Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі чакаюць статусу назіральнікаў у Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора


Валеры Варанецкі

Атрыманьне Беларусьсю статусу назіральніцы ў Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора можа адбыцца летам гэтага году на сэсіі ў нямецкім Гамбургу.

Такую магчымасьць у размове са Свабодай ня выключыў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валеры Варанецкі.

Ён вярнуўся ў Менск з пасяджэньня сталага камітэту Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора, якое прайшло ў Брусэлі.

«У сталіцы Бэльгіі шмат хто казаў пра тое, што, бадай, упершыню дэпутат беларускага парлямэнту ўдзельнічаў у афіцыйным мерапрыемстве ў будынку Эўрапарлямэнту. Менавіта ў ім засядалі прадстаўнікі Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора. І я таксама бачу тут пэўную палітычную сымболіку пры ўсёй складанасьці адносінаў паміж намі і Эўрапарлямэнтам. Тое, што мяне запрасілі сюды, пра нешта ўсё ж гаворыць.

Тэматыка выйшла далёка за межы нашага звароту аб наданьні статусу назіральніка. Бо на сустрэчу прыйшло шмат дэпутатаў Эўрапарлямэнту, у тым ліку і старшыня дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі. Па сутнасьці, ішла дыскусія вакол таго, што адбываецца апошнім часам у Беларусі, пра нашы дачыненьні з Эўропай. Казалі пра сьмяротнае пакараньне, пра выбары. Гучалі розныя меркаваньні: і крытычныя, і станоўчыя. Але агульны сэнс быў такі — трэба разьвіваць дыялёг, супрацу і праз гэта знаходзіць паразуменьне».

Рашэньне надаць статус чальца альбо назіральніка ў Парлямэнцкай канфэрэнцыі краін Балтыйскага мора прымае Генэральная асамблея гэтай арганізацыі. Звычайна яна зьбіраецца раз на год. Бліжэйшае пасяджэньне пройдзе летам 2017 году ў Гамбургу.

Беларусь ініцыявала далучэньне да Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора яшчэ ў 2009 годзе. Аднак тая спроба посьпеху не прынесла, бо Нацыянальны сход Беларусі там не прызналі легітымным парлямэнтам.

Вясной 2015 году зь Менску прыйшла новая заяўка. Сталы камітэт канфэрэнцыі атрымаў ліст ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай аб атрыманьні статусу назіральніка, «каб беларускі бок меў магчымасьць прысутнічаць на пасяджэньнях». Аднак ні ў 2015, ні ў 2016 гадах беларускае пытаньне на сэсіі не разглядалася.

Парлямэнцкая канфэрэнцыя краінаў Балтыйскага мора заснаваная ў 1991 годзе ў Хэльсынкі. Статус сталага ўдзельніка ў ёй маюць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія, а таксама 5 міжпарлямэнцкіх арганізацыяў (Балтыйская асамблея, Эўрапейскі парлямэнт, Парлямэнцкія асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ, Паўночная Рада).

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG