Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопісы «Вожык», «Мастацтва» і «Здравоохранение» пазбавілі дзяржаўнай падтрымкі


«Вожык», 2013 год

Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў (PDF) сьпіс з 23 сродкаў масавай інфармацыі, якім у 2018 годзе будзе аказаная дзяржаўная падтрымка паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

У 2017 годзе выданьняў было 26. Са сьпісу зьніклі наступныя:

«Вожык» — беларускамоўны гумарыстычны часопіс, выходзіць ад 1941 году як агітплякат «Раздавім фашысцкую гадзіну», пасьля вайны атрымаў сучасную назву. У ліку аўтараў выданьня былі Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка і многія іншыя.

«Мастацтва» — беларускамоўны навукова-папулярны і грамадзка-палітычны часопіс, выходзіць ад 1983 году. У 1991–2002 гадах часопісам кіраваў драматург Аляксей Дудараў.

«Здравоохранение» — расейскамоўны навукова-практычны рэцэнзіяваны часопіс, выходзіць ад 1924 году. У ім можна публікаваць вынікі дысэртацыйных дасьледаваньняў, ён уключаны ў расейскую сыстэму навуковага цытаваньня.

Пазбаўленьне дзяржаўнай падтрымкі ня значыць аўтаматычна закрыцьцё выданьня, яно тэарэтычна можа выйсьці на самаакупнасьць.

У сьпісе дзяржаўнай падтрымкі засталіся: «Алеся», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларусь. Belarus», «Белорусская нива», «Бярозка», «Вместе!», «Вясёлка», «Журнал специального назначения», «Звязда» (і дадаткі «Чырвонка — Чырвоная зьмена», «Местное самоуправление», «Союз-Евразия»), «Знамя юности», «Зорька», «Культура», «Літаратура і мастацтва», «Маладосьць», «Народная асьвета», «Народная газэта», «Нёман», «Полымя», «Родная прырода», «Рэспубліка», «Советская Белоруссия» (у сьпісе Саўміну фігуруе пад такой назвай, але сама называе сябе «СБ. Беларусь сегодня»), «Спортивная панорама» і «The Minsk Times» (дадатак «Голас Радзімы»).

Колькі грошай атрымаюць выданьні, не ўдакладняецца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG