Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта нам свой ураджай, калі імпартнае лепш? Цыганкоў супраць Карбалевіча


Чаму сельская гаспадарка патрэбная краіне — аргумэнты Віталя Цыганкова

1. Калі нядаўна ў Катара пачаліся сур’ёзныя праблемы з суседзямі, то ўсе жыхары гэтай краіны кінуліся ў крамы закупляць імпартныя прадукты харчаваньня. Сама краіна харчаваньне фактычна не вырабляе, таму насельніцтва такой краіны вельмі залежнае ад настрою суседніх дзяржаваў. Пэўная харчовая незалежнасьць патрэбная.

2. Пэўныя посьпехі за апошнія гады ў сельскай гаспадаркі Беларусі ёсьць. Ураджайнасьць збожжавых узьнялася з 15 цэнтнэраў у 1991 годзе да 35. Расьце экспарт беларускай прадукцыі за мяжу.

3. Сельскую гаспадарку падтрымліваюць ва ўсім сьвеце, прынамсі ў Эўропе — дакладна. Эўрапейскія фэрмэры і палітыкі змагаюцца за тое, каб павялічваць датацыі «сваім», і за квоты для сваёй прадукцыі на эўрапейскім рынку. Нідзе сельская гаспадарка не жыве паводле законаў вольнага рынку.

4. Калі "згарнуць"сельскую гаспадарку, калі не вырабляць сваю прадукцыю, а купляць імпартную — то куды падзець вяскоўцаў? Чым яны будуць займацца? Гэта будзе сацыяльная дэградацыя.

5. Калі цяпер сельская гаспадарка, магчыма, не зусім рэнтабэльная і цягне грошы зь бюджэту, — гэта ня значыць, што тут можна ўсё разваліць, замяніўшы свае вытворчасьці імпартам. Бо многія тэхналёгіі ў расьлінаводзтве, у жывёлагадоўлі, калі не разьвіваць іх увесь час, проста страцяцца і не адновяцца.

6. Лукашэнка разумее народныя архетыпы, павагу да ўраджаю, хлеба, дабрабыту і гуляе на гэтым, набірае сабе палітычныя пункты.

Чаму ня трэба падтрымліваць сельскую гаспадарку? Аргумэнты Валера Карбалевіча

1. Сельская гаспадарка ў Беларусі нерэнтабэльная, яна існуе дзякуючы дзяржаўным датацыям. Гэта значыць, цягне грошы зь бюджэту, з заробкаў і пэнсій. І чым большы экспарт харчаваньня, тым больш субсыдзіруецца замежны (у асноўным расейскі) спажывец. Для беларускіх спажыўцоў было б выгадней спыніць бюджэтнае фінансаваньне. Няхай застаюцца толькі тыя гаспадаркі, якія выжывуць у рынкавых умовах. А недахоп харчаваньня будзе кампэнсаваны імпартам. Які, дарэчы, можа быць больш якасны (бо без радыяцыі) і, можа, нават таньнейшы.

2. Тэзіс пра харчовую бясьпеку — гэта міт. Ёсьць квітнеючыя краіны (Сынгапур, краіны Пэрсыдзкай затокі), дзе сельскай гаспадаркі ўвогуле няма. Імкнучыся забясьпечыць харчовую бясьпеку, Беларусь падрывае бясьпеку фінансавую.

3. Праблема голаду ў сьвеце існуе не таму, што не хапае харчаваньня, а таму, што ў насельніцтва ці дзяржавы, дзе людзі галадаюць, не хапае грошай.

4. У ЭЗ узяты курс на скарачэньне субсыдый сельскай гаспадарцы.

5. Вельмі добры прыклад Новай Зэляндыі, якая адмовілася ад субсыдый сельскай гаспадарцы, расчыніла дзьверы перад харчовым імпартам. Спачатку гэта выклікала невялікі спад у галіне. Але потым нацыянальныя вытворцы, апынуўшыся ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі, хутка адрадзілі вытворчасьць. І сёньня сельская гаспадарка Новай Зэляндыі — самая квітнеючая і канкурэнтная ў сьвеце.

6. Тое, што Лукашэнка праводзіць сэлектарную нараду, езьдзіць па палях у вышыванцы, сядае ў камбайн з Колем — гэта танны піяр, гульня на старажытных архетыпах масавай сьвядомасьці, гульня на страхах голаду, які сядзіць у мэнтальнай культуры старэйшага пакаленьня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG