Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Купава: Галоўны мой твор — эталён дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцягу


Мікола Купава
Мікола Купава

Гэтаму мастаку замаўлялі эксьлібрысы Ларыса Геніюш і Ўладзімер Караткевіч. Яго творамі на гістарычныя тэмы аздабляў сваю прадукцыю сталічны хлебазавод. Ён у 1991 годзе стварыў эталён дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь. Госьцем перадачы — Мікола Купава, які днямі адзначыў сваё 70-годзьдзе.

— Спадар Мікола, у свой час, адказваючы на «Анкету Свабоды» (была на нашым радыё такая рубрыка), вы назвалі сваім улюбёным заняткам вандраваньне па Вялікім Княстве Літоўскім. А як трапіць з РБ у ВКЛ?

Мікола Купава над аздабленьнем новай кнігі
Мікола Купава над аздабленьнем новай кнігі

— Вельмі проста. Беларусь, як і раней, знаходзіцца ў цэнтры Вялікага Княства. Толькі некаторыя яго часткі перайшлі ў іншыя дзяржавы. Трэба проста падарожнічаць і ўсё заўважаць. Так, многае загінула, было страчана, разбурана — але многае і засталося. Мы са студэнцкіх гадоў езьдзілі на пленэры па мястэчках і гарадах, многае бачылі і замалёўвалі — у Нясьвіжы, Гальшанах, Віцебску, Вільні. Дарэчы, маё пакаленьне спазнавала Вільню ўжо з пачатку 70-х гадоў. Віцебск, на жаль, быў на той час страшэнна разбураны, мы бачылі толькі парэшткі касьцёлаў. Мы падарожнічалі, удзельнічалі ў раскопках, у аднаўленьні фрэсак. І гэтак спазнавалі Вялікае Княства. Для мяне і сёньня Вялікае Княства Літоўскае — найбольш адпаведная назва для краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры ВКЛ.

Мікола Купава. Вялікі князь Альгерд
Мікола Купава. Вялікі князь Альгерд

— Некаторых гістарычных пэрсанажаў мы сабе ўяўляем паводле вашых твораў — напрыклад, вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта. У розных мастакоў вобразы адных і тых жа князёў розныя. Чаму ваш Вітаўт не падобны, скажам, на Вітаўта Яна Матэйкі?

— З тых партрэтаў Вітаўта, якія я бачыў і вывучаў, мне найбольш даспадобы якраз выявы-рэканструкцыі Яна Матэйкі — яны адухоўленыя, гуманістычныя, патрыятычныя па сваім характары. У мяне некалькі варыянтаў Вітаўта. Працуючы над яго вобразам, я ўсё ж паглядваў на творы Матэйкі і, думаю, правільна рабіў. Таму што пазьнейшыя партрэты польскіх ці літоўскіх мастакоў мяне не прываблівалі. Хіба ёсьць адзін вынятак — вітражы ў Коўне, зробленыя Стасісам Ушынскасам. Там ёсьць кароль Міндоўг і вялікі князь Вітаўт. Тыя вітражы былі зробленыя да юбілею Вітаўта ў 1930 годзе. Вось тыя выявы цікавыя. Так што я паглядваў і на Матэйку, і на ковенскія вітражы.

— Вы настолькі жылі айчыннай гісторыяй, што нават імёны сваім дзецям далі гістарычныя — Вітаўт і Рагнеда. Стаўшы дарослымі, яна за гэта бацьку не папракалі?

— Не, не папракалі. Вітаўт сказаў, што любіць сваё імя, яно яму пасуе, і ён задаволены. Рагнеда трохі менш інфармацыі мела, але калі я расказаў ёй, хто такая Рагнеда, яна супакоілася. Памятаю, як Вітаўта не хацелі запісваць у ЗАГСе. Я раззлаваўся, узяў блянк і сам усё напісаў. З Рагнедай ужо было прасьцей — ішоў 1992 год. Вось што значыць самастойная дзяржава, свая адміністрацыя, якую ўжо трошкі навучылі шанаваць уласную гісторыю.

— Арганізоўваючы шматлікія імпрэзы, датычныя айчыннай гісторыі (500-я ўгодкі Бітвы пад Воршай, Клецкай бітвы, розных гадавінаў, зьвязаных з паўстаньнем Каліноўскага), ці адчувалі вы грамадзкую запатрабаванасьць на падобныя акцыі?

Немагчыма ўявіць, каб пад Грунвальдам паліцыянты камандавалі: сюды не хадзі, туды хадзі.

— Вядома ж, адчуваў. Я нядаўна слухаў па Свабодзе вашу гутарку з Генадзем Сагановічам і са зьдзіўленьнем пачуў, што Грунвальд сёньня для беларусаў неактуальны. Казаць так — вялікая памылка Сагановіча. Ніхто зь ім не пагодзіцца, нават той, хто пра Грунвальд чуў адным вухам. Бітва пад Грунвальдам — залатая старонка нашай гісторыі. Крыжакі па некалькі разоў на год прыходзілі на землі ВКЛ, зьнішчалі людзей, палілі гарады. І Вітаўт зь Ягайлам стратэгічна ўсё правільна зрабілі, пайшоўшы на іх паходам. У нашым грамадзтве проста голад і на талковую гістарычную кнігу, і на творы выяўленчага мастацтва. Дарэчы, у нас вельмі шмат добрых твораў — жывапісных, скульптурных — на тэму Грунвальдзкай бітвы. Гэта ня тая тэма, якую можна забыць ці адкласьці, бо гэтага, ці бачыце, патрабуе эўрапейская палітыка. Калі адзначалася 600 гадоў грунвальдзкай перамозе, мы, беларусы, упершыню паехалі як прадстаўнікі краіны, цэлым аўтобусам, пад Грунвальд і стаялі на тым слаўным полі пад нашымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Вось вам яшчэ прыклад, як можна пабываць у ВКЛ... А калі мы праз чатыры гады адзначалі ўгодкі Бітвы пад Оршай і прыехалі на Крапівенскае поле, нас акружылі міліцыянты. Немагчыма ўявіць, каб пад Грунвальдам паліцыянты камандавалі: сюды не хадзі, туды хадзі. А пад Оршай так і было.

Мікола Купава. Грунвальдзкая бітва
Мікола Купава. Грунвальдзкая бітва

— Вы аздобілі дзясяткі кніг, некаторыя зь іх да гэтай пары перавыдаюцца з вашымі ілюстрацыямі — напрыклад, «Судны дзень Скарыны» Міколы Арочкі. А ці ўдаецца вам супрацоўнічаць зь дзяржвыдавецтвамі сёньня?

— У 2009 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік казак Уладзімера Караткевіча «Лебядзіны скіт». Яшчэ раней я праілюстраваў «Фрэскі» Сяргея Тарасава. Што да прыгаданай вамі кнігі «Судны дзень Скарыны», то перавыдалі яе без майго ведама, парушыўшы аўтарскае права. Там якасьць — ніжэй за нуль, гэта проста зьдзек з таго, што зрабіў мастак. Гэта, дарэчы, не адзінкавы выпадак. Неяк я ў краме пабачыў хлеб «Старая Вільня» з маёй даўняй гравюрай. Дзяўчына-дызайнэр з хлебазаводу ў інтэрнеце знайшла мой твор і падсунула дырэктару. Выдатнае афармленьне атрымалася, і хлеб, дарэчы, смачны. Дырэктар хлебазаводу казаў, што прывёз рэцэпт зь Вільні. Мы зь ім паразмаўлялі і палагодзілі справу. Парушэньне было відавочнае, і ён са мной пагадзіўся.

— Вам замаўлялі эксьлібрысы Ўладзімер Караткевіч і Ларыса Геніюш. Дарэчы, Ларыса Антонаўна ў 1970 годзе пісала сваёй сяброўцы Зосьцы Верас: «Гутарка з Купавам важней за любое застольле». Што вам давалі стасункі з такімі людзьмі?

Геніюш ухваліла мой эксьлібрыс — якраз такі яна і хацела мець.

— Вельмі шмат. Калі толькі прыгадаць трох названых вамі — якая ў іх была гістарычная памяць, які жыцьцёвы досьвед! Ня кажучы ўжо пра тое, што і геніюшаўская Зэльва, і караткевічаўская Орша, і верасаўскія Панары пад Вільняй — гэта ж найпрыгажэйшыя мясьціны. Мы набіраліся мудрасьці ад іх, набіраліся беларускасьці на ўсё жыцьцё. Калі Ларыса Геніюш замовіла мне эксьлібрыс, яна ўжо была цяжка хворай, знаходзілася ў шпіталі ў Горадні. Я сьпяшаўся, зрабіў эскіз і перадаў ёй у больніцу. Геніюш ухваліла мой эксьлібрыс — якраз такі яна і хацела мець.

— Відаць самы тыражаваны ваш твор — гэта выява Пагоні на тле бела-чырвона-белага сьцягу, зьмешчаны на канвэрце яшчэ савецкага часу. Мільённы наклад. Як вам удалося на ўвесь СССР паказаць такую відавочную «антысавеччыну»?

Канвэрт зь Беларусьсю ад Беластока да Смаленску мільённым накладам быў надрукаваны ў Пензе.

— Гэты канвэрт выйшаў у сьвет па ініцыятыве геральдыста Анатоля Цітова. Ён падаў заяўку, і саюзнае міністэрства сувязі пагадзіліся. Самае цікавае, што я даў Пагоню на баракальным шчыце на аснове мапы, якую склаў прафэсар Пецярбургскага ўнівэрсытэту Яўхім Карскі. Вядомая цяпер мапа «белорусского племені», дзе Смаленшчына і Браншчына прызнаныя беларускімі. Канвэрт зь Беларусьсю ад Беластока да Смаленску мільённым накладам быў надрукаваны ў Пензе, і ніхто ў мяне не спытаўся, што там за мапа намалёвана. А яна для нас вельмі важная, бо БНР была абвешчаная якраз на аснове той мапы. А ў 1991 годзе, калі ўжо рухаліся да незалежнасьці, тагачасны галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Аляксандар Лукашук замовіў мне паштоўку з гербам і сьцягам гістарычным. Потым былі замовы на маркі — таксама з нацыянальнай сымболікай, потым гарады пайшлі — Віцебск, Орша, Менск...

Мікола Купава (трэці зьлева) на сустрэчы з гісторыкам Міколам Улашчыкам
Мікола Купава (трэці зьлева) на сустрэчы з гісторыкам Міколам Улашчыкам

— Камэнтуючы на нашым сайце матэрыял, прысьвечаны вашаму юбілею, Зянон Пазьняк заўважыў, што пра самае галоўнае журналіст якраз і не згадаў. А што вы самі лічыце найгалоўнейшым у сваім жыцьці?

— Самая значная мая праца — гэта эталён дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1991 годзе. Памятаю, як я перадаваў яго ў Вярхоўны Савет, як яго там зацьвярджалі. Як да нас у камісію прыходзілі спэцыялісты з Камвольнага камбінату, каб выбраць адпаведны колер і тут жа запусьціць сьцягі ў вытворчасьць. Іх жа для ўсёй краіны патрэбна было безьліч. Гэта для мяне значная праца, але не адзіная такая. Лічу, што мне ўдаліся вобразы таго ж Вітаўта, Міндоўга і Альгерда. Магу назваць і графічныя працы паводле кнігі Генадзя Кісялёва «Сейбіты вечнага» — пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Там чатыры сюжэты — сам Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай, малады Францішак Багушэвіч і кіраўнік паўстаньня на Меншчыне Антон Трусаў. Гэтыя працы жывуць, іх выкарыстоўвае моладзь у інтэрнэце, паўсюль. І мне як мастаку гэта прыемна.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG