Сем’ям загіблых лётчыкаў выплацяць страхоўку да сярэдзіны сьнежня

СУ-27 перад апошнім вылетам.

Вынікі расьсьледаваньня прычын катастрофы беларускага зьнішчальніка СУ-27 дагэтуль не абнародаваныя. Што новага ў справе?
Самалёт пад кіраваньнем палкоўнікаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча з Баранавіч разьбіўся пад польскім горадам Радам 29 жніўня. У сярэдзіне кастрычніка польскі бок перадаў у Менск вынікі расьсьледаваньня, якія праводзілі польскія сьледчыя. Тады ў міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што беларуская камісія па расьсьледаваньні катастрофы пасьля вывучэньня гэтых дакумэнтаў падвядзе і агалосіць канчатковыя вынікі. Калі гэта адбудзецца, запытаўся я сёньня ў прэсавага сакратара міністэрства абароны палкоўніку Вячаслава Раменчыка?

«Не магу пакуль назваць дзень, бо калі скажу, што на наступным тыдні ці празь дзень, гэта будзе толькі маё меркаваньне. Увогуле галоўнае не калі, а каб была вызначаная праўда».

Вячаслаў Раменчык патлумачыў, што ня можа ведаць, калі дакладна камісія завершыць працу і зноў паабяцаў, што адразу вынікі будуць агалошаныя.

Паводле палкоўніка Раменчыка неўзабаве сем’і загіблых лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча атрымаюць страхоўкі.

«Як патлумачылі страхоўшчыкі, да сярэдзіны сьнежня яны зробяць усе выплаты. Мы патрэбныя дакумэнты ў страхавую кампанію даслалі».

Самалёт СУ-27 і жыцьці беларускіх лётчыкаў перад вылетам у Польшчу былі застрахаваныя ў страхавой кампаніі «Прамтрансінвэст». Паводле зьвестак, кампанія выплаціць сем’ям па 30 тысяч даляраў. Кошт самалёта быў ацэнены ў 870 тысяч даляраў.

Беларускі зьнішчальнік СУ-27 разьбіўся падчас паказальнага палёту на лётным сьвяце пад горадам Радам. Паводле сьведак, беларускія лётчыкі у апошні момант адвярнулі самалёт, які падаў, у бок ад жылых пабудоваў. У афіцыйных беларускіх мэдыях ад пачатку фігуравала вэрсія, што ў рухавік самалёту трапіла птушка. Між тым, як мяркуюць некаторыя адмыслоўцы, аварыя адбылася з-за памылкі лётчыкаў.