Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ў ААН заклікала да больш жорсткіх санкцый супраць Расеі за анэксію Крыму


Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль

Санкцыі ў дачыненьні Расеі павінны быць узмоцненыя, заявіла 15 сакавіка на спэцыяльным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН па сытуацыі ў Крыме намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль.

«Неабходна нарошчваць дзейсныя шматбаковыя і двухбаковыя санкцыі... Украіна ўжо выказала рашучы пратэст Расейскай Фэдэрацыі наконт гэтых выбараў (выбары прэзыдэнта Расеі на тэрыторыі акупаванага Крыму. — Рэд.). Гэтыя выбары — яшчэ адзін выклік міжнароднай супольнасьці і ААН. Мы не павінны прымаць яшчэ адно парушэньне міжнароднага права. Мы павінны дзейнічаць разам, каб спыніць анэксію Крыму, і я заклікаю вас да дзеяньняў, узмацніць санкцыі супраць Расеі, ці ж актыўна заяўляць пра сябе ў ААН і на іншых плятформах», — заявіла Зеркаль.

«Расейскія акупацыйныя сілы не абмяжоўваюцца перасьледам асобных фізычных асобаў, прыгнятаюць актывістаў Мэджлісу, прадстаўнікоў легітымнага прадстаўнічага органа крымскіх татараў», — сказала Зеркаль.

15 сакавіка Рада Бясьпекі ААН праводзіць пасяджэньне па сытуацыі ў акупаваным Крыме ў фармаце Арріа. Гэты фармат прадугледжвае ўдзел ня толькі чальцоў Рады Бясьпекі, але і іншых дзяржаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

1 сакавіка Вярхоўная Рада заклікала Генэральную асамблею, Раду Бясьпекі ААН, АБСЭ, Эўрапейскі зьвяз, NATO, міжнародныя арганізацыі, замежныя парлямэнты і ўрады не прызнаваць легітымнасьць расейскіх выбараў у акупаваным Крыме, якія павінны адбыцца 18 сакавіка — у гадавіну анэксіі паўвострава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG