Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сьвет стаў менш верыць у лідэрства ЗША, а Беларусь — больш


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Беларусь аказалася сярод чатырох краінаў, што сталі значна больш давяраць ЗША, вынікае з дасьледаваньня амэрыканскага Інстытуту Гэлапа. У сярэднім у сьвеце прызнаньне лідэрства Злучаных Штатаў упала да рэкордна нізкіх лічбаў.

Цяпер лідэрства ЗША ўхваляюць 24% апытаных (без уліку шэрагу арабскіх краінаў, Кітаю, Паўночнай Карэі і ўласна ЗША), не ўхваляюць — 55%. У часы мінулага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ўхваленьне лідэрства ЗША дасягала 40-50%, падзеньне адбылося пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнта Дональда Трампа.

Апытаньне праводзілася асабіста або праз тэлефон сярод 1000 чалавек узростам ад 15 гадоў у 134 краінах, статыстычная хібнасьць вагаецца ад 2 да 5,1%.

Трамп спадабаўся беларусам, ізраільцянам, македонцам і лібэрыйцам

Але некаторыя краіны сталі толькі больш верыць у ЗША. Самы высокі рост ухваленьня лідэрства ЗША за апошні год — у Лібэрыі (плюс 17%), Македоніі (плюс 15%), Ізраілі (плюс 14%) і Беларусі (плюс 11%).

У прыватнасьці, у Беларусі паказьнік «ухваленьня» вырас з 9% да 20% — паводле Інстытуту, беларусы «верагодна, бачаць перамогу Трампа як перамогу для Беларусі, калі стасункі ЗША з Расеяй палепшацца або калі Расея працягне рабіць прымірэнчыя крокі з Захадам».

Меншы рост, але ўсё ж рост, паказалі Расея, Украіна, Польшча, Грузія, Ірак, Казахстан, Кіргізстан, Манголія, Нэпал, Таджыкістан, Туркмэністан і шэраг іншых краінаў. У Расеі, напрыклад, паказьнік «ухваленьня» вырас на 6 пунктаў, але толькі да 8% (так мала яшчэ толькі ў Ісьляндыі).

Справа не ў саміх беларусах і ня ў Трампе, — Фёдараў

Андрэй Фёдараў, архіўнае фота
Андрэй Фёдараў, архіўнае фота

Экспэрт у міжнародных пытаньнях Андрэй Фёдараў кажа Свабодзе, што такія зьмены зьвязаныя хутчэй са стаўленьнем беларускага кіраўніцтва да Злучаных Штатаў:

«Я думаю, справа ў тым, што беларускія ўлады рэзка скарацілі сваю крытыку ў адрас Злучаных Штатаў у параўнаньні з тым, што было яшчэ колькі год таму. І вось рэакцыя насельніцтва. Справа толькі ў гэтым: я думаю, дэталяў амэрыканскага кіраўніцтва асноўная маса людзей ня ведае.

Мяркуючы па выказваньнях беларускага кіраўніцтва, яно лічыць, што Злучаныя Штаты нам усё ж патрэбныя ў сёньняшніх абставінах, калі Расея сябе паводзіць, мякка кажучы, непрадказальна. Лепш усё ж сябраваць – недавер не выводзіцца на першы плян, а выводзіцца магчымасьць узаемадзеяньня. Найперш эканамічнага, але і палітычнага таксама. Гэта яшчэ не хаўрусьнік, але ўжо і не праціўнік, якім Штаты лічыліся яшчэ 5-7 гадоў таму.

Тое, што ЗША не зусім скасавалі санкцыі, гэта раздражняе, але гэта не настолькі моцны ціск, каб празь яго псаваць стасункі зь першай дзяржавай сьвету. Зацікаўленасьць пераважае».

Саюзьнікам ЗША Трамп не спадабаўся

Заходняя і Паўночная Эўропа, краіны Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, Паўднёвай Азіі, а таксама Аўстралія, Турэччына, Японія і іншыя сталі давяраць ЗША меней. Як адзначаюць у Інстытуце Гэлапа, вялікія страты ў веры ў ЗША — у саюзьніках Штатаў. Больш за 40 пунктаў «ухваленьня» ЗША страціла ў Бэльгіі, Канадзе, Нарвэгіі і Партугаліі.

За апошнія 10 гадоў, паводле Інстытуту Гэлапа, застаецца значна больш стабільным ухваленьне лідэрства Нямеччыны (на канец 2017 году 41% ухваляюць), Кітаю (31%) і Расеі (27%).

1995 год: Аляксандар Лукашэнка з Гілары і Білам Клінтанам (тагачасным прэзыдэнтам ЗША) падчас візыту ў Злучаныя Штаты
1995 год: Аляксандар Лукашэнка з Гілары і Білам Клінтанам (тагачасным прэзыдэнтам ЗША) падчас візыту ў Злучаныя Штаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG