Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настае жніво, збор ураджаю. А гэта азначае, што прыходзяць дажынкі. Але сёньня, калі мы чуем слова «дажынкі», уяўляем адразу аляпавата прыбраную цэнтральную плошчу аднаго з райцэнтраў, гучныя песьні расейскіх поп-выканаўцаў з дынамікаў, мажных кабет у куплёных бліскучых а-ля народных строях, шэрагі чыноўнікаў рознага ўзроўню, якія ў трымценьні за зробленае чакаюць прысуду найвялікшага чыноўніка — ці то ласкі, ці то кары. Словам — афіцыёз, паказуха з узнагародамі трактарыстам і камбайнэрам у выглядзе граматаў і нават ключоў ад аўто. Гучаць урачыстыя прамовы, патас якіх зводзіцца да таго, што дзякуючы самаадданай бітве за ўраджай народ і гэтым разам ня будзе галодны. Але пры чым тут дажынкі? Ці мае такі фэст датычнасьць да народнай традыцыі? Абрады інтэрпрэтавалі на новы лад? А мо проста скралі ў традыцыі прыгожае слова — і адбылася падмена? Варта ўсё ж разабрацца, якія сэнсы беларусы ўкладалі ў само паняцьце дажынак. Пра традыцыю дажынак у колішняй беларускай вёсцы мы і будзем сёньня гутарыць з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі:Тацяна, як я разумею, дажынкі — гэта апошні этап цэлага жніўнага комплексу. Напэўна ж, у народнай традыцыі адзначалі, сьвяткавалі і пачатак гэтага комплексу, і нейкія асноўныя этапы яго. Наўрад ці магло так быць, што адзначалі толькі фінал. Дажынкам, напэўна ж, папярэднічалі і іншыя абрады?

Тацяна Валодзіна: Маеце рацыю. Канечне ж, увесь жніўны абрадавы комплекс ня зводзіўся толькі да дажынак, але ўключаў у сябе і зажынкі, першы выхад гаспадыні на поле. Зажынкавы рытуал уяўляўся асабліва важным, бо яго правільнае адбываньне магічна забясьпечвала ўдалае жніво, плён — і, што гэтаксама важна, здароўе ўдзельнікаў. Адразу варта падкрэсьліць, што кожны этап жніўнай эпапэі зь неабходнасьцю ўключаў у сябе зварот да ўсяго навакольля, у яго касьмічным нават размаху, куды ўваходзіла і ажыватвораная ніва, і яе духі-гаспадары, і зьвяры, і атмасфэрныя зьявы, і сам Бог у палатнянай кашулі пільнаваў і пасылаў палёгку. І кожны элемэнт сьветабудовы выконваў сваю, толькі яму прадвызначаную функцыю ў гэтым адзіным парыве — сабраць ураджай. А фактычна забясьпечыць жыцьцё на год наступны.

Вячаслаў Ракіцкі:То бок сёньняшнія маштабныя мерапрыемствы з удзелам усіх прыступак улады — усё ж творчая інтэрпрэтацыя на сучасным этапе народнай традыцыі? І маё іранічнае стаўленьне да агульнанацыянальных дажынак ня вельмі карэктнае? Хай і так... Зразумела, што абрад дажынак ня быў магчымы без зажынак. Дык зь іх і пачнём нашу гутарку. Што і як адбывалася на зажынках?

Тацяна Валодзіна: ​Найперш абіраўся дзень, які падказвала і сама прырода, а на ўсходзе Магілёўшчыны і адмысловыя палявыя пастушкі. Верылі, што праходзяць яны па ніве гэтак званую Богаву дарожку — роўненька падстрыжаную палоску жыта, казалі нават, што зрабіла той зажон сама Божая Маці або палявы гаспадар. І ў жніўнай песьні, задаючы ўзор, пачынае зажын Бог:

«Сам Бог жыта зажаў, вялікія снапы вязаў, частыя копы стаўляў».

А ў вёсцы абіралася самая паважаная жанчына, абавязкова чыстая і чэсная, якая ў сьвяточным белым убраньні кіравалася зажаць снапок. На полі пакідала хлеба-солі, прыгаворвала:

«Стань, мой сноп, на тысячу коп» (Бельскі пав.); «Дай жа, Божа, штоб лёгка жалась! Сярэдзінка не балела, ручанькі ня млелі, ножанькі не дзервянелі, галава не гарэла».

Гэты запіс зь Себескага павету. Адзін снапок, гэтак званы «гадавы гасьцёк», гаспадыня несла дадому і стаўляла на кут. Зажынкавы снапок прыносілі і са сваіх надзелаў, і з панскіх або калгасных. Ішла, падперазаўшыся вязьмом, каб не балела ў жніве сьпіна. Але важна тое, што першы выхад у поле — выключна рытуальны крок. Пачынаецца жніво — «вайна». Але Бог толькі пачынае яе, прывесьці яе да пераможнага фіналу — задача людзей.

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі
Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі

Вячаслаў Ракіцкі: Вось і вы сказалі: вайна. З трыбунаў і афіцыйных мэдыяў сёньня часьцей чуваць выраз «бітва за ўраджай», гэта сынонім вайне. Але чаму за ўраджай трэба змагацца, а не прыйсьці ды проста зжаць?

Тацяна Валодзіна: ​Сабраць ураджай, забясьпечыць негалоднае жыцьцё да такой ступені важна, што людзі і ў даўнія часы ўжывалі гэтае слова — «вайна». Нават у жніўнай песьні ёсьць такія словы:

«А ў нас сёньня вайна была:
Усё поле зваявалі...

Усё жыта пажалі,
Сабе славы даказалі».

Так што выраз «бітва за ўраджай» — даўняя мэтафара. Але толькі на першы погляд жніво ў фальклёрным адлюстраваньні — проста мэтафара бітвы (вайны), якая адбываецца на полі і завяршаецца поўнай «перамогай» жнеек над жытам, у выніку чаго яны здабываюць сабе «славу». На карысьць такой аналёгіі сьведчыць і «Слова аб палку Ігаравым», дзе бітва на Нямізе апісваецца аўтарам як крывавае жніво:

«На Немизе снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоце животъ кладутъ, веютъ душу отъ тела».

Вайна ў старажытнаэўрапейскіх эпасах заўсёды выступае не як прыхамаць чалавека ці нейкіх сацыяльных групаў, а толькі як воля багоў. Як цьвердзяць філёзафы, «(вайна) гэта гульня багоў, але каб весьці яе, багам патрэбныя пасярэднікі (героі)». І менавіта ў якасьці герояў, якія здабылі сабе «славу» на полі бітвы, выступаюць у фальклёры жнеі. Архетып сьмерці-нараджэньня прадстаўлены ў жніўных абрадах і песьнях даволі выразна, «вайна» пераможна завяршаецца татальнай і масавай сьмерцю «залатых панічоў» (так жыта фігуруе ў загадцы пра серп), якая вядзе да новага вітка жыцьця (паводле Ўладзімера Лобача).

Вячаслаў Ракіцкі: Усё гэта было тады, калі існавала прыватная ўласнасьць на зямлю, калі чалавек на палетках змагаўся за свой ураджай, а значыць, за сваё жыцьцё. А як жа распачыналі гэтую бітву ўжо не на асабістых надзелах, а ў калгасах?

Тацяна Валодзіна: ​Пакуль жалі сярпамі — зажыналі абавязкова, дый паперад камбайнаў у шэрагу гаспадарак яшчэ трымаюцца гэтага старадаўняга звычаю. Дарэчы, у гэтую падкрэсьлена сакральную практыку пачалі адкрыта ўмешвацца і аддзелы культуры. З добрымі намерамі, натуральна, але ў бальшыні сваёй зьвёўшы падкрэсьлена ўрачыста-індывідуальны сакральны акт паклону ніве, якая дачакалася чалавека з найвялікшым у сьвеце дарам — хлебам, да забаўляльнай цырымоніі з элемэнтамі даўніх абрадаў. Аднак, пры ўсёй крытыцы, калі ня раз назіраеш такія падзеі, усё ж адчуваеш подых традыцыі, адвечнае трымценьне земляроба перад пачаткам жніва, калі ўзрушанае чаканьне проста зьвініць у паветры. Праўда, неяк нязвыкла назіраць, як ідзе асьвячаць камбайны сьвятар, бо ў традыцыі — першы выхад і першы паклон, першы акрайчык хлеба ніве і першыя сьпевы.

Вячаслаў Ракіцкі: Само жніво і ў мінулым, і нават сёньня, на сучасных камбайнах з кандыцыянэрамі, — найперш цяжкая і вельмі адказная праца. Таму адразу да дажынак. Што і як адбывалася ў полі, калі заставаўся адзін крок да завяршэньня надзвычай важнай працы?

Тацяна Валодзіна: ​У полі пакідалі нязжатымі апошнія каласкі, якія ў розных рэгіёнах насілі назвы «барада», «спарыня», «раёк», «каза», «перапёлка», «дзед/дзедава барада», «Богава барада», «кукла». Гэты кавалак нязжатага жыта старанна выполвалі, заклікаючы ваўкоў, мядзьведзяў «бараду палоць», палівалі вадою, каб і налета дождж паліваў, частавалі ніву хлебам-сольлю, у шэрагу раёнаў качаліся па «барадзе», каб і «жыта ў трубы вілося». Словам, усё кіравалася на тое, каб забясьпечыць ураджай наступнага году. «Барада» ў народнай сьвядомасьці павінна была захаваць урадлівую сілу зямлі, або, у варыянтах, калі яе прыносілі дадому, — перадаць тую сілу ўсёй гаспадарцы. Разам з барадою стаўлялі апошні сноп і плялі вянок. Гэты вянок, упрыгожаны кветкамі, несьлі да гаспадара, а той частаваў жнеяў гарэлкай, мёдам і плаціў за працу. Калі ўтварылі калгасы, то вянок несьлі старшыні калгасу. Дажынкавы вянок захоўваўся на покуці, потым яго асьвячалі (каталікі звычайна на Зельную, а праваслаўныя — на Ўсьпеньне), а зерне зь яго ці з зажынкавага снапка выкарыстоўвалі пры засяваньні.

Вячаслаў Ракіцкі: Наколькі можна меркаваць паводле сучасных сцэнараў дажынак, вянок існуе да сёньня, як і традыцыя несьці дахаты важкія снапы.

Тацяна Валодзіна: ​Як падкрэсьлівае ў сваіх дасьледаваньнях Уладзімер Лобач, дажынкавы вянок — гэта сымбалічнае, але разам з тым прадметнае ўвасабленьне новага вітка касмагоніі, абноўленая доля, якую прыносяць з поля ня проста жанчыны, нанятыя на талаку, а вястункі (дружына) Бога. Таму і атрымаць гэты вянок гаспадар можа толькі праз дараабмен, што тыпалягічна тоесна каляднаму ці велікоднаму рытуалу, у якім частаваць калядоўшчыкаў (валачобнікаў) у абмен на пажаданьне добрай долі гэтаксама абавязкова. Сапраўды, дажынкавы пачастунак ці нават баль — ня проста радасьць з нагоды сканчэньня цяжкой працы, але адзін з магічных шляхоў дачыненьняў чалавека і ўсяго навакольля, іншасьвету і нават космасу. Нездарма менавіта на дажынках зьяўляецца ў беларускіх вёсках незвычайны падарожны — Спарыш, або Рай.

Вячаслаў Ракіцкі: Рай — заманлівае слова, рай — мара кожнага чалавека, калі ён вернік, натуральна. Але ж рай — не чалавек, не жывёліна. Як ён можа хадзіць па вуліцах? І спарышом мы можам назваць падвойны колас, агурок. Дык пра якіх падарожных гаворка?

Тацяна Валодзіна: ​Перад намі праўдзівы фэномэн падзьвінскай культуры, які мае адпаведнікі ў балцкай традыцыі, але практычна не сустракаецца ў іншых славянскіх народаў. Гаворка пра адмысловы дух урадлівасьці і дастатку. Гэта ня дэман, але фактычна боства, сваімі функцыямі яно суадносіцца з боствамі расьліннасьці, якая памірае і ўваскрасае, прыкладам, эгіпецкім Асірысам. І Спарыша, і Рая запрашаюць на покуць, садзяць на золаце, частуюць найлепшымі стравамі. Вобраз Рая ці Спарыша-боства як нельга лепей адпавядае самым запаветным марам селяніна, калі той зьвяртаўся са словамі заклінаньня-малітвы:

«Прыспары мне, Спарыш, і ў доме, і ў полі,
І ў гумне, і ў двары, і ў клеці, і ў печы,
І ў клеці карабом, і ў печы пірагом...»

І Спарыш, і Рай як мітычныя істоты ў сваіх функцыях непасрэдна судачыняюцца з апошнімі каласамі (якія таксама могуць мець найменьне «раёк» і «спарыня»), зь іх асноўным прызначэньнем — забясьпечыць плён на наступны год. Дарэчы, пашыраны прыпеў жніўных песень «раю, мой раю», асобныя тэксты часам дазваляюць убачыць у лексэме «рай» яе найбольш відавочнае значэньне:

«Краю дажнёмся, раю-раю,
Раю дажджомся, раю-раю».

Вячаслаў Ракіцкі: Калі ласка, Тацяна, скажыце колькі словаў і пра сноп, яго мэтафарычнае, сымбалічнае, а мо нават і сакральнае значэньне. Бачыце ж, сноп сёньня стаў адной з аздобаў пампэзнай сцэны. І наўрад ці бярэцца пад увагу яго сакральная роля.

Тацяна Валодзіна: ​Так, сноп, асабліва першы ці апошні, надзяляўся жыватворнай, прадукцыйнай сілай, атаясамліваўся з мужчынскім пачаткам і ўвасабляў багацьце, пераемнасьць і дабрабыт. Апошні сноп станавіўся цэнтральным атрыбутам шэрагу звычаяў: зь ім у абдымку кача¬ліся па полі, куляліся празь яго, несьлі ў вёску, нават у хаты да хворых, да цяжарных жанчын, да маладух, якія сёлета пайшлі замуж. У беларусаў апошняму снапу часам на-давалі антрапаморфны выгляд — пера¬вязвалі два разы, адасабляючы такім чынам «галаву», «тулава» і «спадніцу», працягвалі «руку», надзявалі вянок, адсюль і адпаведныя назвы: «баба», «Салоха», «дзед». Прыгадаем і найменьне снапа гаспадаром. У сваю чаргу, найменьне снапа «дзед» адсылае да ўяўленьняў пра сьвет замагільны, пра продкаў — апекуноў гаспадарчых спраў. У любым разе, арэолам сьвятасьці надзяляўся сноп са сваёй нівы.

Вячаслаў Ракіцкі: Сноп са «сваёй» нівы... Але ж дзяржаўная зямля не свая? І нават не калектыўная, як мы гэта ведаем.

Тацяна Валодзіна: ​Калгасныя палеткі так і ня сталі сваімі, адчужэньне поля ад земляроба скасавала сакральны статус зямлі як боскага дару. Абагуленая (калгасная = нічыя) зямля і паноўная камуністычная ідэалёгія адсунулі рытуальна-міталягічныя аспэкты апрацоўкі зямлі, прагналі зь яе Бога і сьвятых, якія абыходзілі ніву ў найважнейшыя каляндарныя сьвяты. Да ўсяго варта дадаць, што з калгаснага поля зьнікаюць ня толькі Бог і сьвятыя, але і сам гаспадар, які быў абвешчаны «кулаком». На нічыйнай ніве не зажынае палявы дзядок, не ступаюць Спарыш ці Рай, не зьбіраюцца «бараду палоць» ваўкі і мядзьведзі. Чалавек-прыхадзень (але не гаспадар) страчвае глыбінныя повязі як з самою зямлёю, так і зь яе боскімі апекунамі.

Вячаслаў Ракіцкі: Значыць, гарадзкія дажынкі — гэта ўжо як бы і не дажынкі?

Тацяна Валодзіна: ​Дажынкі і не дажынкі... У вялікай ступені мы маем іх дэфармаванае падабенства. Але ж яны адлюстроўваюць рэальны стан дачыненьняў чалавека і зямлі, калі найміты рупяцца на чужой ніве. Толькі скразная насычанасьць нават сучасных дажынак глыбіннымі міталягічнымі схемамі і нават жывучасьць самой традыцыі ў часе пацьвярджаюць увасобленасьць у гэтай дзеі надзвычай важных для беларуса-земляроба ідэяў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG