Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дактыляскапія праз катаваньні


14 лістапада ў судзе Фрунзэнскага раёна сталіцы пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Філіпа Кірдуна, які адмовіўся праходзіць дактыляскапію.

23-гадовы Філіп Кірдун — са шматдзетнай сям’і вернікаў-баптыстаў, і па сваіх рэлігійных перакананьнях ён не хацеў здаваць адбіткі пальцаў. 12 лістапада Філіпа выклікалі ў гарадзкі аддзел міліцыі № 1 Фрунзэнскага раёна Менска быццам бы па пытаньнях ваенкамату. Калі хлопец прыехаў, аказалася, што яго хочуць прымусіць прайсьці дактыляскапію. Філіп адмовіўся і нагадаў, што яшчэ летась даваў пісьмовае тлумачэньне, што па рэлігійных перакананьнях ня будзе гэта рабіць.

Паводле слоў Філіпа, міліцыянты Аляксандар Бірчанка і Сяргей Доўнар спачатку яго запалохвалі, потым пачалі зьбіваць, закавалі ў кайданкі, паставілі на «ластаўку» і гвалтоўна зьнялі адбіткі пальцаў.

Пасьля дзьвюх гадзінаў зьдзекаў Філіп не адчуваў рук і ног. Хлопца кінулі ў ізалятар.

На наступны дзень бацькі Філіпа знайшлі зьбітага сына ў пастарунку і дамагліся, каб яго даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі. Там мэдыкі апрацавалі драпіны, але шпіталізаваць адмовіліся. Філіпа зьмясьцілі на Акрэсьціна быццам бы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

14 лістапада пачаўся судовы працэс. Як паведаміў Радыё Свабода юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, судзьдзя Людміла Лапо ўвесь час падкрэсьлівала, што Філіп Кірдун быццам бы парушыў закон. На што падсудны, прадэманстраваўшы драпіны і гематомы, запытаўся: «А як жа міліцыянты, што таксама парушалі закон?» Судзьдзя ўсё ж вырашыла выклікаць міліцыянтаў Бірчанку і Доўнара, якіх у панядзелак не знайшлі".

Працяг працэсу — 15 лістапада аб 11-й раніцы. Філіпа Кірдуна пакуль адпусьцілі дахаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG