Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адказаў Мядзьведзеву, назваўшы яго «закаранелым сябрам». Экспэрт называе ўсё гэта «палітычнай перапалкай»


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі сёньня на нарадзе пра актуальныя пытаньні разьвіцьця краіны адказаў на выказваньні прэмʼера расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева 7 сакавіка падчас пасяджэньня кіраўнікоў урадаў краін, якія ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз, перадае БЕЛТА.

«Мяне больш за ўсё зьдзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзьведзева. Нас, дарэчы, ужо палохаць пачынаюць, што газ мы будзем прыродны купляць па эўрапейскіх коштах. Тыпу таго, што будзеце плаціць не 150 даляраў, а 200. Гэта, ведаеце, падобна да таго, што намёк усім — у Расеі перш за ўсё, і ў Беларусі, — што мы зьяўляемся нахлебнікамі ў Расеі, вось, бачыце. Або яны нам робяць нейкі падарунак», — абураўся Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі папярэдзіў расейскага прэмʼера, што калі справа дойдзе да гэтага, то і ён выставіць рахункі Маскве:

«Мядзьведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Эўропе, то і яму таксама прыйдзецца за сёе-тое заплаціць. І кошт будзе неймаверна вышэйшы, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасьць рускіх людзей і расейцаў думаюць і разумеюць, што нашы адносіны з Расеяй — гэта не бухгальтэрыя.

Бухгальтэрыя — тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзьведзеву, — не павінна ляжаць у аснове нашых адносін», — сказаў беларускі лідэр.

«Ні Масква, ні Менск ня хочуць саступаць адно аднаму», — камэнтуе гэтыя выказваньні Свабодзе доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. — Мне падаецца, тут больш рацыі ў расейцаў, якія заяўляюць, што нельга ў аднабаковым парадку парушаць дамову аб коштах на газ.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Але Лукашэнка не саступае таму, што існуе даволі істотная залежнасьць Расеі ад Беларусі. Вядома, яна пераважна палітычная. Але ж яе таксама можна перавесьці ў бухгальтэрыю. У Лукашэнкі ёсьць парачка сваіх козыраў.

Першы — два вельмі важныя для Расеі вайсковыя абʼекты на тэрыторыі Беларусі. І Лукашэнка можа выставіць Крамлю рахунак. Гэтаксама як Назарбаеў атрымлівае грошы за Байканур. Калі параўноўваць сытуацыю, то можна ўпэўнена казаць, што Масква будзе вымушана плаціць грошы за карыстаньне абʼектамі ў памеры некалькі сотняў мільёнаў даляраў.

Другі козыр — тэрыторыя Беларусі як транзыт для расейскіх грузаў, нафты, газу. Хоць Расея і будуе абходныя шляхі, але пакуль безь беларускага транзыту, уключаючы чыгунку, ёй не абысьціся.

Расейцы ведаюць пра гэтыя козыры. Але ж не саступаюць. Таму пакуль гэта можна назваць палітычнай перапалкай. Аднак бакам, на мой погляд, давядзецца дамаўляцца. Так будзе лепей і для Масквы, і для Менску. Аднак умовы прадыктуе ўсё ж Крэмль. У яго козыраў яшчэ болей, чым у Лукашэнкі. Думаю, што 600 мільёнаў даляраў запазычанасьці за газ вярнуць давядзецца. Аднак Масква можа дазволіць адтэрміноўку вяртаньня. А можа, Беларусь нават вытаргуе і льготны крэдыт менавіта на гэтыя мэты».

Як ужо паведамляла Свабода, Мядзьведзеў у Бішкеку пагражаў ростам цэнаў на газ тым, хто захоча выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Давайце проста, бяз хітрыкаў: калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага Саюзу або выйшлі б зь яго, яны куплялі б цяпер газ па эўрапейскіх цэнах... І ня трэба нічога даказваць і практыкавацца ў падліках, усё было б значна даражэйшае. І, урэшце, тут ніхто нікога сілком не трымае. Мы з вамі разумеем — мы добраахвотна гэтае абʼяднаньне стварылі», — падкрэсьліў ён.

Беларусь і Расея ўжо больш за год ня могуць узгадніць умовы пастаўкі газу з прычыны рознага падыходу да пытаньняў цэнаўтварэньня. На фоне неплацяжоў Беларусі Масква скараціла пастаўкі нафты ў рэспубліку. А днямі «Газпром» павысіў цану на газ для Беларусі да 141 даляра за тысячу кубамэтраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG