Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Аўтарадыё»: на момант ліквідацыі станцыя каштавала паўмільёна даляраў


Роўна 5 гадоў таму зь беларускага FM-эфіру зьнікла «Аўтарадыё». Вяшчаньне папулярнай станцыі было спынена загадам тагачаснага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага, а падставай стала зьяўленьне на хвалі 105,1 перадвыбарных ролікаў кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду Андрэя Саньнікава, які заклікаў выбарцаў вырашыць лёс краіны не на кухні, а на плошчы. Гэта была адзіная мэдыйная ахвяра прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.

12 студзеня 2011 году Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, кіраваньне якой сумяшчаў зь міністэрскай пасадай спадар Праляскоўскі, паставіла калектыў «Аўтарадыё» перад фактам згортваньня вяшчаньня. Фармальнай прычынай для закрыцьця радыёстанцыі стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Менавіта так былі ацэненыя выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава — найперш заклікі лідэра «Эўрапейскай Беларусі» «памяняць лысую гуму».

Як згадвае дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан, у сярэдзіне таго дня да іх прыйшлі нязваныя госьці зь Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі і загадалі выключыць перадатчык. Што адметна, не з судовым рашэньнем, а на падставе меркаваньня чыноўніка. Ад таго часу ў FM-эфіры не чуваць знаёмых пазыўных, а радыйны офіс у будынку заводзкай адміністрацыі на вуліцы Прытыцкага ў Менску так і стаіць апячатаны:

Дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан
Дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан

«Усё зьнішчана, цалкам. Не выключаю, што завод урэшце ўсё расьцягнуў, бо я ж не магу забраць сабе перадатчыкі, студыйную апаратуру. Калі пасьля судоў стала зразумела, што нічога ўжо ня будзе, я нават напісаў дырэктару Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтру, каб забралі прынамсі тэхніку, гэта ж пункт выпраменьваньня! Але ім усё да лямпачкі. То бок уладзе трэба было проста зьнішчыць нас датла, каб нават уяўленьня, што прыватная радыёстанцыя можа вяшчаць не зь дзяржаўнага перадатчыка, не было ў прыродзе. Па вялікім рахунку, яны свайго дасягнулі — прыватнага ў гэтым сэктары не засталося нічога».

Юры Базан згадвае, што спробы апратэставаць аднаасобнае рашэньне чыноўніка Праляскоўскага напачатку прынесьлі досыць аптымістычны вынік. 9 сакавіка 2011-га Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўдным папярэджаньне аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. Аднак літаральна на другі дзень пасьля гэтага спадар Праляскоўскі заявіў, што яму не падабаецца такое рашэньне, і ўжо 17 сакавіка касацыйная калегія таго ж суду кардынальна зьмяніла пазыцыю, адмяніўшы ранейшы вырак. Справа пайшла на паўторны разгляд. Наступныя паседжаньні нічога суцяшальнага для радыё не прынесьлі — 10 траўня скарга аб прызнаньні рашэньня спыніць вяшчаньне несапраўдным была канчаткова адхіленая. Пазьнейшыя спробы радыёстанцыі легалізавацца празь ведамствы, якія, па сутнасьці, і былі ініцыятарамі яе ліквідацыі, апрыёры ня мелі ніякіх шанцаў на посьпех:

«У Міністэрства інфармацыі, па вялікім рахунку, зьвяртацца было папросту бессэнсоўна — ну да каго там зьвяртацца? Да Праляскоўскага, якога ўрэшце самога адтуль выкінулі? Ці да цяперашняй гаспадыні ведамства? Яны ж усе ў адной абойме, павязаныя аднымі ланцугамі. Міністэрства сувязі таксама нічога не вырашае, таму што ня мае ні кроплі самастойнасьці. Усе — звычайныя марыянэткі. Згадваю, што калі нас зачынялі, прыехалі два супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі — позірк у падлогу, маўляў, ты нас прабач, мы тут ні пры чым. Адзін нават у Аўгане служыў, савецкую „інтэрнацыянальную місію“ выконваў, а таксама вочы долу, нічога, апроч апраўданьняў, сказаць ня можа. Няма тут народу, грамадзтва, чалавека з уласнай пазыцыяй. Калі і набярэцца тысяч 10, якія нечага вартыя, то гэта толькі долі працэнта».

Некалькі гадоў таму ўдалося пабываць у «замарожаным» офісе «Аўтарадыё». На пачатку 2013-га таблічка на жалезных дзьвярах яшчэ сьведчыла, што фармальна рэдакцыя існуе і гатовая вярнуцца да выкананьня прафэсійных абавязкаў. Чакалі свайго часу студыйнае абсталяваньне і рэжысэрскія пульты, Юры Базан нават падключыў кампутар і запусьціў у кабінэт пазыўныя. Але што адбываецца за апячатанымі дзьвярыма сёньня — дырэктар ня ў курсе:

Юры Базан у колішняй студыі
Юры Базан у колішняй студыі

«Агульны сход радыёстанцыі вылучыў свайго прадстаўніка (сузаснавальніка), непасрэдна на месцы склалі з арэндадаўцам сьпіс абсталяваньня і дзьверы апячаталі. Вось і ўсё. Цяпер у мяне няма ні ключоў, ні доступу туды. Тым ня меней ужо тры гады спрабуюць прымусіць за нешта плаціць — я, аказваецца, гэтай дзяржаве яшчэ нешта вінен. Усё дапытваюцца, дзе наш новы юрыдычны адрас. Зь іх жа міласьці ўсё зачынена, зьнішчана, але да гэтага часу не супакояцца. Праўда, апошні раз не стрымаўся і так паслаў, можа крыху заціхнуць. Нейкая дама тэлефанавала, спыніў: вы на якой вуліцы цяпер? Аказалася, дзесьці ў цэнтры. Кажу, на праспэкце домік стаіць квадратны, падыміцеся на апошні паверх і запытайце, на якім сьвеце „Аўтарадыё“. Што да мяне дакалупаліся? 20 гадоў працаваў, дык узялі і выкінулі з прафэсіі».

Юры Базан ня можа адназначна акрэсьліць цяперашні статус нацыяналізаванага радыйнага абсталяваньня. Але прыкідвае, колькі каштавала «Аўтарадыё» на момант ліквідацыі — ня меней за паўмільёна даляраў:

Абсталяваньне перайшло ва ўласнасьць заводу
Абсталяваньне перайшло ва ўласнасьць заводу

«Пра „жалеза“ нідзе ніводнай згадкі: памяшканьні адышлі заводу, ня выключана, што яны яго папросту дэмантавалі. Хоць перадатчыкі паводле ўсіх нормаў перамяшчаць нельга. Прынамсі, да мяне з гэтай нагоды ніводнага разу ніхто не зьвяртаўся. Вядома, могуць запярэчыць, што тэхніка старая, пяць гадоў увогуле не працавала. Але насамрэч справа не ў цане абсталяваньня. Ёсьць такое паняцьце, як дзейная сыстэма з улікам аўдыторыі. Ня ведаю, як цяпер, таму што цяпер нічога не прадаецца і не купляецца, але, скажам, на 2010 год „Аўтарадыё“ можна было ацаніць мінімум у паўмільёна даляраў. Вядома, акцыі столькі не каштуюць, але ў свой час нават акцыі Apple можна было набыць за даляр, гэта цяпер яны каштуюць тысячу (хоць намінал стаіць — даляр). То бок рынкавы кошт радыё, якое працавала, на той момант быў 500 тысяч даляраў. Дык узялі растапталі, зьнішчылі, закапалі, разагналі. Добра хоць не забілі...»

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці ёсьць увогуле імпэт слухаць FM-эфір? Можна не сумнявацца, што пасьля 20 гадоў, прысьвечаных радыёвяшчаньню, пазыўныя іншых станцыяў нараджаюць у яго адчуваньне, што ён лішні на гэтым сьвяце:

Да нядаўняга часу пра адрас «Аўтарадыё» нагадвала таблічка
Да нядаўняга часу пра адрас «Аўтарадыё» нагадвала таблічка

«Шчыра кажучы, я іх і раней ня слухаў, бо яны ўсе абсалютна аднолькавыя. Як нейкая канвэерная штампоўка, нічога свайго, плюс тусуюцца толькі паміж сабой. Мяне, дарэчы, яшчэ падчас працы зьдзіўляла, што адзін вядомы дзеяч слухаў якраз не сваю радыёстанцыю, а „Аўтарадыё“. Чым, уласна кажучы, я таксама займаўся — ягонага радыё зусім ня слухаў. І такіх карпаратыўных „здрадаў“ было поўна. Па вялікім рахунку, мала каму падабаецца прымітывізм, але самі яны пры гэтым яго і тыражуюць. У гісторыі беларускага радыёвяшчаньня „Аўтарадыё“ займае прыстойнае месца, але зроблена так, што гэта месца пасьмяротнае. Зрэшты, заўсёды ўсё можна аднавіць, але праблема ў тым, што не пры гэтай сыстэме. Пры гэтай якраз немагчыма».

Карэспандэнт: «Выглядае, што калектыў „Аўтарадыё“ аказаўся адзіным, хто пацярпеў у палітычнай кампаніі 2010 году?».

«Рэальна — так. Больш жа нікога не зачынілі? Тое, што некаторыя незалежныя газэты палохалі, дык папалохалі і ўрэшце пакінулі ў спакоі. А нас зачынілі, прычым зачынілі брудна, на закон увогуле наплявалі. Бо згодна з законам спачатку трэба было падаць у суд матываваны пазоў на закрыцьцё. Але ніякага пазову не было, проста прыйшлі і загадалі «вырубіць тумблер».

Фактычную ліквідацыю «Аўтарадыё» Юры Базан лічыць палітычнай замовай. Праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, уключна з Саньнікавым і Някляевым, разьмяшчалі ня толькі незалежныя, але і дзяржаўныя СМІ. І пры роўным падыходзе караць трэба было ня толькі «Аўтарадыё», а і шэраг афіцыйных выданьняў, якія надрукавалі «экстрэмісцкія заклікі». Аднак дзяржаўныя мэдыі і грошы з кандыдатаў узялі, і настрой Праляскоўскаму не сапсавалі.

Сыход з частотаў пасьля 20-гадовай гісторыі вяшчаньня
Сыход з частотаў пасьля 20-гадовай гісторыі вяшчаньня

Страціўшы бізнэс і пэрспэктывы вяртаньня да любімай справы, Юры Базан зьехаў са сталіцы:

«Яшчэ некалькі гадоў таму зьехаў на лецішча — за 80 кілямэтраў ад Менску ў бок Мядзела, пад Вілейку. Жыву, як кажуць, натуральнай гаспадаркай. Грыбы — зь лесу, агуркі — з агароду. Апроч таго, два сабакі, чатыры каты. З тым жыцьцём ужо мала што зьвязвае. Найперш, для мяне працы ў Менску няма. Ісьці мне, чалавеку, які два дзясяткі гадоў рабіў „Аўтарадыё“, у нейкія прыслужнікі ў радыёвяшчаньне — гэта значыць працаваць на сыстэму, якая, уласна кажучы, усё і растаптала. Гэта для мяне ня выбар. Па-другое, 20 гадоў пры такой справе — гэта суцэльныя нэрвы. А мне ўжо за палціньнік, дык то галава баліць, то яшчэ нешта. Таму трэба крыху супакоіцца».

На вольных хлябах і астатнія калегі, якія складалі касьцяк «Аўтарадыё». Калі ў сярэдзіне «нулявых» увялі абавязковую квоту 75% беларускай музыкі ў эфіры, рэдакцыя зрабіла стаўку на беларускамоўных вядоўцаў і музыкаў. Зьявіліся адмысловыя праграмы, якія вялі Алег Хаменка, Маша Яр ды іншыя. Усім давялося са сваімі праектамі разьвітацца на паўдарозе:

«Калектыў у мяне быў не такі шматлікі, як магло падацца. Мяркуючы па рэйтынгу папулярнасьці, напэўна, ніхто з радыёдзеячаў не паверыць, што „Аўтарадыё“ рабілі максымум 10 чалавек. Па вялікім рахунку, у радыёвяшчаньні гэта немагчыма. Але так была пабудавана сыстэма, што ўсё трымалася малымі сіламі. Вазьміце любую, нават дробную станцыю — там будзе сядзець паўсотні лайдакоў. У нас лайдакоў папросту не было. Усе, хто рабіў эфір, людзі і без таго дастаткова вядомыя і мелі сваю працу, нерадыйную. За выключэньнем мяне, спэцоў, якія дадаткова займаліся гукам, некаторых іншых. Ніхто зь іх не згубіўся, іншая справа, што ўсім плюнулі ў душу за іх працу. Бачу, інтэрвію раз-пораз даюць, але ня чуў, каб у іх былі свае праграмы ці магчымасьць рэалізацыі, як на „Аўтарадыё“. Яны, хутчэй за ўсё, і ня пойдуць, а іх ніхто і не запросіць. З аднаго боку, высока закладзеная плянка, з другога — „замазаныя“ ў супрацоўніцтве».

«Аўтарадыё» — першая альтэрнатыўная радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. Вядомая найперш сваім арыгінальным блёкавым фарматам вяшчаньня па 20 хвілін тэматычнай музыкі без удзелу дыджэяў. Цяпер на частаце «Аўтарадыё» (105,1) працуе дзяржаўная станцыя «Сталіца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG