Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя сацыёлягі: палова беларусаў — за блякаваньне апазыцыйных сайтаў, кожны дзясяты гатовы мітынгаваць


Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнту Беларусі апублікаваў Зборнік матэрыялаў сацыялягічных дасьледаваньняў за 2016 год (PDF).

Паводле дзяржаўнай статыстыкі, на канец 2016 году:

  • 70% беларусаў лічылі сябе людзьмі зь сярэднім дастаткам, а 25% — беднымі («багатыя» — у межах статыстычнай хібнасьці).
  • Беларусы найбольш турбаваліся ростам цэнаў, зьніжэньнем рэальных даходаў і беспрацоўем, найменш (у межах статыстычнай хібнасьці) — дэмаграфічнымі, міжэтнічнымі і міжканфэсійнымі праблемамі, палітычнымі супярэчнасьцямі й энэргетычнаю бясьпекаю.
  • 71,5% лічылі палітычную сытуацыю спакойнай, 21% — неспакойнай, у мітынгах былі гатовыя ўзяць удзел 11%.
  • Больш за палову (52–54%) давяралі ўраду, Нацыянальнаму сходу і мясцовым органам улады, 79% давяралі войску, 67,5% — міліцыі, 51% — афіцыйным прафсаюзам і 50,5% — БРСМ, а апазыцыйным партыям давяралі толькі 10% (не давяралі 76,5%).
  • Амаль зраўнялася колькасьць тых, хто лічыць карупцыю шырока распаўсюджанай у Беларусі (45,5%) і мала распаўсюджанай (41%) — у 2010 годзе першых было ўтрая больш за другіх (66% супраць 19,5%), а галоўным змагаром з карупцыяй лічаць Аляксандра Лукашэнку (45,5%).
  • Беларускай мовай лічаць роднай 45% насельніцтва — столькі ж, колькі расейскую; дома па-беларуску размаўляюць 3% апытаных, а на «трасянцы» — 48%.
  • Больш за 80% давяраюць дзяржаўным тэлеканалам (АНТ, «Беларусь-1» і беларуска-расейскаму «РТР-Беларусь»), а незалежнаму «Белсату» — 40,2%.
  • 89,1% беларусаў выступаюць за абмежаваньне парнаграфіі ў інтэрнэце, 61,3% — за абмежаваньне пірацкіх праграмаў і 56,9% — за абмежаваньне пірацкай музыкі, 51,8% — за абмежаваньне сайтаў апазыцыйных палітычных сілаў.

Шмат пытаньняў да статыстыкі

Шмат пунктаў апытаньня выклікаюць прынамсі сумневы.

Напрыклад, у пытаньнях пра давер розным галінам улады не фігуруе прэзыдэнт (толькі ўрад, Нацыянальны сход і мясцовыя ўлады).

На пытаньне пра мову пэрыядычных выданьняў 16,5% адказваюць, што чытаюць і выпісваюць выданьні на трасянцы (хоць такіх афіцыйна не існуе).

Паводле сёлетняга незалежнага апытаньня «Беларускай аналітычнай майстэрні», афіцыйным беларускім СМІ цалкам або часткова давяраюць 66,7%, незалежным — 73%. У перапісе насельніцтва 2010 году беларускую мову назвалі роднай 53,2%, расейскую — 41,5% (у перапісе 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%).

Незалежных апытаньняў пра давер дзяржаве, уладам і дзяржаўным інстытуцыям не праводзілі даўно — у 2016 годзе незалежныя сацыёлягі НІСЭПД згарнулі дзейнасьць у Беларусі. У адным з апошніх апытаньняў НІСЭПД апісвалася шмат рэчаў, у якіх беларусы нязгодныя з Лукашэнкам. У апытаньні незалежнай групы Satio выйшла, што толькі траціна беларусаў ведае, хто мае ўладу паводле Канстытуцыі, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG