Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусаў хочуць паставіць на калені”


Менск выставіў ультыматум Крамлю: альбо спыненьне гандлёвай вайны альбо няўдзел Беларусі ў сілах калектыўнага рэагаваньня АДКБ.

З нагоды рашэньня беларускага кіраўніка ня ехаць на саміт АДКБ ў Маскву прэсавая служба А. Лукашэнкі апублікавала вялікі камэнтар. У ім заяўлена, што Расея, пачаўшы гандлёвую вайну, спрабуе зьнішчыць эканоміку Беларусі , што зьяўляецца асновай бясьпекі.

З камэнтару таксама вынікае, што Беларусь канчаткова не дала дабро на свой удзел у Калектыўных сіл хуткага рэагаваньня АДКБ:

“Мы гатовыя пагадзіцца з фарсіраваньнем падпісаньня адпаведнага пагадненьня, хоць яно і не ўяўляецца нам дастаткова прапрацаваным, толькі дзеля таго таго, каб не тармазіць рух у бок падвышэньня патэнцыялу арганізацыі. Беларусь вядомая як пасьлядоўны прыхільнік узмацненьня АДКБ, і мы ня маем намеру адмаўляцца ад гэтай пазыцыі. Але разам з тым нельга забываць, што паняцьце калектыўнай бясьпекі зьяўляецца комплексным. Усе яе аспэкты павінны гарманічна разьвівацца. Таму належнай умовай сумеснай вайсковай бясьпекі зьяўляецца ўмацаваньне эканамічнай бясьпекі краін-удзельніц АДКБ.

Аксіёмай зьяўляецца тэза пра тое, што эканоміка служыць фундамэнтам нашай агульнай бясьпекі. Аднак калі бліжэйшы саюзьнік Беларусі ў АДКБ спрабуе, цалкам усьведамляючы гэта, зьнішчыць гэтую аснову, фактычна паставіць беларусаў на калені, -- як у такой сытуацыі можна казаць пра ўмацаваньне калектыўнай бясьпекі на агульнай прасторы Арганізацыі?”

Дзеяньні Расеі прэсавая служба А. Лукашэнкі назвала “гандлёвай вайной супраць Беларусі” і зрабіла выснову: “без пераадоленьня нездаровых тэндэнцыяў у эканамічнай галіне нельга далей рухацца па шляху ўмацаваньня калектыўнай бясьпекі”.

Такім чынам Менск робіць Маскве ультыматум: калі тая ня спыніць гандлёвыя войны супраць Беларусі, апошняя адмовіцца ўдзельнічаць у Калектыўных сілах хуткага рэагаваньня АДКБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG