Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьнікла палітычная карыкатура дэмакратычнай «адлігі» 1990-х?


Перад выбарамі-1994. Уладыка Філарэт і прэмʼер Кебіч (аўтары Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
Перад выбарамі-1994. Уладыка Філарэт і прэмʼер Кебіч (аўтары Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

«Жыцьцё дзеля таго, каб купіць новы аўтамабіль і апрануцца ў модныя брэнды, заганяе ў „скрыню“, куды ніхто ня можа дастукацца. Нафіга ў той абмежаванай прасторы карыкатуры, навошта кантрасты адносінаў нейкіх дзьвюх сіл?» — Лявон Бартлаў, аўтар злабадзённых карыкатур у часы перабудовы і пачатку незалежнасьці, пра тое, куды зьніклі «палітычныя ўлёткі» і іх стваральнікі.

На самым пачатку 1990-х, калі мэдыйная прастора паступова вызвалялася ад путаў цэнзуры, ня меней вострым за слова журналіста рабіўся аловак мастака-карыкатурыста. Зьедлівыя малюнкі на злобу дня аздаблялі артыкулы ў газэтах і часопісах, хібы ў працэсе пераходу ад старога да новага прапускаліся праз прызму візуальнай сатыры.

Няма канфлікту ў грамадзтве — карыкатурыст бяз працы

Ва ўдзячным жанры паспрабавалі сябе многія беларускія жывапісцы, графікі, нават цэлыя творчыя майстэрні — як, прыкладам, суполка «Белы куб». Пляжылі крамлёўскую вярхушку, якая да апошняга трымалася за ўтапічную ідэю фэдэрацыі, выкрывалі згодніцкую палітыку іхніх беларускіх марыянэтак, не пакідалі без увагі галечу, якая накрыла грамадзтва.

Фэдэрацыя = турма савецкіх народаў (Лявон Бартлаў)
Фэдэрацыя = турма савецкіх народаў (Лявон Бартлаў)

Але вольніца хутка скончылася: сьледам за абраньнем першага прэзыдэнта Беларусі адбылося некалькі паказальных працэсаў за «паклёп і абразу» першай асобы дзяржавы. Дрэнна заканчваліся нават перадрукоўкі з замежных выданьняў кшталту знакамітага францускага часопіса Charlie Hebdo. Паступова палітычная карыкатура сышла на нуль, і цяпер у забытым жанры больш-менш актыўна практыкуюць некалькі чалавек, і тое пераважна ананімна.

Дзе сьмелыя закіды супраць самадурства ўлады і яе верных памагатых? Ці толькі страх перад сыстэмай прымусіў капітуляваць экспэрымэнтатараў з алоўкам і пэндзлем?

У творчым багажы мастака Лявона Бартлава карыкатур і шаржаў назьбіраецца не на адзін дзясятак альбомаў. Сумяшчаць іх з жывапісам пачаў даўно, асабліва прадуктыўнымі выдаліся 1980–90-я. Шмат якія малюнкі зробленыя ў пары з калегам Аляксандрам Бранцавым. Сёньня тая калекцыя збольшага ляжыць мёртвым грузам: штосьці страціла актуальнасьць, штосьці зразумела толькі вузкаму колу сьведак тагачасных падзеяў.

Лявон Бартлаў
Лявон Бартлаў

Чаму карыкатура цяпер незапатрабаваная і выданьнямі, і чытачамі? На думку спадара Бартлава, прычына — у адсутнасьці ўмоваў, каб яна зьяўлялася і шырылася. Па яго словах, у цяперашнім грамадзтве няма стану актыўнага супраціву, няма стану канфлікту. А пасіўнасьць ды абыякавасьць — дрэнныя памагатыя любому мастаку:

«Так званая „злоба дня“ сама па сабе вызначае суадносіны — мой малюнак як рэакцыя на падзею, якая мае месца. Скажам, кіраўнік дзяржавы паехаў зь візытам у нейкую краіну. Як мне гэта ацэньваць? Як злобу дня ці як працу ягонага апарату для дасягненьня пэўнай мэты, якая стаіць перад ім у якасьці кіраўніка дзяржавы? Злоба дня для мяне — калі існуе канфлікт. Але і канфлікт бывае розны: можна коса зірнуць, можна словам абразіць, а можна і кулаком ударыць, гэта таксама канфлікт. У дадзеным кантэксьце гаворка пра вырастаньне канфлікту да стану нецярпімасьці, да стану актыўнага супраціву. Тады ў нас зьяўляецца асэнсаваная, сьпелая карыкатура».

Закон і парадак «у адны вароты» (Лявон Бартлаў)
Закон і парадак «у адны вароты» (Лявон Бартлаў)

Як удакладняе Лявон Бартлаў, сучаснае пакаленьне ня толькі выхаванае на прынцыпова іншых носьбітах інфармацыі. Нават людзі сярэдняга ўзросту, ня кажучы пра моладзь, у масе сваёй ставяць мэты, адрозныя ад тых, якія панавалі ў першыя постсавецкія гады.

«Умоўна кажу, мне 20 зь невялікім, я скончыў ВНУ. Перада мной адна мэта: знайсьці нармальную працу, каб раней ці пазьней атрымліваць нармальныя грошы. Дзе за гэтым стаіць, што я павінен разумець, хто такі Купала ці Багдановіч? Можаш асабіста праэкспэрымэнтаваць, але не сярод сваіх сяброў. Вазьмі назвы трох твораў Купалы, Коласа, Багдановіча, спыні любога чалавека на вуліцы і запытай, хто што напісаў. У адказ убачыш ветлівую ўсьмешку, і добра, калі хоць палова скажа, хто аўтар „Новай зямлі“, а хто „Паўлінкі“. Затое ўсе будуць ведаць гандлёвыя брэнды і адрасы начных клюбаў. Калі ідэя спажываць закрывае ўсё астатняе і я ўваходжу ў „скрыню“, хто да мяне дастукаецца? Якая карыкатура, навошта кантрасты адносінаў нейкіх дзьвюх сіл? Лухта ўсё...»

Адна чарга ў ГУЛАГ пры Сталіну і мноства іншых пры Брэжневу (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
Адна чарга ў ГУЛАГ пры Сталіну і мноства іншых пры Брэжневу (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

The Guardian і прэзыдэнт Гарбачоў на цыркавой дошцы

На сутыку эпох, у часы палітычных і сацыяльных узрушэньняў 1980–90-х працы Лявона Бартлава друкаваліся ня толькі ў беларускіх СМІ, а і ў аўтарытэтных замежных выданьнях — як брытанская The Guardian. «Цяжка нават усьвядоміць, што за чвэрць стагодзьдзя сьвет зьмяніўся так радыкальна», — кажа мастак і прыгадвае:

«Адну з карыкатур з шэрагу „на злобу дня“ ў свой час прапанаваў надрукаваць у The Guardian карэспандэнт газэты Джонатан Стыл. Сэнс такі: у цырку на дошцы, пад якой адзін на адным стаяць цыліндры, балянсуе прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Дошкай, на якой ён спрабуе захаваць раўнавагу, — савецкі сьцяг. На цыліндрах выведзеныя тагачасныя пастуляты: „перестройка“, „гласность“, „ускорение“ ды іншыя. Джонатану спадабаўся закладзены сэнс, ён накатаў вялікі артыкул і зьмясьціў гэтую працу. Бо яна адлюстроўвала тагачасную злобу дня. Шмат хто тады выдатна разумеў: уся гэтая шматслоўнасьць і рэальнасьць стаяць на такіх вось цыліндрах. І калі крытычны цыліндар у адзін момант раптам высьлізнуў, усё гэта рухнула ўніз — разам з дошкай і тым, хто быў на ёй. Зноў жа, прыклад таго, што для мяне значыць карыкатура на злобу дня».

«Зачыстка» на Дзяды-1988 (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
«Зачыстка» на Дзяды-1988 (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

Лявон Бартлаў кажа, што ўсе акцэнты ў сваіх працах расстаўляў з уласнай волі. На пачатку 1990-х стаў сябрам Беларускага Народнага Фронту:

«Я і мае сябры гэта рабілі, пабачыўшы, што палітыка канца існаваньня Савецкага Саюзу, калі танкі ўваходзілі ў Вільню, у Рыгу і г.д., стала небясьпечнай. І тады я чыста з уласнай ініцыятывы, без аніякіх заданьняў — за заданьне мне трэба плаціць грошы, я ж тады як наняты работнік — выказваў свае адносіны да таго, што адбываецца. Пасьля далучэньня да шэрагаў БНФ я стаў пратэстным. То бок пратэставаў ад свайго імя, натуральна, пратэставаў тым, чым рэальна мог гэта рабіць — алоўкам. І я маляваў людзей, якія з малаткамі і піламі сядзяць за высокім плотам з калючым дротам, а па пэрымэтры іншыя ўзброеныя людзі іх ахоўваюць. Я так разумеў спробы Масквы захаваць Саюз, які ўжо быў асуджаны на сьмерць. Параўноўваў савецкіх кіраўнікоў, якія мераліся даўжынёй і колькасьцю чэргаў — адна сталінская ў ГУЛАГ і тысячы брэжнеўскіх да крамаў».

Беларус цярплівы, звычайны (Лявон Бартлаў)
Беларус цярплівы, звычайны (Лявон Бартлаў)

А яшчэ за некалькі гадоў да развалу СССР карыкатура выконвала зусім не выкрывальніцкія, а прапагандысцкія функцыі. Шматлікія працы ў стылі Кукрыніксаў, якія высьмейвалі «ненасытных буржуяў-капіталістаў», друкаваліся ў саюзным «Крокодиле», эстафэту падхопліваў беларускі «Вожык» ды спэцыялізаваныя часопісы ў іншых рэспубліках. Фармальнае завяршэньне халоднай вайны скараціла попыт на падобную прадукцыю, але, кажа суразмоўца, знайсьці прымяненьне сваім здольнасьцям спрактыкаваны мастак можа і сёньня:

«Ёсьць карыкатуры, якія маюць парадак, будзем казаць, прафэсійна скіраваны. Вось вы рэдактар часопіса, а я ў ім мастак. Існуе палітыка, пазыцыя, сьветапогляд рэдакцыі, можна назваць як заўгодна. Паралельна ёсьць узаемаадносіны ўмоўных А і Б. У гэтых адносінах паводзіны Б не падабаюцца А, якому сымпатызуе мой рэдактар. Адпаведна, мне выдаецца матэрыял, каб я змог паказаць, наколькі недарэчны Б, проста як у часопісе „Крокодил“. Калі была халодная вайна, а першым ворагам — міжнародны капіталізм на чале з ЗША, друкавалася вялікае мноства карыкатур: дзядзькі Сэмы, якія сядзяць на мяхах, набітых баксамі, галодныя афрыканскія дзеці і г.д. Усё прафэсійна выконвалася мастаком, як сачыненьне на зададзеную тэму. Але і цяпер да мастака можа падыйсьці рэдактар, які скажа: ведаеш, ёсьць задача, каб у карыкатуры твар чалавека, уся яго дзейнасьць выглядалі небясьпечнымі для агульнай сытуацыі».

Будаўнік новага са старым арсэналам (Лявон Бартлаў)
Будаўнік новага са старым арсэналам (Лявон Бартлаў)

Лукашэнка замест Кебіча бяз страты першапачатковага сэнсу

Як кажа мастак, шмат якія рэчы за прамінулыя чвэрць стагодзьдзя калі і зьмяніліся, то пэрсаналіямі. Агульны ж кантэкст застаўся непахісны. Прыкладам, на адной зь ягоных карыкатур колішні прэмʼер-міністар Вячаслаў Кебіч трымае ў руках марыянэтак, на шыі якіх таблічкі з назвамі газэт — «Советская Белоруссия», «Знамя юности», «7 дней», «Рэспубліка». Калі Кебіча замяніць ягоным наступнікам — Лукашэнкам, то закладзеная ў малюнку сутнасьць кантролю за дзяржаўнымі СМІ ўсё тая ж.

Гаспадар тэатру марыянэтак (Лявон Бартлаў)
Гаспадар тэатру марыянэтак (Лявон Бартлаў)

Альбо прыём у акуліста: лекар у форме правярае зрок у курсантаў міліцыі. Самымі вялікім літарамі выведзены «Народны фронт», «Мартыралёг», «Талака» і «Тутэйшыя», а ўжо зусім мікраскапічнымі — пʼянчуга, злодзей, наркаман ды іншыя, ужо патрэбныя адмысловыя акуляры. За прамінулы час прапорцыя пільнай увагі да фронтаўцаў і рэальных бандзюкоў засталася без асаблівых зьменаў.

Акуліст-сілавік і яго пацыенты (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
Акуліст-сілавік і яго пацыенты (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

Ад сярэдзіны 1990-х героем малюнкаў Бартлава, як і многіх ягоных сяброў па цэху, стаў Аляксандар Лукашэнка. У 1995-м дружна адрэагавалі на рэфэрэндум, адным з пунктаў якога была зьмена сымболікі на старую бээсэсэраўскую. На карыкатуры Бартлава нядаўна абраны прэзыдэнт паказвае на бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», канстатуючы, адкуль усе беды і праблемы ў краіне: (на трасянцы) «Нашай з вамі харошай жызьні мяшаюць гэтыя герб і сьцяг...». Спадар Бартлаў ня хоча, каб сёньня гэтая палітычная ўлётка фігуравала ў прэсе — і ня толькі дзеля небясьпекі падпасьці пад крымінальны артыкул за паклёп і абразу:

Лявон Бартлаў у майстэрні
Лявон Бартлаў у майстэрні

«Патлумачу. Усё гэта працавала тады, калі рыхтаваўся рэфэрэндум па сымболіцы. У якасьці ўлёткі — ня ведаю, чаму яе не друкавалі, можа, свае былі засьцярогі — яна магла працаваць гістарычна. Ад рэфэрэндуму мінула 20 гадоў, колькі ўсяго за гэты час сплыло? Мноства ўсяго. Тэкст — канечне, асабіста-эмацыйны. Цяпер, мабыць, даў бы іншы, ня стаў бы так карыкатурна акцэнтаваць, перавёў бы на рэальную мову, каб данесьці галоўнае. Паўтару, тады быў сэнс, а цяпер — от, зноў хоча падражніць, разумнік знайшоўся. У памяці людзей герб і сьцяг ёсьць і будуць. Але вывесіць яго ў існуючай форме бессэнсоўна. Не рыхтуецца рэфэрэндум па сымболіцы, няма рэальнай сілы, якая зьменіць уладныя вяршыні. Таму праца з гледзішча графікі, з гледзішча мастацкай вартасьці сама стане для апанэнта добрым матэрыялам, каб яе ня толькі пустышкай назваць, а і начапляць шмат чаго іншага».

Лепшыя часы можна было б вярнуць, каб склаліся спрыяльныя ўмовы, — лічыць Лявон Бартлаў і ў якасьці прыкладу прыводзіць выбарчую кампанію ў ЗША. У часе супэрмаратону па выбарах прэзыдэнта штабы кандыдатаў задзейнічалі ўсе спосабы падтрымкі і дыскрэдытацыі, у тым ліку карыкатуру і сатыру:

Вечны супраціў апазыцыі і ўлады (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
Вечны супраціў апазыцыі і ўлады (Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

«У Беларусі знайсьці свайго Трампа і сваю Клінтан практычна нерэальна. Прынамсі пакуль. Не таму, што немагчыма, а нерэальна, бо ўмовы нашы не такія. Я ўпэўнены, і хай хто заўгодна паспрабуе мяне пераканаць: у ЗША будзе зьмяняцца прэзыдэнт за прэзыдэнтам, ён можа быць маладым ці старым, чорным ці белым, мужчынам ці жанчынай. Гэтая гульня (барацьба) людзей цікавіць прыкладна гэтак жа, як тое, хто пераможа ў іхнім амэрыканскім футболе. Ба-бах — разам, як у атацы, сутыкнуліся дзьве сілы. Іх толькі гэта цяпер цікавіць, бо як яны жылі, па вялікім рахунку, гэтак жа жыць і будуць. Была эканоміка № 1 у сьвеце, яна і застанецца. Дарэчы, даведаўся з тэлевізара ашаламляльную рэч, часам прымушаю сябе глядзець аналітычныя праграмы. У Расеі ўсё іх дабро, разам узятае, ацэньваецца дзесьці ў 286 мільярдаў даляраў. ЗША аддаюць 560 мільярдаў даляраў толькі на вайсковыя патрэбы! Вось і адчуйце, хто чаго варты...»

Сяброўскі шарж на актывіста БНФ Сяргея Мурога
Сяброўскі шарж на актывіста БНФ Сяргея Мурога

Сяброўскі шарж на кіраўніка гаспадаркі «Рассвет» Васіля Старавойтава
Сяброўскі шарж на кіраўніка гаспадаркі «Рассвет» Васіля Старавойтава
Сяброўскі шарж на калегаў-мастакоў Маслана і Марачкіна
Сяброўскі шарж на калегаў-мастакоў Маслана і Марачкіна

Калі карыкатуры жывуць прыкладна столькі ж, колькі і інфармацыйная нагода, якая іх нарадзіла, то сапраўднымі і несьмяротнымі памяткамі пра мінулае Лявон Бартлаў лічыць сяброўскія шаржы. Усе яны — рэакцыя на асабістыя і заўсёды блізкія падзеі: ці гэта час у Тэатральна-мастацкім інстытуце і праца з выбітнымі творцамі, ці шчасьлівыя гады ў якасьці мастака-пастаноўшчыка ў ансамблі «Песьняры» поруч зь вялікім Уладзімерам Мулявіным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG