і зьдзекавацца з хлопца».

Філіп Кірдун — зь сям’і вернікаў, яго бацькі — служыцелі царквы, у іх дзевяць дзяцей. Паводле Сяргея Луканіна, зь яго боку немагчымая лаянка, бо гэта вялікі грэх. Ён сказаў, што таксама меў шматлікія праблемы і шмат разоў адмаўляўся ад дакталяскапіі таксама дзеля рэлігійных перакананьняў.

«Але калі мяне пяты раз затрымала міліцыя за тое, што я прапаведаваў Эвангельле на вуліцах Менску, і ў Цэнтральным РУУСе маёр спытаў, чаму я дагэтуль ня здаў адбіткі пальцаў — калі я сказаў, што ў мяне ёсьць свае рэлігійныя перакананьні, ён ня стаў мяне слухаць і адразу сказаў, што зараз мы будзем гвалтоўна цябе прымушаць да здачы гэтых адбіткаў. Мой выбар быў у той сытуацыі такі. Я не хацеў па сваім жаданьні браць удзел у гэтай справе, і калі мне пагражаў гвалт, я здаў адбіткі пальцаў, але напісаў, што гэтыя адбіткі здадзеныя пад пагрозай гвалту. Філіп у гэтым выпадку пайшоў далей, і гэтыя пагрозы адносна яго ператварыліся ў рэальнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG