Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Ёсьць шанец на 10 мільёнаў тон збожжавых. Экспэрт: Нам ня трэба так шмат


Беларусь разьлічвае сабраць сёлета каля 10 млн тон збожжавых. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка ў часе рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць, перадае БЕЛТА.

Праўда, як вынікае са слоў Лукашэнкі, узважваць ураджай «збожжавых» будуць з улікам рапсу і кукурузы.

«Мы пад 10 млн тон збожжавых можам сабраць разам з рапсам і кукурузай. Сёньня да вечара мы палову хлеба прыбяром. Мы 860 тысяч тон хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да 1 млн тон, можа, крыху больш. Але добры хлеб, калі ёсьць жаданьне прадаць, трэба сабраць і зрабіць абмен старых рэзэрваў — мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласьці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае ў гэтым годзе», — сказаў Лукашэнка.

Эканаміст і адмысловец у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук лічыць, што Беларусі ня трэба 10 мільёнаў тон зерня. У якасьці доказу ён прыводзіць лічбу 600 кіляграмаў на чалавека — менавіта столькі вырошчваюць у Галяндыі, адным з усясьветных лідэраў па вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Гэта значыць, што для Беларусі цалкам дастаткова ўраджаю ў 6–7 мільёнаў тон. Тое, што звыш, — паказьнік неэфэктыўнасьці нашай сельскай гаспадаркі».

Ярашук кажа, што ўраджай у 10 мільёнаў тон калісьці сапраўды быў «магічнай лічбай», але цяпер ужо ніхто не цікавіцца, колькі збожжа нарыхтавала краіна.

«Можна толькі пашкадаваць, што ўсё мяняецца і разьвіваецца, акрамя прыроды беларускай улады. Лічба ў 10 мільёнаў тон збожжавых ні пра што ня кажа і абсалютна нічога не вырашае. Ніхто ня можа адказаць, ці патрэбна столькі збожжа, ці гэта дасягненьне, ці, наадварот, пагроза для аграпрамысловага комплексу. У цывілізаваным сьвеце, дзе разважаюць тэрмінамі рынкавай эканомікі, ніхто не ганарыцца тым, колькі сабрана зерня. Яго вырошчваюць столькі, колькі патрэбна гаспадаркам».

Да таго ж, дадае Ярашук, у Беларусі квітнее сыстэма прыпісак, таму лічбу ў 10 мільёнаў тон можна паставіць пад сумнеў.

«Вельмі прыкра, што сельская гаспадарка ў Беларусі — галіна не эканомікі, а ідэалёгіі. Менавіта таму мы працягваем бачыць «бітву за ўраджай».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG