Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі беларускія ўлады зьняць абвінавачаньні з журналіста Андруся Козела


Андрусь Козел у судзе

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла выпадкі выдаленьня журналістаў і блогераў з выбарчых участкаў падчас мясцовых выбараў у Беларусі, а таксама заклікала зьняць абвінавачаньні з Андруся Козела, якога маюць судзіць за «непадпарадкаваньне міліцыі», піша БелаПАН.

У заяве адзначаецца, што арганізацыя расцэньвае выдаленьні журналістаў з выбарчых участкаў як наўмысную цэнзуру. Таксама адзначаюцца перашкоды ў працы прэс-цэнтру кампаніі «Права выбару», які адсочваў парушэньні на выбарах і ў тым ліку выдаленьні журналістаў з участкаў.

Асобна згадваецца выпадак з Андрусём Козелам — даверанай асобай аднаго з кандыдатаў на выбарах і апэратара «Белсату». Козела ў дзень выбараў на ўчастку, паводле сьведак, зьбілі чацьвёра міліцыянтаў, разьбілі ягонай галавой шкло ў дзьвярах, з акрываўленай галавой даставілі ва ўчастак, затым на ноч пакінулі ў турме на Акрэсьціна — за тое, што ён нібыта чыніў «актыўнае непадпарадкаваньне» міліцыянтам, калі тыя нібыта законна выдалялі яго з участку за «недазволеныя» здымкі. Суд над Козелам пачаўся на наступны дзень па затрыманьні, але справу накіравалі на дапрацоўку, а Козела адпусьцілі на волю.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна зьняць абвінавачаньні з Андрэя Козела і правесьці непрадузятае расьсьледаваньне па факце непрымальнага гвалту, які ён зазнаваў, а таксама па іншых парушэньнях свабоды распаўсюду інфармацыі падчас галасаваньня», — пішуць у заяве «Рэпартэры бязь межаў».

У рэйтынгу свабоды прэсы, што складае арганізацыя, Беларусь заняла ў 2017 годзе 153 месца са 180 краін, у рэйтынгу Freedom House Беларусь на 175 месцы з 200. У нядаўнім дакладзе Amnesty International адзначала сярод шэрагу парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі таксама ціск на незалежных журналістаў, шматлікія штрафы і зьняволеньні супрацоўнікаў СМІ.

Шуневіч падзякаваў міліцыянтам за парадак на мясцовых выбарах. Пабілі толькі аднаго назіральніка

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG