Менская гарадзкая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў разгледзела заяву праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча наконт парушэньняў выбарчага заканадаўства і выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу. Парушэньняў не знайшлі, перадае «Вясна».
Праваабаронцы заяўлялі, што падчас ліставаньня ў закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэту БДУ сакратарка БРСМ і начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ актыўна запрашалі студэнтаў на перадвыбарчыя пікеты, абяцалі за гэта 15 рублёў і вызваленьне ад заняткаў на дзень.
У адказе на заяву старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла, што праверка будзе праводзіцца Менскай камісіяй, а БРСМ даручана разабрацца ў справе і прыняць меры па спыненьні незаконных дзеяньняў, калі такія выявяцца.
Але праверка Менскай камісіі выявіла, што парушэньняў не было. Паводле камісіі, сакратарка БРСМ з эканамічнага факультэту БДУ Ю. Муштукова «хацела вылучыць сваю кандыдатуру [...], таму вырашыла сабраць ініцыятыўную групу, пра што разьмясьціла інфармацыю ў сацыяльных сетках. Але паколькі на яе прапанову ніхто са студэнтаў не адгукнуўся, ад ідэі адмовілася».
А начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ І. Шчарбіна патлумачыў, што «інфармацыю аб пікетах ён разьмясьціў з мэтай прыкладу працягласьці працы пікетаў і месцаў іх разьмяшчэньня, у выпадку стварэньня ініцыятыўнай групы Ю. Муштуковай».
Камісія прыйшла да высновы, што парушэньняў, у тым ліку выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу і фінансаваньня вылучэньня кандыдатаў з боку БРСМ, у гэтым няма. Але «Вясна» мяркуе, што адказ быў падрыхтаваны загадзя, а зварот не абмяркоўваўся па сутнасьці.