Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы візыт у Польшчу «за апошнія шмат гадоў»


Валер Варанецкі

«Афіцыйны візыт беларускіх парлямэнтароў на чале з намесьнікам старшыні ніжняй палаты Нацсходу Баляславам Пірштуком у Польшчу, які пачнецца 30 студзеня, стане першым на такім роўні за апошнія шмат гадоў», — сказаў сёньня журналістам старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валер Варанецкі.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, чаго беларускія ўлады чакаюць ад гэтай паездкі, спадар Варанецкі сказаў, што дэлегацыю запрасіў віцэ-сьпікер польскага Сэйму Рышард Тэрлецкі. Падчас паездкі заплянаваныя сустрэчы з польскімі калегамі, прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, бізнэсу, беларускай дыяспары. Ёсьць спадзяваньні на пашырэньне і паглыбленьне кантактаў, на распрацоўку супольных эканамічных праектаў, якія стануць карыснымі для абодвух бакоў.

Кіраўнік дэпутацкай групы па супрацы з калегамі з Польшчы ў Палаце прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч сказаў журналістам, што чакаюцца новыя візыты. У прыватнасьці, Менск наведае польская дэлегацыя на чале з Адамам Андрушкевічам — сустаршынём польска-беларускай парлямэнцкай групы. Затым будзе візыт беларускіх дэпутатаў у адказ.

Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Летась Беларусь наведалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са сьпікерам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім у сьнежні і на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім у жніўні.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што праз запрашэньне беларускай дэлегацыі польскія дэпутаты дэ-факта прызналі Палату прадстаўнікоў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG