Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх эпохі перабудовы


Патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Аляксій ІІ (справа) і Барыс Ельцын (другі зьлева) гутараць з дэлегатамі другога кангрэсу дэпутатаў Савецка Саюзу
Патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Аляксій ІІ (справа) і Барыс Ельцын (другі зьлева) гутараць з дэлегатамі другога кангрэсу дэпутатаў Савецка Саюзу
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ памёр у сваёй рэзыдэнцыі ў Перадзелкіне. Пра гэта паведамілі ў Маскоўскім патрыярхаце. Якой была роля Аляксія ІІ у дзейнасьці Рускай праваслаўнай царквы, у адносінах з Ватыканам, у дачыненьнях зь іншымі канфэсіямі?

Кіраўнік аддзелу адукацыі Менскай эпархіі, айцец Аляксандар Шымбалёў перакананы, што патрыярх меў выключныя заслугі ў справе захаваньня цэласнасьці царквы:

“Аляксій ІІ — гэта чалавек вельмі мудры, вельмі добры, вельмі паважаны. Ягоныя думкі і дзеяньні заўсёды былі накіраваныя на тое, каб прывесьці царкву да згоды, каб не дазволіць пашырыцца ў царкве розным плыням, якія б вялі да расколу. Бо ёсьць розныя думкі ў розных людзей. І вось кіраваньне Аляксія ІІ і было скіравана на тое, каб захаваць гэтую еднасьць царквы. Каб царква ўсё ж такі засталася адзінай.

Аляксій ІІ кіраваў царквой такім чынам, што вялікую павагу ён меў
Гэта чалавек шляхетны, гэтую шляхетнасьць ён захаваў і ў сваёй дзейнасьці распаўсюджваў.
таксама і ад прадстаўнікоў многіх іншых канфэсій. Мы бачым, што зь вялікім шанаваньнем да Аляксія ІІ ставіліся і прадстаўнікі каталіцкай царквы, і пратэстанцкай, і лютэранскай, і прадстаўнікі ісламу. Гэта чалавек шляхетны, ён паходзіў са шляхецкага роду Рыдыгераў, і вось гэтую шляхетнасьць ён захаваў і ў сваёй дзейнасьці таксама распаўсюджваў”.

Сяргей Луканін
Сакратар пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін трымаецца думкі, што кіраваньне Аляксія ІІ было адзначана нэгатыўным стаўленьнем да іншых канфэсіяў:

“Стасункі паміж праваслаўнай царквой і пратэстанцкімі цэрквамі, на жаль, ня вельмі добрыя. На маю думку, стаўленьне да пратэстанцкіх цэркваў як да сэктаў ішло з Масквы. Бо Беларуская праваслаўная царква належыць да Маскоўскага патрыярхату. Я ведаю таксама, што нашы браты з Расеі, я маю на ўвазе пратэстанцкіх хрысьціянскіх вернікаў, вельмі пакутавалі непасрэдна ад праваслаўнай царквы, ад стаўленьня да іх як да сэктантаў. На жаль, нашы праваслаўныя браты, бо мы іх лічым за братоў, ня лічаць, што мы насамрэч зьяўляемся хрысьціянамі. І я думаю, што кіраўніцтва праваслаўнай царквы, яе непасрэдны кіраўнік ня толькі мог ведаць пра гэта, але і мог натхняць такое стаўленьне. Я не зьбіраюся вінаваціць асабіста Аляксія ІІ, бо гэта сыстэма, зь якой усё стварылася”.

Рэдактарка каталіцкіх часопісаў “Наша вера” і ”Авэ Марыя” Хрысьціна Лялько лічыць, што Аляксій ІІ ніяк не спрыяў, каб збліжаліся дзьве братнія хрысьціянскія царквы.

“Я ніколі не глядзела на гэтую асобу з замілаваньнем. Глядзела з павагай, бо гэта патрыярх, чалавек, які ўзначальвае такую вялікую, братнюю нам царкву. Гэта служэньне вельмі адказнае, вельмі сур’ёзнае, вельмі вялікае служэньне і ахвярнае. Гэта ўсё так. Але, на вялікі жаль,
Гэтая асоба ніяк не спрыяла, каб збліжаліся дзьве братнія хрысьціянскія царквы.
гэтая асоба ніяк не спрыяла, каб збліжаліся дзьве братнія хрысьціянскія царквы, дзьве вялікія хрысьціянскія канфэсіі, два крылы, на якіх хрысьціянства ўздымаецца ў свае вышыні. На вялікі жаль, не было такога спрыяньня, каб яны наблізіліся да сябе. Але ж гэта не такі дзень, калі пра гэта варта згадваць. Таму няхай Бог дае яму шчасьлівую вечнасьць: адпрацаваў, адслужыў. Бог разьбярэцца з усім гэтым”.

Палітоляг, вернік пратэстанцкай царквы Ўладзімер Мацкевіч кажа, што Аляксій ІІ узмацніў кансэрватыўную лінію ў праваслаўі.

“Аляксій ІІ ня быў вельмі прагрэсіўным патрыярхам. Ён якраз узмацніў кансэрватыўную лінію ў праваслаўі, хоць у адносна сучаснай афарбоўцы, аддаючы ўвагу сацыяльным праблемам, палітычным дачыненьням Рускай праваслаўнай царквы зь іншымі канфэсіямі. Пры ім адбылося „пацяпленьне“ стасункаў з Рускай праваслаўнай царквой у замежжы. Словам, ягоны ўнёсак у аб’яднаньне праваслаўя досыць значны. Таму трэба аддаць чалавеку належную павагу, тое, што і павінна быць аддадзенае. Але ж таксама адзначыць, што наступнаму патрыярху давядзецца вырашаць праблему, як прымірыць кансэрватыўныя і нават архаічныя плыні праваслаўя з сучаснасьцю. І як зрабіць Рускую праваслаўную царкву адпаведнай тым зьменам у сьвеце, якія сёньня адбываюцца”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG