Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер польскага сэйму зноў прыяжджае ў Беларусь


Рышард Тэрлецкі

30 жніўня — 1 верасьня ў Беларусі будзе знаходзіцца дэлегацыя польскіх парлямэнтароў на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Пра гэта Свабодзе сёньня сказаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валер Варанецкі:

Хочам, каб польскія калегі пакантактавалі з рэгіянальнымі ўладамі, зь мясцовымі бізнэсоўцамі

«Спадар Тэрлецкі быў у нас летась. І вось праз год новы візыт. Перамовы пройдуць ня толькі ў Менску, але і ў Гарадзенскай вобласьці. Хочам, каб польскія калегі пакантактавалі з рэгіянальнымі ўладамі, зь мясцовымі бізнэсоўцамі. Думаю, ад гэтага будзе вялікая карысьць».

Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы наведала Курапаты, старшыня дэлегацыі — Рышард Тэрлецкі
Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы наведала Курапаты, старшыня дэлегацыі — Рышард Тэрлецкі

Калі леташні візыт праходзіў на тле паляпшэньня стасункаў паміж Менскам і Варшавай, то апошнім часам сытуацыя зьмянілася ў горшы бок.

Тыдзень таму міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што Варшава ня мае намеру закупляць у будучыні энэргію зь Беларускай АЭС і лічыць гэты праект небясьпечным.

«Мы ня зьменім нашай думкі пра куплю энэргіі з гэтай атамнай станцыі. Я думаю, што ў аснове яе ляжаць небясьпечныя тэхналёгіі, а адсутнасьць бясьпекі прывяла да Чарнобылю. Таму мы супраць гэтай АЭС, мы не зьбіраемся супрацоўнічаць і купляць яе энэргію», — сказаў міністар.

У адказ на гэтыя выказваньні МЗС Беларусі выклікаў для тлумачэньняў амбасадара Польшчы.

«Візыт дэлегацыі на чале з Рышардам Тэрлецкім быў заплянаваны даўно, — тлумачыць сытуацыю палітоляг Алесь Лагвінец. — І словы польскага міністра не павінны сарваць паездку. Бо міністар можа сёньня сказаць адно, а празь нейкі час — іншае.

Палітыка Польшчы адносна Беларусі ідзе зразумелым шляхам. Палякі хочуць выкарыстаць спробы беларускіх уладаў наладзіць кантакты з Захадам. І Польшча тут ня хоча некаму саступаць.

А ўлады Беларусі, не саступаючы ў галоўным, хочуць камунікаваць з краінамі Эўразьвязу. І тут інтарэсы Менску і Варшавы супадаюць».

У студзені-лютым 2017 году адбыўся афіцыйны візыт беларускіх парлямэнтароў на чале з намесьнікам старшыні ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Баляславам Пірштуком. Ён стаў першым на такім роўні за шмат гадоў.

Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Летась Беларусь наведалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са сьпікерам Сэнату Станіславам Карчэўскім у сьнежні і на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім у жніўні.

XS
SM
MD
LG