Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускую АЭС будуюць па самым танным праекце ў сьвеце»


Віліюс Самуйла
Віліюс Самуйла

Беларусь ня хоча супрацоўнічаць зь літоўскім урадам, не прадстаўляе праўдзівую інфармацыю, парушае міжнародныя канвэнцыі — заявіў намесьнік амбасадара Літвы ў Беларусі Віліюс Самуйла.

Літва занепакоеная будоўляй Астравецкай АЭС каля сваёй мяжы зь Беларусьсю. Беларусь ня хоча супрацоўнічаць зь літоўскім урадам, не прадстаўляе праўдзівую інфармацыю, парушае міжнародныя канвэнцыі — пра гэта заявіў намесьнік амбасадара Літвы ў Беларусі Віліюс Самуйла на міжнароднай канфэрэнцыі «Эканамічныя і інвэстыцыйныя аспэкты ядзернай энэргетыкі: Каму патрэбна электраэнэргія беларускага атама?»

Арганізатарамі канфэрэнцыі выступілі аналітычны цэнтар «Стратэгія» і экспэртная рада пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдвардас Ігнатавічус, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус, іншыя дыпляматы, беларускія навукоўцы і палітыкі.

Намесьнік амбасадара Літвы ў Беларусі Віліюс Самуйла даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

— Спадар Самуйла, літаральна 3 дні таму Беларусь наведаў генэральны сакратар МАГАТЭ Юкіё Амана і на ўрачыстым адкрыцьці міжнароднай выставы «Атамэкспа-Беларусь 2016» заявіў: «Стварэньне двухблёчнай станцыі ў Астраўцы — гэта адзін з найбольш пасьпяховых праектаў у краінах, якія ступаюць на шлях разьвіцьця атамнай энэргетыкі». Генсакратару МАГАТЭ паказалі стэнды, звазілі яго на cаму будоўлю, запэўнілі, што АЭС будзе надзейна абароненая ад землятрусу, не баіцца цунамі, паводкі, шторму, урагану, сьмерчу, нават падзеньня самалёта. Атрымліваецца, што Юкіё Амана паверыў афіцыйнаму Менску, а суседзі-літоўцы ня вераць, што станцыя будзе цалкам бясьпечная?

— Ня думаю, што гендырэктар МАГАТЭ паверыў. Тое, што гаворыць МАГАТЭ, — гэта адно. Тыя абавязаньні, якія бярэ на сябе краіна — гэта зусім іншае. Тое, пра што казаў спадар Амана — гэта пажаданьні МАГАТЭ, а ня тое, што робіць Беларусь. Напрыклад, міжнародныя канвэнцыі МАГАТЭ і аб ядзерных адкідах, і аб ядзернай бясьпецы ўключаюць вельмі шмат аспэктаў. А тое, што рэальна робіць Беларусь — гэта зусім іншае, гэтыя рэчы адрозьніваюцца, як дзень і ноч. Таксама ёсьць канвэнцыі ААН — напрыклад, Канвэнцыя Эспоо. МАГАТЭ бярэ на сябе толькі адзін аспэкт — аспэкт ядзернай бясьпекі. Але ёсьць яшчэ аспэкт экалягічны, аховы навакольнага асяродзьдзя — тая ж канвэнцыя Эспоо, Орхуская канвэнцыя, Водная канвэнцыя Хэльсынкі. Трэба ацэньваць і тое, як само грамадзтва ўдзельнічае ў абмеркаваньні такога праекту, як ставіцца да будаўніцтва.

Экспэрты МАГАТЭ самі падкрэсьліваюць, што яны адмыслоўцы ў тэхналягічных пытаньнях, а астатняе — ня іхныя праблемы.

— А вы самі верыце ў тэхналягічную бясьпеку АЭС, якая будуецца амаль на мяжы зь Літвой?

— У тэхналягічную бясьпеку я веру, калі ўсё робіцца карэктна. Гэта як будаўніцтва дома: спачатку робіцца праект, пасьля гэтага фундамэнт, сьцены, вокны, дах. Але калі спачатку дах робяць, а потым думаюць, як будуць выглядаць сьцены, і наагул праекту яшчэ няма — гэта зусім іншая рэч.

— Да таго ж другі блёк цяпер наагул будуюць з апярэджаньнем графіку, паведаміў прадстаўнік «Росатома». Чарнобыльскую АЭС таксама ўдарнымі тэмпамі будавалі...

— Вось-вось, гэта і насьцярожвае. Я ня ведаю, як да будаўніцтва АЭС ставіцца беларускае грамадзтва. Але пытаньні экалягічныя, пытаньні ядзернай бясьпекі ў суседзяў-літоўцаў выклікаюць страх. Беларускую АЭС будуюць па самым танным праекце ў сьвеце. Самыя танныя рашэньні не бываюць якаснымі.

Беларускую АЭС будуюць па самым танным праекце ў сьвеце. Самыя танныя рашэньні не бываюць якаснымі

Прыкладна адна траціна жыхароў Літвы трапляе пад узьдзеяньне, калі на Астравецкай АЭС здарыцца аварыя, практычна мільён мы павінны будзем перасяліць або эвакуіраваць.

Мы, Літоўская дзяржава, і я асабіста як прадстаўнік літоўскага грамадзтва, ня хочам каля сваёй мяжы мець АЭС. Мы вельмі сумна жартавалі, калі размаўлялі з прадстаўнікамі іншых краінаў. Прасілі ў брытанцаў: «Вы можаце выдзеліць нам участак зямлі, каб мільён літоўцаў мог перасяліцца ў Брытанію?» Зь немцамі, швэдамі жартавалі гэтаксама. Таму што калі нешта здарыцца, мы ня хочам жыць у гэтых месцах. Усе мы ведаем, што здарылася і з Прыпяцьцю, і з часткай Гомельскай, Магілёўскай абласьцей пасьля Чарнобылю.

— Але ўжо зразумела, што пытаньне з Астравецкай АЭС вырашана канчаткова, ніхто ўжо ня спыніць будаўніцтва...

— Яшчэ не зразумела. Я скептычна стаўлюся да будаўніцтва і да завяршэньня праекту. Таму што ёсьць і фінансавыя аспэкты, і іншыя аспэкты. У любы момант можна ўсё зьмяніць. Трэба ісьці за швэдзкім прыкладам. Некалі швэды пабудавалі ў сябе АЭС, прычым недалёка ад Капэнгагена. Але па просьбе дацкіх уладаў швэды ўсё ж такі зачынілі атамную электрастанцыю. Ёсьць і такія прыклады. Вы ж самі ведаеце, што ў 1980-я гады пачыналі будаўніцтва АЭС літаральна за 40 кілямэтраў ад Менску, але пасьля Чарнобыльскай катастрофы спынілі будаўніцтва. Так што ўсё можа быць. Як кажуць, «не перакрочыўшы парог, ня трэба казаць «ох».

Ваша нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч некалькі дзён таму казала, што Беларусь наступае на тыя ж самыя граблі. Што Чарнобыль так і навучыў Беларусь анічому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG