Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: З Ватыканам мы разам працуем над захаваньнем традыцыйных каштоўнасьцяў


Джавані Анджэлё Бэчу і Ўладзімер Макей на сустрэчы ў Менску

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў на адкрыцьці ў Менску новага будынку Апостальскай нунцыятуры і згадаў будучае 25-годзьдзе дыпляматычных дачыненьняў Беларусі і Ватыкану.

«Нас збліжаюць аднолькавыя падыходы да пытаньняў забесьпячэньня міру і стабільнасьці, сацыяльнай справядлівасьці, — перадае БЕЛТА словы Ўладзімера Макея. — І мы разам працуем над захаваньнем традыцыйных каштоўнасьцяў.

Цягам чвэрці стагодзьдзя між Беларусьсю і Ватыканам разьвіваецца актыўны, канструктыўны і даверны дыялёг, на рэгулярнай аснове ажыцьцяўляецца абмен візытамі на ўсіх узроўнях».

Макей таксама выказаў Ватыкану ўдзячнасьць за «канструктыўны і ўзважаны падыход Рымска-каталіцкага касьцёлу да захаваньня міжканфэсійнай згоды ў Беларусі, да імкненьня вырашаць магчымыя пытаньні шляхам дыялёгу, для якога характэрныя ўзаемная павага і разуменьне».

Намесьнік дзяржаўнага сакратара Ватыкану Джавані Анджэлё Бэчу адзначыў, што не пачуваеца іншаземцам у Беларусі ня толькі таму, што ў Беларусі моцная гістарычная прысутнасьць каталікоў, але і таму, што «кожны народ аднолькава абраны Богам»:

«Я хацеў бы працытаваць яшчэ аднаго Францішка, — казаў Бэчу пасьля згадкі Папы Францішка. — Вялікага Скарыну. Ён пісаў, што людзі, дзе б ні нарадзіліся, маюць вялікую любоў да сваёй радзімы. Новы будынак Апостолькой нунцыятуры сымбалізуе вялікую любоў Папы Рымскага Францішка да Беларусі».

Паводле Бэчу, Касьцёл імкнецца рабіць унёсак у будучыню, будаваць масты сяброўства і стабільнасьці. Беларусь, казаў ён, як «важная частка эўрапейскай прасторы» можа зрабіць свой уклад у захаваньне традыцыйных каштоўнасьцяў, як інстытут сям’і, працавітасьць, цярплівасьць і самаадданасьць, уменьне зьніжаць напружанасьць мірным шляхам.

Беларусь чакае Папу і канкардат

Апостальскі нунцый Габар Пінтэр выказаў спадзеў, што Папа Францішак наведае Беларусь асабіста і «адчуе дабрыню і гасьціннасьць Беларускага краю». Пра запрашэньне Папы ў Беларусь згадваў і Макей.

Тым часам Беларусь і Ватыкан усё яшчэ распрацоўваюць канкардат — дамову, у якой фармулююцца дачыненьні між дзяржавай і каталіцкай царквой на тэрыторыі дадзенай дзяржавы. У цяперашніх умовах Беларусь наўрад ці можа заключыць такую дамову бяз згоды Масквы.

XS
SM
MD
LG