Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці слова #жэстачайшэ — галоўны беларускі мэм? ВІДЭА


жэстачайшэ
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:07:10 0:00

Ці чулі нашыя вулічныя суразмоўцы слова „жэстачайшэ“? Рэакцыя на бяскрыўднае пытаньне чамусьці вельмі эмацыйная.

І яўна ў іхнай моўнай памяці ўсплывала не асацыяцыя з расейскай клясычнай літаратурай XVIII стагодзьдзя, калі Трэдзьякоўскі крытыкаваў Сумарокава за „неупотребительное слово“ жесточе“ на месцы прынятага ўжо тады „жесточайше“.

Ды і паўтараюць за кімсьці яўна зь нерасейскай фанэтыкай:

— Жэстачайшэ!

Але даволі рашуча адмяжоўваюцца ад падступнага слоўца:

— Мы не используем его.
— А чаму вы яго не выкарыстоўваеце?
— Не знаем...
— Выкарыстоўваеце такое слова ў сваім жыцьці?
— Вельмі рэдка.
— А чаму?
— А зачем?..
— Не, не выкарыстоўваем у жыцьці!

А дзе ж чулі?

Цьвёрда трымаюцца юнакі (і дзяўчаты) на дапросе:

— На ўроках. Напэўна, на... на гісторыі!
— Настаўнікі так кажуць?
— Не, у падручніках...

Ды няма гэтага слова ў беларускіх падручніках. Мо агульная атмасфэра вымушае прыпамінаць яго?

— Ну дзе вы яго чулі?
Ну-у... Па тэлебачаньню...На аўдыёзапісах таксама было.

Што за аўдыёзапісы? Мо ютубаўскія ролікі ці такія вось „коўбы“? Але нарэшце маем упэўненую спасылку на крыніцу:

— Хто яго выкарыстоўвае, як?
— Аляксандар Лукашэнка!

Ключык да ўсіх праблемаў

У расейскай інтэрнэт-прасторы гэтае слоўца лічыцца асноўным беларускім мэмам.

„Я прошу то, что я сейчас обозначил, иметь это как жэстачайшэе указание к вашей работе. Повторения больше не будет“.

Гэта разнос чыноўнікаў у кастрычніку 2017 году за высяканьне дрэваў пад забудову ў гарадах. Праўда, і надалей у Менску пасьпяхова сякуць дрэвы — скажам, на вуліцы Сердзіча пад новы будынак для пракуратуры, міліцыі і г. д.

Менск, вуліца Д. Сердзіча. Высякаюць дрэвы пад будынак міліцыі. 4 траўня 2018 г.
Менск, вуліца Д. Сердзіча. Высякаюць дрэвы пад будынак міліцыі. 4 траўня 2018 г.

Але калі слова „жэстачайшэ“ зьвернутае не да чыноўнікаў, а да людзей, яно імгненна напаўняецца сваім першасным і вельмі злавесным зьместам. Пасьля памятнага 19 сьнежня 2010 году аўтар мэму прызнаўся, што загадаў так званым сілавікам:

„Я просил этих военных не поддаваться на провокации. Но если будут плевать в морду — действовать жэстачайшэ!“

Палітолягі адзначаюць асаблівую ролю гэтага слова ў фармаваньні вобразу ўлады:

„Яго фірмовае «жэстачайшэ» з характэрным вымаўленьнем выглядае адлюстраваньнем палітычнага мысьленьня і кіраўніцкага стылю“. (А. Класкоўскі)

Нежэстачайшы Жыґімонт

Адкуль архаічнае жорсткае расейскае слова прыйшло ў лексычны запас А. Лукашэнкі — няма ведама. Але цікава параўнаць яго з характэрнай лексыкай кіраўнікоў Беларусі розных эпох.

Да нас не дайшлі стэнаграмы-фанаграмы, ня ведаем даслоўна, што казаў Жыґімонт ІІІ у сваіх прамовах, але пісаныя ад яго імя артыкулы Статута 1588 году маюць зусім іншыя ключавыя словы:

Арт. 28, пра абарону гонару:
Каму бы шло а чэсьць, яка борзда [як мага хутчэй] справядлівасьць учынена быці маець

Арт. 30, аб нябраньні мыта:
...шляхце ў том панстве нашам даем тую вольнасьць ... прадаваці праўдзівае яго збожжа
(Статут Вялікага Княства Літоўскага1588 г., разьдзел 1)

Справядлівасьць учыніці, даем вольнасьць — такія ці не найчасьцейшыя словы манарха, і гэта пры відавочнай жорсткасьці, акрутнасьці тае эпохі.

Статут ВКЛ 1588 г.
Статут ВКЛ 1588 г.

Акурат для беларускага лягапэда

У слове „жэстачайшэ“ тры шыпячыя гукі. Адзін па-беларуску вымаўляецца зусім ня так, як па-расейску: гэта [Ч] „зацьвярдзелы“. А два іншыя — [Ж] і [Ш] — у расейскай мове таксама цьвёрдыя, але ў беларускай усё ж цьвярдзейшыя, за кошт асаблівага напружаньня сьпінкі языка. Вось бы прымусіць лягапэдаў браць фанаграму слова ў першавыкананьні для пастаноўкі беларускага вымаўленьня зычных — жэстачайшэ прымусіць, вядома ;)

Але ці беларускае ў цэлым гэтае слова?

— Як вы лічыце, па-беларуску правільна казаць „жэстачайшэ“?
— Да.
— Сматра к чему оно относится. Інагда может быть и да.
— Ну ня вельмі, напэўна.

Так, ня вельмі. Падазраю, што нашыя ўсходнія суседзі лічаць слова беларускім, але гэта ж тыповы ўзор моўнай інтэрфэрэнцыі — трасянкі: калі форма расейская, а артыкуляцыя, інтанацыя беларуская.

Неперакладальная гульня слова

Таму просім суразмоўцаў перакласьці „жэстачайшэ“ на беларускую мову.

Мабыць, такога няма. Няма.
Жастачайшэ... Мне кажется, нет.
Жэрстачайшэ... Жарстачайша, мабыць.

У расейскай мове формы на -ейш- (-эйш-) — гэта найвышэйшая ступень (превосходная степень) параўнаньня. У беларускай мове такая ступень утвараецца іначай, з прыстаўкай най-:

хуткі — найхутчэйшы (спартсмэн), найхутчэй (прабег дыстанцыю)

І нашыя рэспандэнты сумленна спрабуюць гэта ўспомніць:

Насколько я помню, там совершенная форма… там „найжэстачайшэ“.

Але ж у нас корань іншы.

А, на беларускую мову перакласьці?Жорсткі.
Найбольш жорстка?..
Вельмі жорстка!

Так, простыя, аднаслоўныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнаньня ад жорстк-і звычайна не ўтвараюцца (хоць граматычна могуць). Відаць, для беларускага мэнталітэту жорсткасьць сама па сабе рэч надзвычайная і дадатковай градацыі не патрабуе.

Праўда, маем вялікі сынанімічны шэраг:

бязьлітасны
няшчадны
люты
бяздушны
бессардэчны
неміласэрны

няўмольны
бесспагадны
нечалавечы
нялюдзкі
зьверскі
акрутны

Бальшыня літаратурных прыкладаў, якія на гэтыя словы падабраў укладальнік слоўніка сынонімаў Міхась Клышка, зьвязаныя з вайной ці з чужацкай уладай.

Таму мо і добра, што пры ўсёй яскравасьці сёньняшняму слоўцу наканавана застацца пазнакай, маркерам аднае асобы:

А ці выкарыстоўвае моладзь яго ўвогуле зараз ці не?
Я только по телевизору слышу, по беларусским каналам, выступления Лукашенко, там он часто такое слово говорит. Оттуда и помню.

Вось жа ёсьць спадзеў, што мэм, несумяшчальны зь беларускай філязофіяй агульнага дабра, кіраваньня праз паразуменьне і кампраміс ды грамадзкага ладу, адыдзе ў гістарычны нябыт.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG