Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Купава адзначыць паўвекавы юбілей творчай дзейнасьці пэрсанальнай выставай 


Мікола Купава, архіўнае фота

Выстава «Айчына сьветлая мая» будзе праходзіць з 7 да 18 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтва.

У менскім Палацы мастацтва 7 чэрвеня адкрыецца пэрсанальная выстава Міколы Купавы «Айчына сьветлая мая». Імпрэза прысьвечаная 50-годзьдзю творчай дзейнасьці майстра, аднаго з заснавальнікаў мастакоўскай суполкі «Пагоня».

Выстава «Айчына сьветлая мая» — гэта даніна павагі аўтара вялікім асобам зямлі беларускай. У ягонай галерэі — Усяслаў Полацкі, Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, кароль Міндоўг, вялікія князі Альгерд, Вітаўт, Ягайла, гетман Канстанцін Астроскі, Францішак Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Алаіза Пашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч ды многія іншыя выбітныя постаці.

Дыплёмную працу ў Дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце малады мастак абараніў на выдатна. Гэта была сэрыя лінарытаў на тэму паўстаньня 1863 году. І пазьней Мікола Купава ня раз вяртаўся да вобразу Кастуся Каліноўскага.

У сярэдзіне 1970-х гадоў у творчасьці мастака зьяўляюцца Янка Купала і Якуб Колас. Выходзяць альбомы, прысьвечаныя народным паэтам — «Шляхамі Янкі Купалы» (лінарыты) і «Родны бераг песьняра» (аўталітаграфіі). Мікола Купава стварыў дзясяткі карцін, зьвязаных зь мясьцінамі, дзе жылі Купала і Колас: Вязынка, Акопы, Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Менск, Вільня.

«Мастак аднолькава прафэсійна валодае рознымі тэхнікамі выяўленчага мастацтва, — кажа мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская. — Яму падуладныя як жывапіс, так і акварэль, лінарыт, афорт, каляровая аўталітаграфія, малюнак».

Мікола Купава — вядомы ілюстратар кніг беларускіх аўтараў. На ягоным рахунку блізу чатырох дзясяткаў выданьняў. Гэта і кніга паэтаў сьвету «Слухайце — Хатынь!», і «Гарадзкая геральдыка Беларусі», і творы Цёткі, Купалы, Караткевіча. Значнае месца ў творчасьці мастака займае аздабленьне беларускіх народных казак: сам ён называе гэта сваім любімым заняткам.

За аздабленьне энцыкляпэдычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» Мікола Купава быў уганараваны дыплёмам і мэдалём Скарыны. Ён ляўрэат прэміі Беларускага фонду Тадэвуша Касьцюшкі, пераможца конкурсу «Вечныя гарады».

Мікола Купава і яго карціна "Вялікі князь Альгерд"
Мікола Купава і яго карціна "Вялікі князь Альгерд"

Летась мастак завяршыў аздабленьне знакавай кнігі «Пруская вайна» знанага паэта-лацініста ВКЛ Яна Вісьліцкага. Нагодай для выданьня стала 500-годзьдзе яе выхаду з друку.

Мікола Купава нарадзіўся 31 студзеня 1946 году ў Воршы. Адзін з заснавальнікаў суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, у 1976-м скончыў аддзяленьне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. Ад 1978-га — сябра Беларускага саюзу мастакоў.

Працаваў выкладчыкам у мастацкай вучэльні, мастацкім рэдактарам часопіса «Маладосць», намесьнікам дырэктара вучэльні імя Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладчыкам малюнку і акварэлі на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

У 1998–2004 гадах — старшыня суполкі «Пагоня».

Браў удзел амаль у сотні нацыянальных, пэрсанальных і міжнародных выставаў. Творы Купавы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, музэі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музэі Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, Літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа, музэі гісторыі і культуры Аршаншчыны, Беларускім музэі ў Нью-Ёрку, у прыватных зборах замежжа.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG