Лукашэнка выказаў спачуваньні ў сувязі зь сьмерцю Алякcія ІІ

  • БелаПАН
Аляксандар Лукашэнка ад імя беларускага народу й сябе асабіста выказаў спачуваньні Сьвятарнаму сыноду Рускай праваслаўнай царквы й усім праваслаўным у сувязі зь смерцю патрыярха Маскоўскага й усяе Русі Аляксія ІІ.

“Гэта незаменная страта для праваслаўнага сьвету напоўніла нашыя сэрцы глыбокім смуткам, — цытуе Аляксандра Лукашэнку прэсавая служба кіраўніка дзяржавы. — Усё жыцьцё яго сьвяцейшаства было аддадзенае служэньню Богу й людзям. Патрыярх Аляксій ІІ — найвялікшая гістарычная постаць, чалавек шчырай веры й малітвы, асабліва шанаваны прадстаяцель царквы для мільёнаў праваслаўных вернікаў”.

Аляксій ІІ, адзначаецца ў пасланьні, “з бацькоўскай увагай ставіўся да Беларусі, быў для нас духоўным настаўнікам і верным сябрам”. “Зь цеплынёй і сардэчнай удзячнасьцю я згадваю нашыя шматгадовыя сяброўскія дачыненьні й апошнюю сустрэчу ў Менску месяц таму. Пастырскае слова сьвяцейшага, ягоная падтрымка й малітвы заўжды былі для мяне апірышчам”, — адцеміў Лукашэнка.

Прэзыдэнт таксама выказаў спачуваньні свайму расейскаму калегу Дзьмітрыю Мядзьведзеву й усім расейцам.

“Беларусь карысталася асаблівай пастырскай увагай Аляксія ІІ, з дабраслаўленьня якога зьдзейсьнена шмат богаўгодных спраў на нашай зямлі. Мы страцілі шчырага сябра, які зрабіў неацэнны ўнёсак у справу ўмацаваньня беларуска-расейскага адзінства”, — гаворыцца ў пасланьні.