Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім прапанавала новаму міністру інфармацыі стварыць цалкам беларускамоўны тэлеканал


Дэпутатка Алена Анісім

27 кастрычніка ў Авальнай залі Дома ўраду адбылося сумеснае паседжаньне чальцоў дзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі. На ім прадстаўнікі ўраду адказвалі на пытаньні дэпутатаў.

Скарыстаўшыся такой магчымасьцю, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім зьвярнулася да міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча і пацікавілася, калі ў Беларусі будзе хоць бы адзін цалкам беларускамоўны тэлевізыйны канал.

«Я думаю, што за 25 гадоў сувэрэннай Рэспублікі Беларусь неабходнасьць мець такі канал сасьпела», — сказала Алена Анісім.

Нядаўна прызначаны міністар адказаў, што зь цікавасьцю сочыць за ейнымі выказваньнямі і камэнтарамі адносна стварэньня беларускамоўнага каналу.

«Лічу, што гэта дастаткова цікавая справа і трэба працягваць яе абмяркоўваць. Што тычыцца прысутнасьці сёньня беларускай мовы на тэлевізыйных каналах нашай краіны, то, мне здаецца, прастора яе ўжываньня пашырылася істотна. Яна будзе пашырацца і далей, калі да гэтага будзе падрыхтавана грамадзтва», — сказаў Карлюкевіч.

Алена Анісім уступіла ў дыскусію зь міністрам і выказала сваю думку, што фрагмэнтарныя беларускамоўныя перадачы на розных каналах у розны час не зьяўляюцца забесьпячэньнем роўнасьці дзьвюх моваў.

«На мой погляд, трэба правесьці мерапрыемства для вызначэньня грамадзкай думкі на тэму стварэньня такога каналу з поўным вяшчаньнем на беларускай мове», — адзначыла дэпутатка.

Алесь Карлюкевіч
Алесь Карлюкевіч

Міністар інфармацыі прапанаваў зьвярнуцца да дэпутатаў, каб яны ўнесьлі падобную прапанову.

«Мне думаецца, трэба нам сабрацца разам, напрыклад у парлямэнцкай камісіі па сродках масавай інфармацыі, і абмеркаваць гэтую праблему», — сказаўў міністар Карлюкевіч.

Алена Анісім зазначыла, што на беларускамоўным канале можна было б мець такую цікавую праграму, як «Парлямэнцкая гадзіна». Гэта падвысіла б рэйтынг і самога парлямэнту, і беларускамоўнага каналу.

На што міністар параіў ёй зьвярнуцца да іншых дэпутатаў і разам вырашыць гэтую праблему:

«Трэба сабрацца з камісіяй па СМІ і абмеркаваць ужываньне беларускай мовы ня толькі на тэлевізыйных каналах, але і ў СМІ наогул».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG