Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навокал крызіс, нават не спадзявалася і на такую суму», — працягваецца збор сродкаў на вазок для Дашы Ліс


Дарʼя Ліс

1 чэрвеня ад 18 да 21 гадзіны на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтру (Менск, вул. Залатая горка, 2-101) пройдзе кніжны кірмаш у падтрымку Дарʼі Ліс — пісьменьніцы, журналісткі, стыпэндыяткі фонду Магдалены Радзівіл. Таленавітая дзяўчына зь вёскі Залесьсе на Смаргоншчыне ўжо шмат гадоў прыкаваная да інваліднага вазка.

У красавіку на плятформе talaka.by быў распачаты збор сродкаў, каб Даша магла набыць сучасны нямецкі электравазок з вэртыкалізатарам — новыя тэхналёгіі дазваляюць зьменшыць нагрузку на сьпіну, забясьпечыць зручнасьць ды мабільнасьць.

Пакуль сабрана прыкладна траціна неабходнай сумы:

«Сёньня якраз падлічвалі, — кажа Радыё Свабода Дарʼя Ліс. — Дык вось з улікам таго, што сабрана на „Талацэ“, паступіла на банкаўскі рахунак і перадалі сябры, атрымліваецца 5 тысяч 400 эўра. Фактычна трэцяя частка ад неабходнай сумы. Спадзяюся, нешта яшчэ зьбярэцца, але ў любым выпадку стаўлюся да гэтага па-філязофску: навокал крызіс, нават не спадзявалася, што будзе такая сума. Прынамсі, за гэтыя грошы я ўжо магу набыць добры вазок замест старога, які імкліва развальваецца. Няхай ён будзе без вэртыкалізатара, але з добрымі амартызатарамі — каб гуляць, каб крыху паберагчы сьпіну. Так што ў любым выпадку гэта прагрэс».

Мадэль нямецкага вазка з вэртыкалізатарам Ottobock C1000 SF каштуе больш за 30 тысяч беларускіх рублёў, з падаткамі — усе 34 тысячы (у эквіваленце прыкладна 17 тысяч эўра). Такі вазок дазваляе карыстальніку прыняць вэртыкальнае становішча — як бы «стаяць», а не «сядзець». Гэта разгружае тазасьцёгнавыя суставы, дапамагае дацягвацца да паліцаў.

Пра такую раскошу можна было толькі марыць, аднак сёлета ў сакавіку Даша Ліс атрымала стыпэндыю імя Магдалены Радзівіл для пісьменьніц і перакладчыц. Тады журы пад старшынствам Сьвятланы Алексіевіч фінансава падтрымала трох аўтарак — па 2000 беларускіх рублёў кожнай.

Дарʼя ўспрыняла гэта як першы крок да рэалізацыі сваёй мэты, бо свабода творчасьці для яе наўпрост зьвязаная з мабільнасьцю. Неабыякавыя людзі дапамаглі распачаць грамадзкі збор сродкаў на вазок для Дашы.

Сёньня папоўніць скарбонку змогуць удзельнікі дабрачыннага кірмаша, за якім Даша будзе сачыць дыстанцыйна. Паводле арганізатараў, усе ахвяраваньні будуць далучаныя да сродкаў, якія зьбіраюцца праз плятформу talaka.by, а таксама праз дабрачынныя рахункі.

На вечарыне зьбяруцца беларускія творчыя людзі, якія абмяняюць свае кнігі і дыскі на ахвяраваньні для Дашы Ліс. Свой удзел пацьвердзілі літаратары, перакладчыкі і музыкі Людміла Рублеўская, Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Ганна Янкута, Ігар Крэбс, Кася Камоцкая, Аляксей Жбанаў, гурт TonqiХod ды іншыя.

«Людзі адгукаюцца, і гэта вельмі прыемна, — кажа Даша. — Днямі быў сюрпрыз ад роднай школы: там прачыталі пра мой збор на вазок і перадалі свой унёсак — 137 рублёў (прыблізна 65 эўра). Дзякуй агромністы, усьцешаная, што памятаеце пра мяне! А яшчэ напісалі аднакурсьніцы маёй мамы з розных краін, цікавіліся, якім чынам лепш дапамагчы. Па шчырасьці, гэта ўсё моцна абавязвае не тармазіць і рабіць штосьці добрае».

Дарʼя Ліс нарадзілася і жыве ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне. У яе разьвілася сьпінальна-мышачная атрафія — генэтычнае захворваньне, пры якім не працуюць мышцы ног, галавы і шыі — і падлеткам яна страціла магчымасьць самастойна хадзіць.

Хвароба адкарэктавала пляны на прафэсію. У Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, куды пры канцы 1990-х Дарʼя хацела паступаць на францускае аддзяленьне, не аказалася ліфта, шлях туды быў закрыты ў літаральным сэнсе. Скончыла факультэт беларускай філялёгіі і культуры Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, пачала займацца літаратурнай творчасьцю і журналістыкай.

Цяпер супрацоўнічае з Радыё Рацыя ды шэрагам іншых незалежных мэдыяў, вядзе блог і піша ў сацыяльных сетках. У 2008 годзе пабачыла сьвет яе кніга вершаў і апавяданьняў «Вясновы джаз». У 2013-м Дарʼю прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Некалькі гадоў таму сямʼі з дапамогай сяброў удалося набыць для Дарʼі электравазок. З таго часу яна можа вандраваць — з бацькамі езьдзіла па Беларусі, у Вільню, Беласток, на Балтыку. Пабывала зь сяброўкай і ў Парыжы. Яе чакаюць у Італіі, ЗША, Нямеччыне, але праз тэхнічныя праблемы рэалізаваць пляны не ўдаецца — дарогі ў ваколіцах ня лепшай якасьці, і цяперашні вазок зусім растросься.

Выправіцца ў Брэмэн, калі набярэцца неабходная сума, Дарʼя плянуе сама — вазок тэхнічна складаны і патрабуе абавязковай «прымеркі». Грошы на падарожжа дзяўчына ўжо адклала з журналісцкіх заробкаў.

XS
SM
MD
LG