Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«We speak your language» — менскіх міліцыянтаў будуць вучыць ангельскай мове да ІІ Эўрапейскіх гульняў


Ілюстрацыйнае фота

Да ІІ Эўрапейскіх гульняў 2019 году, якія пройдуць у Менску, праваахоўнікі вырашылі правесьці трохмесячныя курсы ангельскай мовы для супрацоўнікаў міліцыі Меншчыны і Магілёўшчыны, Дэпартамэнту аховы МУС і ваеннаслужачых унутраных войскаў.

Неабходнасьць гэтага тлумачаць тым, што «правядзеньне ў Менску ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі выявіла неабходнасьць больш глыбокага веданьня замежных моваў супрацоўнікамі», паведамляе газэта МУС Беларусі «На страже».

На курсах ужо цяпер займаюцца 100 чалавек, паэтапна плянуюць падрыхтаваць больш за 400 супрацоўнікаў, якія будуць непасрэдна ўдзельнічаць у захаваньні грамадзкай бясьпекі падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў.

У навучаньні пэдагогі найперш разьбіраюць сытуацыі, якія могуць паўстаць у штодзённым нясеньні службы: міліцыянты вывучаюць тэмы «Апісаньне зьнешнасьці», «Афіцыйнае прадстаўленьне супрацоўніка праваахоўных органаў замежным грамадзянам», «Праверка дакумэнтаў», «Аказаньне дапамогі ў выпадку няспраўнасьці аўтамабіля», «Парушэньне грамадзкага парадку», «Допыт падазраванага і апытаньне сьведкі» — усяго 25 тэмаў.

Як піша выданьне, адна з задач пэдагогаў — матываваць міліцыянтаў на самастойнае вывучэньне мовы, працу над сабой.

Такія курсы для міліцыянтаў праводзяць не ўпершыню. Напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску для міліцыянтаў таксама праводзілі курсы, а таксама распрацавалі пяцімоўны размоўнік (які ўключаў ангельскую, нямецкую, польскую, францускую і гішпанскую мовы).

9 траўня 2014 году, у дзень адкрыцьця чэмпіянату сьвету па хакеі, карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі падчас гуляньняў на праспэкце Пераможцаў спрабаваў пагутарыць зь менскімі міліцыянтамі па-ангельску, па-француску і па-польску:

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG