Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух беларускіх мэдыкаў вызвалілі зь Лібіі

абноўлена

Каля гораду Зінтан, ілюстрацыйнае фота
Каля гораду Зінтан, ілюстрацыйнае фота

Беларускія лекары Іна Бабуш і Сяргей Здота, якія сем гадоў працавалі ў Лібіі і былі захопленыя невядомымі ўзброенымі людзьмі, вызваленыя з палону, пацьвердзіў «Советской Белоруссии» прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Паводле Мірончыка, беларускія лекары ўжо пакінулі межы Лібіі: «Намі супольна з расейскімі партнэрамі было зроблена ўсё неабходнае для іх вызваленьня».

Раней пра вызваленьне Іны Бабуш і Сяргея Здоты паведаміў у Telegram кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Паводле яго, вызваленьнем беларусаў, якіх «утрымлівалі ўзброеныя людзі», займаліся чачэнскія палітыкі Адам Дэлімханаў і Леў Дзеньгаў (ім ён і выказвае ўдзячнасьць) супольна з МЗС Лібіі і лібійскім Урадам нацыянальнай згоды, пры падтрымцы МЗС Расеі ў каардынацыі з МЗС Беларусі. Кадыраў піша, што Бабуш і Здота ўжо сёньня будуць у Маскве.

Паводле Кадырава, ён абмяркоўваў вызваленьне беларусаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас візыту ў верасьні, але тады пра палонных беларусаў не паведамлялася ў СМІ.

Але, паводле РИА Новости, беларусаў Бабуш і Здоту захапілі ў кастрычніку. У мэдыкаў, паводле камэнтара Дзеньгава, узброеныя людзі адабралі дакумэнты, а без папераў яны не маглі пакінуць горад — пра палон чачэнскі палітык ня кажа.

Іншая вэрсія — ад саміх лекараў

Як расказала Tut.by Іна Бабуш, на запрашэньне Муамара Кадафі яна працавала ў лібійскай клініцы мэдсястрой, а яе муж Сяргей Здота — траўматолягам. Пасьля 6 гадоў яны перайшлі ў прыватную клініку, але пасьля праблемаў з выплатай заробкаў вырашылі пакінуць краіну.

Бабуш сьцьвярджала, што калі ўжо купіла квіткі на самалёт, іх з мужам «пачалі выклікаць у паліцыю, пагражаць турмой», а нейкія людзі ў вайсковай форме патрабавалі ад іх падпісаць дакумэнты на арабскай мове. Каб атрымаць візу на выезд, яны зьвярнуліся ў пашпартны стол, дзе ім адмовілі, затым у паліцыю, дзе ў іх забралі пашпарты (нібыта каб паставіць выязную візу ў іншым горадзе) і не аддавалі паўтара месяца.

***

У Лібіі ад канца зімы 2011 году ішла грамадзянская вайна. Яна пачалася зь мітынгаў супраць улады Муамара Кадафі, які кіраваў краінай ад 1969 году. Падчас штурму гораду Сірт лібійскія паўстанцы забілі Кадафі, праз тры дні было абвешчана аб завяршэньні грамадзянскай вайны. Але ў выніку большая частка Лібіі цяпер не кантралюецца міжнародна прызнанымі ўладамі, у некаторых рэгіёнах маюць уладу радыкальныя баевікі (у тым ліку тэрарысты «Ісламскай дзяржавы») — фактычна, другая грамадзянская вайна трымае ад 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG