Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Re1ikt запісаў песьню на прозу Міхася Зарэцкага, расстралянага ў 1937-м. Аўдыё


Міхась Зарэцкі

Беларускі рок-гурт Re1ikt прадставіў на Tuzin.fm песьню «Пра чорныя вочы», напісаную паводле апавяданьня Міхася Зарэцкага пад назвай «Паэма пра чорныя вочы» ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія». Жывая прэм’ера песьні адбудзецца на прэзэнтацыі праекту 29 кастрычніка.

Нягледзячы на назву, твор Зарэцкага не вершаваны. Музыкі пераказваюць яго не даслоўна, але ўсе словы і выразы ў песьні ўзятыя з твору.

«Гэта неспакойная літаратура, якая заахвочвае зрабіць нырок у сьмерч пачуцьцяў і нэрвова запарваць зёлкі перад сном, — кажа лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка. — Калі чытаеш ягоныя творы, то ажно сэрца пачынае біцца мацней, нібыта апынаесься там, побач зь героямі, ці становісься нават адным зь герояў. Раю пачытаць „Паэму пра чорныя вочы“ ды іншыя апавяданьні, каб самім у гэтым пераканацца».

Музыка шкадуе, што ў межах праекту нельга было зрабіць маштабную агучку да твору, як тое зрабілі зь фільмам «У агні народжаныя» паводле сцэнару Анатоля Вольнага, расстралянага НКВД у тую жа «чорную ноч», што і Зарэцкі.

Міхась Зарэцкі, творамі якога энкавэдысты спачатку зачытваліся, а потым катавалі і забілі яго

Праект «(Не)расстраляная паэзія» ствараецца на народныя грошы, сума на выданьне зьбіраецца на сайце Talaka.by. На момант публікацыі сабрана 52% ад неабходных 15 тысяч рублёў. У праекце будзе 12 песень, якія засьпяваюць Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Vinsent, гурты Akute, Dzieciuki, TonqiXod і іншыя.

XS
SM
MD
LG