Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кондрусь пра сваю экспэртызу ў Навінках: Усё ўзялі са столі


Уладзімер Кондрусь

Карэспандэнт Свабоды зьвязаўся праз тэлефон з Уладзімерам Кондрусем, калі той ехаў з бацькамі зь Менску ў Рудзенск.

— Мы пачулі ў судзе вынікі экспэртызы, якую вам зладзілі ў Навінках. Пра тое, што ў вас псыхічнае захворваньне. Як праходзіла экспэртыза?

— Гэтаксама як і ў ліпені, калі мяне затрымалі і ўжо спрабавалі агледзець. Зноў адмовіўся ад дасьледаваньня, ад іхных тэстаў і размоваў зь лекарамі. У выніку пратрымалі замест месяца ўсяго тыдзень і вярнулі на Валадарку. Такім чынам, тое, што вы сёньня пра мяне чулі — нібыта вынікі экспэртызы — гэтаксама ўсё ўзятае са столі. Што ім было трэба, тое і напісалі.

— У ізалятары на Валадарскага на вас ня ціснулі, не прымушалі ўдзельнічаць у судзе?

— Не, там абы еў добра, каб не было дэманстрацыйнай галадоўкі пратэсту, а ўсё астатняе іх не турбуе. Ня ціснулі. Гэтым разам харчаваўся рэгулярна і гэта іх задавальняла. А ад першай галадоўкі, улетку, я адышоў, пачуваюся нармальна.

— У судзе прагучала, што ў сьнежні 2010 году вы жылі ў Маскве, адмыслова прыехалі на Плошчу адтуль. Чым там займаліся? Чаму вярнуліся?

— Чым займаўся, асабліва згадваць ужо не хачу, скажу гэтак, што мне там не спадабалася. А што вярнуўся, дык інакш было немагчыма, я быў уцягнуты ў гэтыя падзеі і гэта не спынілася. Мяркую, мінулая Плошча не апошняя.

— Маці расказвала, што вы са срэбным мэдалём закончылі школу, выдатна ведаеце матэматыку, плянавалі зьвязаць жыцьцё з кампутарнай тэхнікай. Чым будзеце займацца пасьля вызваленьня?

— Пакуль рана загадваць. Відаць, яшчэ амаль год пройдзе ў розных справах зь міліцыяй, я ж буду на «хатняй хіміі», пад наглядам. Заўтра напішу пра свае пляны ў Фэйсбуку, даведаецеся.

— А хіба вам ужо вярнулі кампутар?

— А хіба яго забіралі? Так? Не, пакуль не вярнулі. Ну, тады пра Фэйсбук пакуль рана думаць, буду шукаць іншыя магчымасьці, каб паведаміць пра сябе.

— Як вы ставіцеся да таго, што некаторыя мэдыя, фактычна ня ведаючы, залічылі вас у правакатары? Ці было крыўдна? Ці вы прадпрымалі нешта, каб пазбавіцца гэтага кляйма?

— Складаная тэма. Найперш скажу, што выдатна разумею: у Беларусі, як у апазыцыі, гэтак і ў недзяржаўных сродках інфармацыі, ёсьць агенты спэцслужбаў. Ды і самыя спэцслужбы вельмі былі зацікаўленыя, каб выглядала, што я нібыта быў правакатарам. Ці каб усе гадалі, ён правакатар ці не. Але ў 2011 годзе я рабіў спробы патлумачыць, што ня быў правакатарам, сустракаўся з журналістамі, і з часткай выданьняў гэта ўдалося. Спадзяюся, цяпер зьніклі сумневы і ў тых, хто раней не разабраўся.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG