Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацбол» і баявік. Хто такі беларус Ігар Шчука, арыштаваны за падпал помніка Ельцыну ў Расеі


Ігар Шчука, архіўнае фота
Ігар Шчука, архіўнае фота

У расейскім Екацярынбурзе 7 лістапада аблілі бэнзінам і падпалілі помнік першаму прэзыдэнту Расеі Барысу Ельцыну. Як паведамляе незарэгістраваная партыя «Другая Россия», за падпал быў затрыманы 30-гадовы актывіст Нацыянал-бальшавісцкай партыі Ігар Шчука родам зь беларускага Салігорску.

Паводле «Інтэрфаксу», Ігара Шчуку зьбіраюцца судзіць за «вандалізм» – яму пагражае да трох год абмежаваньня ці пазбаўленьня волі, цяпер ён знаходзіцца пад вартай.

Помнік Барысу Ельцыну ў Екацярынбурзе, архіўнае фота
Помнік Барысу Ельцыну ў Екацярынбурзе, архіўнае фота

Ваяваў на Данбасе

Раней у Беларусі супраць Шчукі распачалі крымінальную справу за ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы – ён ваяваў на Данбасе на баку прарасейскіх баевікоў. Пра свой удзел у ваенных дзеяньнях ён распавядаў і Свабодзе, называў сябе «палявым камандзірам». «Другая Россия» сьцьвярджае, што Шчука на Данбасе займаўся «гуманітарнай дапамогай» і «журналісцкай дзейнасьцю».

Пазьбег службы ў войску

Некалькі гадоў таму Шчуку, якога ня раз затрымлівалі ў Расеі за ўдзел у акцыях нацыянал-бальшавіцкай партыі, спрабавалі прымусова забраць у беларускае войска. Тады ён падаваў гэта як сумесную апэрацыю беларускіх і расейскіх спэцслужбаў з мэтай ізаляваць яго ад палітычнай дзейнасьці. Урэшце ў яго знайшлі гепатыт і камісавалі.

Зьбіраўся адмовіцца ад беларускага грамадзянства

Шчука раней казаў, што зьбіраецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства, але ці зрабіў ён гэта, невядома.

Маці Ігара Жана Міхайлаўна кажа Свабодзе, што сын зь ёй даўно не размаўляў, таму пра грамадзянства яна ня ведае, але кажа, што ён, верагодна, яшчэ меў беларускую прапіску. Адвакатка Шчукі на тэлефанаваньні не адказвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG