Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе спадзяюцца на 10 мільёнаў тон збожжавых, як загадаў Лукашэнка


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц лічыць, што сёлета Беларусі ўдасца наблізіцца да лічбы ў 10 мільёнаў тон збожжавых.

Як заявіў ён у эфіры тэлеканалу АНТ, гэты год быў няпростым для аграрыяў, не было ўпэўненасьці ў высокіх паказьніках, аднак выніковы ўраджай абнадзейвае.

Паводле яго, разам збожжавыя і зернебабовыя культуры па ўсіх катэгорыях гаспадарак складаюць 8 мільёнаў 150 тысяч тон. На гэты час застаюцца няўбранымі 250 тысяч тон збожжавых плюс 170 тысяч тон у фэрмэрскіх гаспадарках.

Дадаткова будзе нарыхтавана 730 тысяч тон рапсу і блізу 20 тысяч тон сьвірэпы. Апроч таго, сказаў Заяц, чакаецца добры ўраджай кукурузы.

Лічбу 10 мільёнаў тон збожжавых як заданьне для АПК шмат разоў агучваў Аляксандар Лукашэнка.

Лічба ў 10 мільёнаў тон збожжавых ні пра што ня сьведчыць і абсалютна нічога не вырашае

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук казаў у камэнтары для Свабоды, што магічная лічба 10 мільёнаў тон перасьледуе Беларусь апошнія два дзясяткі гадоў, але насамрэч столькі збожжа краіне не патрэбна. Разьлічаныя міжнародныя нарматывы прадугледжваюць 500-600 кіляграмаў на чалавека, іншымі словамі, дастаткова зьбіраць удвая меней:

«Можна толькі пашкадаваць, што ўсё мяняецца і разьвіваецца, акрамя прыроды беларускай улады. Лічба ў 10 мільёнаў тон збожжавых ні пра што ня сьведчыць і абсалютна нічога не вырашае. Ніхто ня можа адказаць, ці патрэбна столькі збожжа, ці гэта дасягненьне, ці, наадварот, пагроза для аграпрамысловага комплексу. У цывілізаваным сьвеце, дзе разважаюць тэрмінамі рынкавай эканомікі, ніхто не ганарыцца тым, колькі сабрана збожжа. Яго вырошчваюць столькі, колькі патрэбна гаспадаркам».

Да таго ж, дадае Аляксандар Ярашук, у Беларусі квітнее сыстэма прыпісак, таму выніковую справаздачу пра 10 мільёнаў тон можна паставіць пад сумнеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG