Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры чалавекі за два тыдні памерлі пры падазроных абставінах у СІЗА ў анэксаваным Расеяй Сымфэропалі

СІЗА ў Сымфэропалі
СІЗА ў Сымфэропалі

Паводле зьвестак Крымскай праваабарончай групы, у красавіку ў СІЗА №1 у Сымфэропалі, што ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме, памерлі не сваёй сьмерцю ўжо чатыры чалавекі.

Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, 6 красавіка былі знойдзеныя павешанымі 69-гадовы Сэрвэр Білялаў і 46-гадовы Алег Ганчароў. 12 красавіка ў штрафным ізалятары знайшлі павешаным 23-гадовага Дзьмітрыя Шыпоўніка. 13 красавіка ў камэры-«карантыне» знойдзены зь перарэзаным горлам 39-гадовы Іслам Іскераў.

Праваабаронцы пішуць, што ня маюць праўдзівай інфармацыі аб прычынах сьмерцяў, але «вэрсіі пра самагубства можна разглядаць як малапераканаўчыя зь некалькіх прычынаў», мяркуюць яны. Білялаў мог разьлічваць на прыпыненьне крымінальнага перасьледу, Шыпоўнік меў быць пад пастаянным наглядам, Іскерава чакала пакараньне ад штрафу да толькі двух гадоў пазбаўленьня волі.

«Адсутнасьць рэакцыі з боку Сьледчага камітэту РФ і Пракуратуры РФ на пагрозу жыцьцю людзей у месцах пазбаўленьня волі дэманструе ня толькі нежаданьне Расеі выконваць міжнародныя стандарты, але і няздольнасьць расейскай акупацыйнай улады гарантаваць людзям, якія знаходзяцца пад ейным заступніцтвам і наглядам, права на жыцьцё і на павагу чалавечай годнасьці», — заяўляюць праваабаронцы.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG