Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая ў Радзе Эўропы: «Мы страцілі 20 гадоў, аднак лепш позна, чым ніколі»


Ганна Канапацкая

Беларускія ўлады хочуць толькі вярнуць статус спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, а не зрабіць Беларусь сябрам Рады Эўропы.

Пра гэта заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, выступаючы 24 студзеня на слуханьнях пра сытуацыю ў Беларусі ў палітычным камітэце ПАРЭ ў Страсбургу, перадае БелаПАН.

«Цяпер, калі ўлады спрабуюць нармалізаваць дачыненьні з Эўразьвязам, яны гатовыя супрацоўнічаць і з Радай Эўропы, і з ПАРЭ. Яны хочуць атрымаць статус спэцыяльнага запрошанага — гэта іхная галоўная мэта, а ня стаць чальцом Рады Эўропы. Стратэгія апазыцыі іншая: апазыцыя цалкам падтрымлівае адмену сьмяротнага пакараньня. Мы хочам ратыфікаваць канвэнцыю аб правах чалавека. Хочам вяртаньня сумленных выбараў і выкананьня Беларусьсю ўзятых на сябе абавязацельстваў», — сказала Канапацкая.

«Вядома, шкада, што мы страцілі 20 гадоў, аднак лепш позна, чым ніколі. Мы павінны ўступіць у Раду Эўропы», — падкрэсьліла дэпутатка.

Дыскусія пра Беларусь праходзіць у межах зімняй сэсіі ПАРЭ, якая адкрылася ў Страсбуру 23 студзеня. Для ўдзелу ў слуханьнях ПАРЭ запрасіла дваіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG