Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі затрымліваць удзельнікаў пікету за дэкрыміналізацыю марыхуаны?


Пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны, 2 красавіка
Пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны, 2 красавіка

Актывіст і прадпрымальнік Алесь Таўстыка быў затрыманы ўдзень 3 красавіка, паведаміў на Facebook актывіст Вячаслаў Касінераў. «Людзі ў цывільным» пільнуюць яго пад вакном, «былі званкі ў дзьверы», піша ён.

Вячаслаў Касінераў зьвязвае затрыманьне Таўстыкі і «сіні бусік» пад вакном з учорашнім пікетам перад Домам ураду за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў.

Абноўлена: Вячаслава Касінерава затрымалі а 16-й гадзіне, напісала ў сваім фэйсбуку жонка актывіста Марына Насенка.

Ініцыятары пікету, актывісты «Дзеі» Пятро Маркелаў і Стась Шашок паведамілі Свабодзе, што яны на волі, але не выключаюць, што могуць быць затрыманыя.

Абноўлена: паводле інфармацыі Стася Шашка, Пятро Маркелаў магчыма таксама затрыманы. Маркелаў выехаў на сустрэчу, пасьля чаго зь ім абарвалася сувязь, на сустрэчу Маркелаў не даехаў. На момант публікацыі тэлефон Пятра Маркелава недасяжны.

***

Крымінальны артыкул 328 «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» прадугледжвае пазбаўленьне ці абмежаваньне волі з максымальным тэрмінам да 20 гадоў. Па інфармацыі руху «Маці 328», на сёньняшні дзень у месцах пазбаўленьня волі адбываюць пакараньні паводле крымінальнага артыкула 328 каля 15 тысяч чалавек.

Пэтыцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў на партале petitions.by сабрала больш за 1400 подпісаў. Паводле Пятра Маркелава, на папяровых носьбітах сабралі больш за 600 подпісаў. У пэтыцыі прапануецца ўвесьці азначэньне малой колькасьці для кожнага зь лёгкіх наркотыкаў і адмяніць крымінальную адказнасьць за абарачэньне «кантраляваных рэчываў» у малой колькасьці.

У шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку суседняй Польшчы, дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Дзе-нідзе, як то ў Грузіі, дазволена ўжываць і захоўваць малыя дозы марыхуаны.

Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага), марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на цяжэйшыя наркотыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG