Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыхары мястэчка пад Кіевам аднаўляюць разбуранае вайной жыльлё. ВІДЭА

Вішнёвае пасьля расейскага абстрэлу і дэтанацыі боепрыпасаў, 13 ліпеня 2026
Вішнёвае пасьля расейскага абстрэлу і дэтанацыі боепрыпасаў, 13 ліпеня 2026

Пакуль працягваецца вайна, некаторыя пацярпелыя ў мястэчку Вішнёвае на Кіеўшчыне не сьпяшаюцца адбудоўваць разбураныя дамы.

У ліпені расейскія вайскоўцы ўдарылі па складзе боепрыпасаў у невялікім мястэчку Вішнёвае пад Кіевам. Пачалася паўторная дэтанацыя, якая працягвалася некалькі гадзін. У выніку ў горадзе былі разбураны пяць вуліц — пашкоджаны тры сотні дамоў. Частку людзей тады прыйшлося эвакуаваць, у паветры фіксавалі небясьпечны ўзровень забруджваньня.

Ці атрымалася праз чатыры месяцы вярнуцца да нармальнага жыцьця, — у рэпартажы тэлеканалу «Настоящее время».


Как жители Вишневого под Киевом восстанавливают разрушенное жилье
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:49 0:00

У ноч, калі побач з домам Алены пачалася дэтанацыя боепрыпасаў, яна была з мужам і сынам. Па суседзтве жылі яе бацькі. Бацька выжыў, маці загінула, распавяла Алена:

«Ён знаходзіўся ў пакоі, і калі пачала падаць столь, ён рыбкай выпаўзаў, таму што не можа на ногі стаць. Ён выпаўз, яго потым падабралі ратавальнікі. Ён атрымаў і апёкі, і раны, таму што ён поўз. А мама, якая выбегла, яна, на жаль... Я спадзяюся, што гэта было імгненна».

6 ліпеня, калі армія Расеі нанесла ўдар па мясцовым заводзе, дзе, як пазьней высьветлілася, знаходзіўся склад з боепрыпасамі, каля паўсотні чалавек атрымалі раненьні. Дзевяць загінулі. Сярод іх і маці Аляксандра Бандарэнкі— суседа Алены.

Руіны на месцы дома Аляксандра Бандарэнкі
Руіны на месцы дома Аляксандра Бандарэнкі

«Усё цалкам разбамбіла, нічога наогул не ацалела: два гаража, дом, прыбудову заставалася ўнутры дарабіць, гаспадарчы будынак — цалкам усё. Маёмасьць уся згарэла. Калі ў мяне і мама згарэла, то што казаць», — распавядае ён.

Алена аддае перавагу сюды не прыяжджаць, каб ня бачыць гэтую страшную карціну. А вось Аляксандр адчувае абавязак: тут яго заўсёды чакаюць Дзіна і Лакі — два сабакі, якія цудам выжылі.

На іншым канцы вуліцы, сярод груды абгарэлага мэталу, Вераніка пазнае дэталі былога інтэр’еру. Некалькі снарадаў трапілі і ў яе дом. Другі паверх згарэў цалкам, першы — часткова. Уцалелі ўсяго некалькі пакояў.

«Тут можна знайсьці кавалачак люстры з майго пакоя, я яе пазнала. Тут быў туалет і зараз вось такая «open space» зона. Па драўляных усходах перакінулася ўсё ўніз. У нас быў такі хол — проста калідор. Тут у нас быў тэхнічны пакой, кацёл, — паказвае яна. — Усё абсталяваньне ў доме, усе камунікацыі — усё згарэла. Літаральна кожны раз, калі ідзе дождж, мы прыходзім і ўручную гэта ўсё высушваем. Мы вельмі імкнемся гэтую падлогу выратаваць. Яго ўжо каторы раз залівае, але яна трымаецца. Я спадзяюся, што атрымаецца ўсё ж выратаваць».

Чатыры месяцы таму ў Вішнёвым пацярпелі або былі цалкам разбураны больш за 250 дамоў, у асноўным, прыватных. Мясцовыя ўлады вылучылі 20 мільёнаў (каля паўмільёна даляраў), каб дапамагчы людзям з заменай вокнаў і даху, ацэнкай разбурэньняў, арэндай новага жыльля і разавымі выплатамі.

«На жаль, рэсурсы гарадзкога бюджэту абмежаваныя, і пакрыць людзям усе наступствы таго, што страцілі, — нерэальна проста. Мы ўключыліся, наколькі гэта магчыма, падцягнулі ўсе рэзэрвы. Нешта не выканаем, што было заплянавана. Але ў першую чаргу зроблены акцэнт на дапамогу жыхарам, якія пацярпелі з прычыны трагедыі», — кажа першы намесьнік старшыні грамады Вішнёвага Яраслаў Варшавец.

Цяпер пацярпелыя чакаюць дапамогі па дзяржаўнай праграме аднаўленьня. Грошы абяцаюць налічыць да канца году. Але амаль заўсёды прадугледжаных дзяржавай кампэнсацый не хапае.

Абломнкі боепрыпасаў сярод руін у Вішнёвым
Абломнкі боепрыпасаў сярод руін у Вішнёвым

Пасьля трагедыі, якая здарылася ў ноч на 6 ліпеня, СБУ выявіла, што снарады захоўваліся ў неналежных для гэтага памяшканьнях і побач з жылой забудовай. Кіраўніцтва абароннага прадпрыемства затрымалі па падазрэньні ў службовай халатнасьці.

Пакуль працягваецца вайна, некаторыя пацярпелыя не сьпяшаюцца адбудоўваць разбураныя дамы. У Вішнёвым ёсьць выпадкі паўторных расейскіх удараў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG