На МТЗ вывучаюць антыкрызісную праграму АДС

Дзьве тысячы асобнікаў газэты “Народная воля”, у якой надрукаваная антыкрызісная праграма Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і камэнтары да яе, распаўсюдзілі на праходнай Менскага трактарнага заводу актывісты АГП.

Старшыня Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька, які разам з чатырма таварышамі ўдзельнічаў у гэтай акцыі, расказаў “Свабодзе”:

“Мы прыехалі на прахадную а палове сёмай раніцы. Тут нас ужо чакалі прадстаўнікі службы бясьпекі прадпрыемства. Яны сказалі: нам паведамілі пра вашу акцыю яшчэ ў тры гадзіны ночы. Таму раім вам нічога тут не рабіць. Але мы пачалі раздаваць газэты. А калі пад’ехала міліцыя, то рабочыя за нас заступіліся. І таму міліцыянты захапілі толькі Сяргея Клюева, ды і таго хутка адпусьцілі, нават не складалі пратакол затрыманьня..

2000 асобнікаў мы раздалі за паўгадзіны. Людзі не тое што бралі газэту, а літаральна выхоплівалі з рук, каб ім дасталіся гэтыя нумары. А калі забралі Сяргея, то дзьве жанчыны-работніцы прадпрыемства пачалі дапамагаць нам раздаваць “Народную волю”. Адчуваньне такое, што людзі вельмі незадаволеныя сваім цяперашнім жыцьцём”.