Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вэлком» сабраўся запускаць тэлеканал. Будзе беларускамоўны кантэнт


© Shutterstock
© Shutterstock

Мабільны апэратар «Вэлком»​ (гандлёвая марка velcom) сабраўся накіраваць інвэстыцыі на стварэньне ўласнага тэлеканалу — зьбіраюцца як адаптаваць пад беларускі рынак папулярныя замежныя тэлешоў і сэрыялы, так і трансьляваць беларускі кантэнт накшталт футбольных матчаў, а таксама ствараць уласныя перадачы.

Кампанія таксама зьбіраецца пашыраць асартымэнт відэа ў фармаце 4K (звышвысокае разрозьненьне — больш за HD і FullHD), весьці жывыя трансьляцыі з турніраў у кібэрспорце.

Як расказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў «Вэлком»​ Вячаслаў Сьмірноў, пляны адносна тэлеканалу пакуль толькі папярэднія, нейкіх канкрэтных лічбаў ён назваць пакуль ня можа, але дапускае, што частка кантэнту будзе па-беларуску.

«Сёньня мы расказваем толькі пра наш першы крок [у стварэньні тэлеканалу], што мы ў гэтым напрамку ідзем, што маем пляны ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, — расказвае Сьмірноў. — Таму казаць пра тое, колькі будзе адсоткаў [кантэнту па-беларуску], цяпер цяжка. Але ж вы ведаеце: velcom даўно ў гэтай тэме, вялікую ўвагу надае беларускамоўнаму кантэнту, перакладае фільмы на беларускую мову. Так, гэта ў плянах, але канкрэтных лічбаў пакуль няма».

Пра пляны аб разьвіцьці беларускамоўнага відэакантэнту «Вэлком»​ казаў яшчэ летась — але тады гаворка ішла пра пераклады фільмаў і сэрыялаў для анлайн-плятформы Voka.

Кампанія актыўна падтрымлівае праект «Беларускія ўікэнды», у межах якога ствараецца беларуская агучка для замежных фільмаў. У праекце перакладалі ня толькі старыя фільмы, але і даволі новыя. Так, прэм’ера нідэрляндзкага фільма «Шторм: Палаючы ліст» у Беларусі прайшла менавіта па-беларуску. Для фільма «Таемнае жыцьцё Ўолтэра Міці» на беларускую пераклалі нават гіт Дэвіда Боўі «Space Oddity».

«Вэлком» таксама рабіў праекты, прысьвечаныя беларускай мове, але не зьвязаныя зь відэакантэнтам: літаратурныя Movabox і «Чытаем па-беларуску з velcom», беларускую клявіятуру для iPhone, калі на ім яшчэ не было магчыма пісаць па-беларуску… Кампанія актыўна карысталася беларускай мовай у рэкляме яшчэ да «беларускамоўнага буму».

Беларускай мовы ў тэлевізіі пакуль мала

Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна расейскамўныя. На «Беларусь-1» хіба ёсьць асобныя перадачы па-беларуску: 10 і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёну», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2–5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсьць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчаньня, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадачаў каналу.

Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб гэтым намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадачаў і рубрык».

Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабэльныя апэратары — з такой прапановай яны зьвярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадалапрапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.

Беларускамоўныя перадачы Радыё Свабода — аўдыё і відэа >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG