Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька беларускага добраахвотніка Віктар Мельнікаў: Лукашэнка баіцца тых, хто ваюе ва Ўкраіне пад бел-чырвона-белым сьцягам


Ян Мельнікаў
Ян Мельнікаў

У Менску ўтвораны грамадзкі камітэт бацькоў тых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне з сэпаратыстамі. Паводле аднаго з арганізатараў камітэту Віктара Мельнікава, такіх беларусаў ва Ўкраіне больш за сто.

Ягоны сын Ян у якасьці добраахвотніка ваюе пад Аўдзееўкай на Данбасе. Прыяжджаць у Беларусь на сустрэчу з бацькамі і сваякамі Ян ня важыцца, бо такіх, як ён, у Беларусі чакае арышт і суд. Апошні раз бацька і сын бачыліся ў ліпені ў Кіеве.

Такая асьцярожнасьць з-за таго, што ў 2106 годзе ў Беларусі ўнесьлі зьмены ў закон аб бясьпецы, паводле якіх добраахвотніцтва прыраўнялі да тэрарызму. «Гэта адбылося на загад Лукашэнкі», — мяркуе Віктар Мельнікаў і кажа, што іхні бацькоўскі камітэт будзе змагацца за адмену антыдобраахвотніцкіх паправак.

Акрамя таго, паводле актывіста, такія, як ён, бацькі аб’ядналіся, каб бараніць і свае правы.

«У нас ва ўсіх праходзілі ператрусы, міліцыянты адабралі кампутары, іншыя рэчы, шмат што так і не вярнулі, як, прыкладам, не вярнулі пляншэт Вользе Шаўлюкевіч, у якой сын ваюе ва Ўкраіне. Ідзе ціск ня толькі на нас, але і на сяброў нашых сыноў, іх знаёмых. Вось чаму мы таксама мусім абараняцца праз аб’яднаньне», — сказаў карэспандэнту Свабоды Віктар Мельнікаў.

Чаму ён мяркуе, што гэта кіраўнік беларускай дзяржавы асабіста стаіць за перасьледам беларускіх добраахвотнікаў, калі публічна ён не аднойчы падтрымліваў афіцыйны Кіеў у змаганьні з сэпаратыстамі?

Віктар Мельнікаў: «Лукашэнка заўжды быў такі. Ён можа гандляваць усім, абы заставацца ў працэсе.

Тое, што ён даў пляцоўку для перамоваў у Менску паміж Кіевам і сэпаратыстамі, гэта ня клопат пра мір, а клопат найперш пра асабісты палітычны капітал. Але Эўропе гэта спадабалася.

Вось толькі амаль адначасова тут пачаўся жорсткі перасьлед сем’яў добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну. Як гэта патлумачыць? Мне бачыцца, што Лукашэнка проста вельмі баіцца людзей, якія там ваявалі, якія маюць досьвед барацьбы супроць маскоўскіх акупантаў, прычым пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Хоць за што іх перасьледаваць? У нас жа вайны з Украінай няма, гэта сяброўская для нас краіна, мы зь ёй актыўна гандлюем.

Для іх усё проста: калі ты ўзяў у рукі зброю за межамі краіны, значыць, ты тэрарыст і крымінальнік. Хоць усё гэта шыта белымі ніткамі

Самога Лукашэнку паслухаць, дык ён бы з усімі сэпаратыстамі разабраўся за дзьве гадзіны, як ён казаў на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі ў Кіеве. Але раптам яго стала гэта непакоіць, калі хлопцы пачалі адкрываць твары і адкрыта казаць, што яны беларусы, што яны тут з пэўных прычын.

Тады, у 2015 годзе, ён спачатку даў загад проста з намі разабрацца, высьветліць настроі, папалохаць. Памятаю, у сьнежні мяне выклікалі ў міліцыю на размову, вялі гутаркі пра сына. І гэтаксама было ў іншых бацькоў: пыталіся, а чаго сын паехаў, а ці ня хоча зрынуць уладу і тут?

Але ў выніку аказалася, што наёмніцтва нашым сынам прычапіць нельга, прыціснуць іх няма за што, і спатрэбіліся зьмены ў закон. Тады і быў выдадзены ўказ прэзыдэнта, хутка ўнесьлі тыя зьмены пра тэрарызм, ухвалілі іх як закон, і цяпер ня трэба даказваць наёмніцтва.

Для іх усё проста: калі ты ўзяў у рукі зброю за межамі краіны, значыць, ты тэрарыст і крымінальнік. Хоць усё гэта шыта белымі ніткамі».

Карэспандэнт: «А што кажа ваш сын пра абвінавачаньні з боку беларускай дзяржавы ў наёмніцтве?»

Мельнікаў: «Ведаеце, яны ўсе маладыя, рамантыкі, іх гэта асабліва пакуль не турбуе. Яны гэта нават асабліва і не камэнтуюць, ведаючы, хто такі Лукашэнка.

Але нас, бацькоў, гэтая сытуацыя вельмі непакоіць. Хочацца, каб сыны часьцей прыяжджалі дадому, каб канчаткова сюды вярнуліся і тут нараджалі для нас унукаў.

І для Беларусі ж гэта важна, каб лепшыя яе сыны не зьяжджалі, каб аддавалі свае сілы ня толькі Ўкраіне ці Польшчы, а жылі на карысьць найперш Беларусі. Дарэчы, гэтак думаем ня толькі мы, бацькі добраахвотнікаў, але і шмат іншых людзей, з кім размаўляеш пра гэтую сытуацыю.

З краіны па ўсім сьвеце разьяжджаецца наша моладзь, самыя ініцыятыўныя, самыя таленавітыя, а застаюцца толькі паслухмяныя. З кім будзем будаваць дэмакратычную Беларусь? Мы і пра гэта думаем».

Віктар Мельнікаў ды іншыя сябры аргкамітэту бацькоў добраахвотнікаў кажуць, што зьвязацца зь імі магчыма праз сацыяльныя сеткі. Аргкамітэт плянуе зарэгістраваць арганізацыю, а калі зрабіць гэтага ня ўдасца, працягваць дзейнічаць як ініцыятыўная група.

Дапамогу ў правядзеньні першай прэсавай канфэрэнцыі бацькам беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне аказала партыя БХД.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG