Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў пра Эўразійскі саюз: «Тут ніхто нікога сілком не трымае»


Кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэм'ер-міністры Расеі і Беларусі жорстка выказваліся ў Бішкеку. Мядзьведзеў пагражае ростам цэнаў на газ тым, хто захоча выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу; Кабякоў цьвердзіць, што непаразуменьні з Расеяй «фундамэнтальна ўплываюць на шматбаковыя дачыненьні».

Кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў сёньня ў Бішкеку, дзе праходзіць пасяджэньне міжурадавай рады ЭАЭС, заклікаў удзельнікаў гэтай міжнароднай структуры не практыкавацца ў падліках цэнаў на расейскі газ:

Усё было б значна даражэйшае

«Давайце проста, бяз хітрыкаў: калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага Саюзу або выйшлі б зь яго, яны куплялі б цяпер газ па эўрапейскіх цэнах... І ня трэба нічога даказваць і практыкавацца ў падліках, усё было б значна даражэйшае», — заявіў расейскі прэм’ер.

Ён адзначыў, што краіны, якія ўваходзяць у ЭАЭС, за апошнія гады нарасьцілі фізычны аб’ём экспарту на расейскі рынак, усе атрымалі значныя льготы ў энэргетычным супрацоўніцтве, рынак працы стаў абсалютна адкрытым, рэальна разьвіваецца прамысловая каапэрацыя.

Экспэрты лічаць, што Мядзьведзеў у сваёй прамове найперш меў на ўвазе Беларусь, чыя запазычанасьць за расейскі газ ужо дасягнула 660 мільёнаў даляраў.

Кіраўнік беларускага ўраду Андрэй Кабякоў, які выступаў пасьля свайго расейскага калегі, заявіў, што афіцыйны Менск вельмі заклапочаны неўрэгуляванасьцю газавай спрэчкі з Расейскай Фэдэрацыяй:

Сёньня не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база з Расеяй

«Мы вымушаны канстатаваць, што сёньня не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база з Расеяй, якая была створана не ў адрыве, а якраз у цеснай узаемасувязі з шматбаковымі дамоўленасьцямі ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Прычым праблемы ў двухбаковых дачыненьнях фундамэнтальна ўплываюць на наш удзел у шматбаковых інтэграцыйных працэсах», — падкрэсьліў беларускі прэм’ер.

Беларусь і Расея ўжо больш за год ня могуць узгадніць умовы пастаўкі газу з прычыны рознага падыходу да пытаньняў цэнаўтварэньня. На фоне неплацяжоў Беларусі Масква скараціла пастаўкі нафты ў рэспубліку. А днямі «Газпром» павысіў цану на газ для Беларусі да 141 даляра за тысячу кубамэтраў.

Толькі дзякуючы сяброўству ў ЭАЭС краіны, якія ўваходзяць у яго, карыстаюцца льготнымі цэнамі на газ, заявіў Дзмітрый Мядзведзеў у адрас краінаў, «якія спрабуюць заблякаваць інтэграцыйныя працэсы».

Як паведамляе Інтэрфакс, ён зазначыў:

«І ўрэшце, тут ніхто нікога сілком не трымае. Мы з вамі разумеем — мы добраахвотна гэтае аб’яднаньне стварылі», — падкрэсьліў ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG