Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што Беларусь не падпісала з Касьцёлам канкардат. Што гэта і навошта?


Тадэвуш Кандрусевіч

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў 2 траўня ў Акадэміі кіраваньня Рэспублікі Беларусь з дакладам пра адносіны дзяржавы і рэлігійных установаў.

Ён адзначыў, што «неабходна па-новаму паглядзець... на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі», перадае Catholic.by.

Кандрусевіч заявіў, што «Касьцёл не патрабуе сабе ніякіх прывілеяў, але толькі прызнаньня правоў, патрэбных для яго дзейнасьці». У прыватнасьці, ён адзначыў, што закон 1992 году «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» састарэў.

Так, замежныя сьвятары ня могуць праводзіць імшу, калі прыяжджаюць у якасьці турыстаў; дазвол на працу замежным сьвятарам даецца не заўсёды, а калі даецца, то на 3–6 месяцаў. Таксама патрэбны закон аб рэстаўрацыі, падобны да расейскага, літоўскага ці латвійскага, бо перадача раней канфіскаваных касьцёльных будынкаў адбываецца несправядліва або не адбываецца ўвогуле. Нормы аб будаўніцтве новых касьцёлаў няма, тэрмін іх будаўніцтва вызначаецца нарматывамі для клюбаў і дамоў культуры, касьцёлы штрафуюць за доўгае будаўніцтва. Складаны парадак атрыманьня, рэгістрацыі і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі некамэрцыйнымі арганізацыямі, няма падатковых ільготаў для спонсараў. Некаторыя аддзелы ідэалёгіі патрабуюць ад касьцёлаў праграму навучаньня катэхізісу ў нядзельных школах і сьпісы дзяцей, якія іх наведваюць. Ня вырашаныя пытаньні факультатыўнага рэлігійнага выхаваньня ў школах, капліцаў пры шпіталях, турмах або вайсковых частках. Бясьпека вернікаў падчас сьвяточных мерапрыемстваў забясьпечваецца з ужываньнем аўтазакаў, што «зусім не спрыяе настрою хрысьціянскага сьвята».

Акрамя таго, Кандрусевіч адзначыў, што Беларусь пакуль не падпісала канкардат з Апостальскім Пасадам, які замацоўвае правы і абавязкі бакоў, «гарантуе права свабодна несьці ў грамадзтва дух Эвангельля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасьці і разьвіваць сацыяльнае вучэньне, каб сьвецкая дзяржава ўзбагачалася хрысьціянскімі каштоўнасьцямі».

Што такое канкардат і чаму яго не падпісалі?

Канкардат (ад лацінскага concordatum — пагадненьне) гэта дамова між дзяржавай і Ватыканам, у якім фармулююцца адносіны між дзяржавай і каталіцкай царквой на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, тлумачыць Свабодзе гісторык і палітоляг Анатоль Сідарэвіч. Ён сумняецца, што ў цяперашніх умовах Беларусь можа заключыць такую дамову бяз згоды Масквы:

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

«Канкардат заключыць немагчыма, таксама як немагчыма, каб Лукашэнка запрасіў папу Рымскага ў Беларусь. Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы можа запрасіць кіраўніка дзяржавы Ватыкан. Але для таго, каб папа Францішак прыехаў у Беларусь як галава каталіцкай царквы, патрабуецца згода тае царквы, якая мае ў гэтай краіне большасьць. А большасьць у Беларусі мае экзархат праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Выяўляецца, кіраўнік дзяржавы ня можа запрасіць галаву іншай дзяржавы бяз згоды маскоўскага патрыярха.

Так і з канкардатам: і Менск мо рады б заключыць, і Ватыкан мо рады б заключыць канкардат, але бяз санкцыі маскоўскага патрыярха Лукашэнка канкардат не заключыць. Тут або праваслаўная царква будзе кіраваная ў Беларусі, таксама як ва Ўкраіне, дзе яна не аўтаномная, але з шырокімі правамі, сваім сынодам і сваім аддзелам зьнешніх царкоўных зносін, або як цяпер — экзархат. Мітрапаліта нам прыслала Масква — нават не грамадзяніна Беларусі.

Гэтыя размовы пра канкардат даўно былі, сьціхалі і зноў пачыналіся, але бяз згоды Данілавага манастыра, рэзыдэнцыі Маскоўскага патрыярха, ніякага канкардату ня будзе. Патрыярх Кірыл — прыхільнік тэорыі і практыкі „рускага міру“, таму ён ня пойдзе на тое, каб Беларусь заключыла канкардат з Ватыканам, ня дасьць на гэта згоды».

Паводле Сідарэвіча, канкардат — ня проста сымбалічнае пагадненьне, а строгі юрыдычны дакумэнт — Ватыкан жа мае больш як тысячагадовыя дыпляматычныя традыцыі. Але ўмовы канкардату могуць быць спрыяльнымі не для ўсіх вернікаў:

«Беларусы добра памятаюць канкардат 1925 году між Ватыканам і Польскай Рэспублікай. Гэты канкардат быў надзвычай шкодны беларусам і ўкраінцам, у тым ліку беларускім і ўкраінскім каталікам. Канкардат заключаецца дзеля спрыяньня каталікам, але якім каталікам?

Напрыклад, мяне цікавіць пытаньне: калі быў нейкі праект канкардату, якія там артыкулы прадугледжаныя адносна грэка-каталіцкай царквы? Вядома, што Ватыкан не прызначае біскупа для беларускіх грэка-каталікоў, толькі каб не раздражняць Маскву. Калі Ватыкан будзе заключаць канкардат зь Менскам, ці асьмеліцца Ватыкан уключыць адпаведныя артыкулы і надаць грэка-каталіцкай царкве ў Беларусі юрыдычны статус, герархічную завершанасьць, паставіць біскупа? Бо калі няма біскупа, няма царквы!

А Масква ніколі ня згодзіцца, каб Ватыкан паставіў у Беларусі біскупа і стварыў юрыдычна завершаную грэка-каталіцкую царкву. А Ватыкан будзе абачліва глядзець, каб не раздражняць Маскву, бо ў яго і ў Расеі інтарэсы ёсьць. У Расеі ж таксама няма грэка-каталіцкай царквы, Ватыкан не асьмельваецца там прызначыць самастойнага біскупа».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG