Сама меней 10 тысяч чалавек загінулі празь зьнішчэньне плаціны Кахоўскай ГЭС у 2023 годзе на Правабярэжжы, якое кантралюе Кіеў, і 2 тысячы зьніклі бязь вестак толькі ў адным горадзе Алешкі на Левабярэжжы Дняпра, акупаваным расейскімі войскамі.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, такія зьвесткі, і, імаверна, яшчэ няпоўныя, сабралі валянтэры.
Акупаваны левы бераг Дняпра
Зьвесткі аб загінулых на Левабярэжжы абнародаваў прызначаны Расеяй, так званы, губэрнатар акупаванай часткі Херсонскай вобласьці Ўладзімір Сальда. Паводле яго, у выніку паводкі загінулі 59 чалавек.
Гэтыя лічбы выклікалі сумневы ва Ўкраінскім мэдыяцэнтры. Тады ж у 2023 годзе там паведамілі, што толькі ў Алешках загінулі 500 чалавек.
Валянтэрка з Алешак Ксенія Архіпава мяркуе, што толькі ў яе родным горадзе ахвяр было нашмат болей.
«Больш за 2 тысячы. Але афіцыйна яны не патанулі, а зьніклі бязь вестак. Вядома, мы ўсё вядзем, усё дакумэнтуем», — сказала Ксенія Архіпава ў інтэрвію праекту «Крым.Рэаліі».
У Алешках і па ўсім Левабярэжжы ратавалі тысячы людзей і хатніх жывёл.
«Тысячы, тысячы людзей, сабак, жывёл... Я ня ведаю, гэта проста быў жах. Мы пазначалі на мапах, ня спалі суткамі там, дзе лавіў сыгналь мабільнай сувязі, дзе людзі сядзелі на дахах і малілі пра дапамогу. Стварылі Telegram-канал, зрабілі яго расейцы, расейскія валянтэры, і туды прыходзілі паведамленьні ад жыхароў Голай Прыстані, Кардашынкі, Алешак, Падлеснага», — расказала валянтэрка.
«Людзі, якія заяжджалі, яны проста бачылі трупы, які плывуць па вуліцах, і людзей, і жывёл, і, у прынцыпе, усё гэта спрабавалі прыхаваць у Алешках», — адзначыў каардынатар валянтэрскага цэнтру Humanity Стэфан Варанцоў.
Аліна з Алешак расказала пра свайго бацьку, які ратаваў людзей на Левабярэжжы падчас затапленьня.
«Мой бацька дагэтуль, ужо тры гады амаль, ён дагэтуль ня хоча ўвогуле згадваць пра гэта ўсё. Вельмі шмат трупаў плавала, вельмі шмат. Такой колькасьці загінулых людзей ён ня бачыў ніколі ў сваім жыцьці. Жахлівая карціна», — паведаміла Аліна.
Правы бераг Дняпра (пад кантролем Кіева)
Ня лепшай была сытуацыя і на правым беразе Дняпра, падкантрольным Украіне.
«Звычайна ўсе кажуць пра ахвяры на Левым беразе. Я кажу: «Дарагія людзі, а правабярэжныя сёлы адразу пад Кахоўкай? У іх шансаў выжыць было паўгадзіны. Прарыўная выбуховая хваля, якія зьмятае ўсё на сваім шляху», — сказала журналістка, грамадзкая дзяячка, валянтэрка з Херсону і колішняя супрацоўніца Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Алена Малярэнка.
Нават пасьля ўдару першай хвалі небясьпека не закончылася, дадала яна.
«Былі сёлы, дзе па прытоках Дняпра вады разышлася, і яны нібыта перажылі паводку і вырашылі: нас не дастане. Але на наступны дзень толькі да іх дайшла вада. Гэта ж правабярэжныя сёлы, але вада падымалася паступова. А вось у сёлах у 100-кілямтровай зоне ад Кахоўскай плаціны на правым беразе шансаў выжыць не было ні ў каго. Калі там заставаліся людзі, то, хутчэй за ўсё, 80 % загінулі», — адзначыла яна.
Ня лепшым было становішча і ў Херсоне, нягледзячы на тое, што да ваколіц горада вада дайшла толькі за 8 гадзін.
«Да 10 тысяч загінулых лічбу можна называць, нават улічваючы тое, што людзі выехалі. Недзе да 10 тысяч чалавек як мінімум. Гэта мінімальны паказьнік. Увесь правы бераг адразу, з боку Херсону, першыя 100 кілямэтраў — у іх не было шансаў на выратаваньне. У іх не было, як у нас, 8 гадзін, каб сабраць рэчы. Разумееце? Ім трэба было выбягаць і бегчы, бо вада прыйшла за 10, за 20, за 30 хвілін да іх», — дадала Алена Малярэнка.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Ўкраіны, у Херсонскай вобласьці, падкантрольнай Кіеву, у выніку паводкі, выкліканай падрывам дамбы Кахоўскай ГЭС, загінулі 32 чалавекі, месца знаходжаньня яшчэ 39 чалавек невядома.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.