Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ў эфіры 35% песень на ўкраінскай мове


Вярхоўная Рада Ўкраіны 16 чэрвеня ўхваліла закон, згодна зь якім на радыёхвалях павінна гучаць 35% песень на ўкраінскай мове.

За законапраект прагаласавалі 268 народных дэпутатаў Украіны.

Некалі ў Беларусі таксама была зацьверджана квота беларускай музыкі на радыёхвалях — 75%. Але яна дазваляе песьні ў тым ліку і на расейскай мове, калі аўтары ці выканаўцы паходзяць зь Беларусі.

На ўкраінскім радыё 35% песень павінны гучаць на ўкраінскай мове. Радыёстанцыі, якія ставяць ня менш за 60% песень на афіцыйных мовах Эўразьвязу, павінны забясьпечыць ня менш за 25% — па-ўкраінску.

Мяркуецца, што доля песень на ўкраінскай мове і мовах Эўразьвязу павінна быць прапісаныя ў ліцэнзіі радыёстанцыі.

Акрамя таго, у законе сказана, што ня менш за 60% перадач (у тым ліку навінаў і аналітыкі, забаўляльных перадач) дыктары і вядучыя павінны праводзіць на дзяржаўнай мове.

У Беларусі квоты на беларускіх выканаўцаў уведзеныя яшчэ 11 гадоў таму. А вось мова вядзеньня праграм не прапісаная, таму большасьць беларускіх FM станцый расейскамоўныя. Ёсьць, праўда, невялікія выключэньні — напрыклад, «Радыё Сталіца». Што да музыкі, то Міністэрства інфармацыі яшчэ ў 2005 годзе загадала, каб беларуская музыка заняла 75% эфіру краіны. Праўда, удакладненьня, што песьні павінны выконвацца толькі на беларускай мове, не было. Да таго ж, айчыннымі выканаўцамі сталі лічыць усіх музыкаў, кампазытараў, якія маюць беларускія карані: Андрэя Макарэвіча, Барыса Маісеева, Алёну Сьвірыдаву, Ігара Карнелюка, Юрыя Антонава, Аляксандра Рыбака, гурт «Корні» і нават Rammstein, гітарыст якога нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі.

А якаснай беларускай музыкі бракуе, кажа кіраўнік адной з камэрцыйных FM станцый:

«Квоты дзейнічаюць дагэтуль. Выкручваемся зь цяжкасьцю. Якаснай музыкі вельмі мала, бо песьні пішуць некалькі чалавек, якіх на 75 працэнтаў не хапае, вымушаныя выходзіць з сытуацыі і круціць серадняк. З-за гэтага ўсе радыёстанцыі падобныя адна да адной — ня маюць уласнага пазнавальнага аблічча.

Мы бяром песьню ў выкананьні беларускага сьпевака, прайграем адзін куплет і прыпеў, потым з наступнай таксама робім „нарэзачку“

Яшчэ адно выйсьце — начныя эфіры. У адну эфірную гадзіну ўмяшчаецца ад 11 да 14 кампазыцый. Мы бяром песьню ў выкананьні беларускага сьпевака, працягласьцю, напрыклад, чатыры хвіліны. Прайграем адзін куплет і прыпеў, потым з наступнай таксама робім „нарэзачку“, і ў гэтую эфірную гадзіну „ўціскваем“ 25 кампазыцый, якія і заносім у „плэй-ліст“. Так што ў пазарэйтынгавы час робім такі „мэга-мікс“. Ёсьць і іншыя хітрыкі, а што рабіць?

Прыкра, што за камэрцыйнымі станцыямі пільна сочаць, многім станцыям Міністэрства інфармацыі выносіла папярэджаньні, а вось дзяржаўным станцыям кшталту Радыё „Сталіца“ ды іншым дазваляюць паслабленьні».

Генэральны прадуцэнт украінскага холдынгу «Таўр-мэдыя», куды ўваходзяць 6 FM-радыёстанцый, генэральны дырэктар Радыё «Хіт FM» Віталь Драздоў у 2005 годзе, калі ў Беларусі ўвялі квоту беларускай музыкі ў 75%, працаваў на «Альфа Радыё». Ведаючы розьніцу паміж беларускай і ўкраінскай мадэльлю, ён выказаў Свабодзе такое меркаваньне:

«Мы цудоўна разумеем, што ў цяперашнім гістарычным кантэксьце для сучаснай Украіны гэта правільны і своечасовы крок. Таму мы, у прынцыпе, з самага пачатку былі за падтрымку ўкраінскай музыкі, за кватаваньне, але разыходзіліся з грамадзянскімі актывістамі ў мэтадах ажыцьцяўленьня гэтага кватаваньня.

Грамадзянскія актывісты ва Ўкраіне хацелі зрабіць усё па беларускім варыянце, вельмі жорсткім і няправільным

У выніку быў прыняты ў пэўнай ступені кампрамісны варыянт, які на 100% ня можа задавальняць ніводзін з бакоў. Але ён, я спадзяюся, зьяўляецца выканальным, у адрозьненьне ад таго, што было зроблена ў Беларусі, дзе 75% музыкі ў эфіры павінна быць беларускай.

Галоўнае адрозьненьне ў тым, што мы хацелі гэты закон зрабіць з улікам як пазытыўнага, так і нэгатыўнага досьведу кватаваньня ў іншых краінах (Францыі, Польшчы, Беларусі, Аўстраліі, Канадзе). У Беларусі 12 гадоў таму наагул зрабілі выгляд, што ня ведаюць пра існаваньне ні станоўчага, ні адмоўнага досьведу іншых краін, і пайшлі сваім шляхам. У выніку атрымалася ўсё дастаткова крыва. А грамадзянскія актывісты ва Ўкраіне, зь якім мы спрабавалі знайсьці кампраміс, хацелі зрабіць усё па беларускім варыянце, вельмі жорсткім і няправільным, па тым варыянце, які не вядзе да росквіту нацыянальнай культуры.

Выніковы варыянт закону, вядома ж, аказаўся значна больш жорсткім, чым у суседняй Польшчы. Але мы паспрабуем зрабіць так, каб і ўзровень радыёвяшчаньня ня ўпаў, і задача па папулярызацыі ўкраінскай песьні была выкананая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG