Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі дылема: ня ведаюць, што зрабіць з муміяй Леніна


Рэшткі цела Ўладзіміра Леніна. Масква, 30 кастрычніка 1993
Рэшткі цела Ўладзіміра Леніна. Масква, 30 кастрычніка 1993

Пахаваць або не пахаваць мумію лідэра Кастрычніцкага перавароту 1917 году ў Расейскай імпэрыі Ўладзіміра Ўльянава-Леніна? Сёлета думкі расейцаў падзяліліся амаль пароўну.

Паводле апытаньня «Левада-Цэнтру», 41% апытаных лічыць, што цела Ўладзіміра Леніна трэба пахаваць, і роўна гэтулькі ж прапануюць пакінуць яго ў маўзалеі. Апытаньне правялі ў канцы кастрычніка сярод 1600 чалавек з 48 расейскіх рэгіёнаў. Пра што сьведчаць гэтыя вынікі, Радыё Свабода распавёў сацыёляг «Левада-Цэнтру» Дзяніс Волкаў.

— Мы проста задалі пытаньне ў новай фармулёўцы. У нас да гэтага былі больш падрабязна сфармуляваныя два варыянты перапахаваньня і трэці варыянт — пакінуць як ёсьць. Цяпер мы прапанавалі проста выбраць: так або не — вынесьці або пакінуць цела, — і атрымалі фактычна 50 на 50, дакладней, 41 на 41, астатнія вагалася. Мы бачым, што грамадзтва ў гэтым пытаньні, калі пытацца або/або фактычна расколатае напалову. Зразумела, што тыя, хто супраць пахаваньня — гэта тыя, хто жыў у часы савецкай улады, людзі сталага ўзросту. Многія зь іх да гэтага часу галасуюць за КПРФ, лічаць сябе камуністамі. Для іх гэта проста частка іх жыцьця. Маладзейшыя, больш адукаваныя хутчэй выступаюць за пахаваньне.

— Значыць, людзей не бянтэжыць, што сярод краіны фактычна ляжыць мумія?

— У гэтых катэгорыях, мне здаецца, вельмі мала хто думае. Мне здаецца, для тых, хто выступае супраць пахаваньня, гэта проста частка іх жыцьця. Ён заўсёды быў там. Гэта частка Савецкага Саюзу, частка таго пантэону, які там быў, частка той ідэалёгіі, якая была, зь якой людзям, якія пражылі ўсё жыцьцё пры гэтым, досыць складана расстацца. І яны кажуць: «Давайце ня будзем варушыць мінулае. Што здарылася — то здарылася, а далей ня трэба». А іншым, хто выступае «за», проста ўсё роўна.

— А расейскае кіраўніцтва ў такой сытуацыі на чыім баку? Або яно проста баіцца прыняць рашэньне?

— Мне здаецца, што кіраўніцтва ў нас звычайна вельмі прагматычна ставіцца да гэтага. Паколькі грамадзтва расколатае амаль напалову, то я думаю, што проста ня будуць нічога вырашаць.

Таму што звычайна або прымаюцца папулярныя рашэньні, або прымаюцца рашэньні, якія можна неяк інтэрпрэтаваць і растлумачыць большасьці. Але калі такі досыць вялікі супраціў, я думаю, што гэтае пытаньне проста пакінуць. У рэшце рэшт, усім усё роўна — ляжыць ён там ці не ляжыць. Толькі невялікая колькасьць людзей расцэньвае гэтае пытаньне ў хрысьціянскім сэнсе, з пункту гледжаньня маралі, трэба чалавека пахаваць і гэтак далей. Я думаю, што гэтая вельмі малая частка мысьліць у такіх катэгорыях. Для іншых — гэта або ідэалягічнае пытаньне, або проста гэтае пытаньне для іх не актуальнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG