Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля першага жыцьця прыстасавацца ў другім ня так і складана», — Уладзімер Беражкоў і ягоная місія пад «Белымі крыламі»


Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

«Гістарычная сымболіка не забароненая дзяржавай. І калі людзям падабаецца нацыянальная атрыбутыка, караць за яе нельга», — аўтар рэбрэндынгу для нацыянальнай зборнай па футболе Ўладзімер Беражкоў пра вышыванку на форме і неэфэктыўнасьць турэмнага выхаваньня.

Сёлета ў чэрвені вядомы спартовы журналіст, заснавальнік і экс-рэдактар газэты «Прессбол» Уладзімер Беражкоў быў прызначаны на дырэктара дэпартамэнту па маркетынгу і камунікацыях асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу». А ўжо празь месяц прадставіў на суд публікі брэнд для галоўнай нацыянальнай каманды — «Белыя крылы».

Капітуляцыя «Бульбашоў»

У заключным туры заўзятарскага галасаваньня абагульнены сымбаль «зямлі пад белымі крыламі», апеты Ўладзімерам Караткевічам у аднайменным нарысе, упэўнена апярэдзіў іншыя «народныя» прапановы — напаўабразьлівых «Бульбашоў», а таксама «Зуброў», якія апошнім часам больш асацыююцца з хакейным «Дынама» зь Менску. У якасьці татэму да «Белых крылаў» прыстаўлены «Ваяр» — сярэднявечны рыцар у дасьпехах.

Такім чынам, беларускія футбалісты склалі кампанію ўсясьветным грандам, якія таксама маюць неафіцыйныя назвы — напрыклад, гішпанская «Чырвоная фурыя» ці італьянская «Блакітная эскадра».

На пачатку жніўня прадставілі радыкальна абноўленую форму для гульцоў зборнай Беларусі — белы і чорны камплекты з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту. Зялёныя трусы, якія не сумяшчаліся ні з чым, з футболам у тым ліку, адышлі ў мінулае.

Татальны «апгрэйд» спарадзіў першы за шмат гадоў заўзятарскі ажыятаж вакол гульняў новага цыклю адбораў да чэмпіянату сьвету-2018. А поўныя трыбуны матывавалі гульцоў на такую ж поўную самааддачу.

Тым ня меней ідэя «Белых крылаў» не магла зваліцца зьнянацку. Што паслужыла штуршком, каб увесьці ў брэнд пазнавальнае словазлучэньне? Ці шмат вечароў давялося праседзець з кнігай Уладзімера Караткевіча, каб пераканацца ў правільнасьці выбару?

«Уладзімер Караткевіч — клясык нашай літаратуры, мой любімы беларускі пісьменьнік. Тут, відаць, ніякай Амэрыкі я не адкрыю, — кажа Ўладзімер Беражкоў. — Я зь дзяцінства закахаўся ў яго творчасьць, дапамог бацька, падказваў, што чытаць, на што зьвярнуць увагу. А ўрэшце пазнаёміў з самім Караткевічам. Ня ведаю, ці трэба казаць, якое ўражаньне пакінула тая сустрэча. Далей ужо ня трэба было перачытваць, каб зразумець, што аўтар укладаў у тыя ці іншыя вобразы. Ідэя „Белых крылаў“ — на паверхні, заставалася яе толькі падхапіць. Мы вынесьлі прапанову на суд аматараў футболу. Было нямала дыскусіяў, але ўсьцешыла, што брэнд спадабаўся большасьці аўдыторыі: ніхто не ўспрыняў у штыкі, ніхто не абразіў. Гэта цудоўна і надзвычай прыемна».

Наўпроставы лінк

Даспадобы заўзятарам прыйшоўся і новы гардэроб, адмыслова распрацаваны дызайнэрамі для футбалістаў зборнай Беларусі. Рэвізія карэнная: чырвоная паласа арнамэнту на белым полі ў адным наборы, чорная з элемэнтамі вышыванкі — у другім. Па словах Уладзімера Беражкова, канцэпцыя формы прымалася калегіяльна, без навязваньня пэўнай канкрэтнай думкі:

«Гэта была калектыўная праца, элемэнты дэкору прымаліся ўсімі зацікаўленымі бакамі — само сабой, і дызайнэры, і кіраўнікі фэдэрацыі, і футбалісты. Усё гэта нашы агульныя ідэі, бо мы дзейнічаем як каманда аднадумцаў. Як кажуць у такіх выпадках, „team spirit“, камандны дух, ён насамрэч прысутнічае і вядзе нас усіх разам да агульнай мэты. Магу сказаць, што ва ўсіх пачынаньнях мяне падтрымлівае кіраўніцтва футбольнай фэдэрацыі, я не адчуваю ніякага супрацьдзеяньня. Усё ідзе ад душы, а таму шчыра».

Культурныя «ультрас»

Уладзімер Беражкоў згодны, што карэнная рэвізія футбольнай гаспадаркі прыйшлася да месца: інфармацыйны вакуўм у стасунках паміж заўзятарамі і футбалістамі патрабаваў неадкладнай зьмены кантэнту, цікавага абодвум бакам. Прывабны антураж, які пачаў культывавацца вакол зборнай, паспрыяў галоўнаму — вяртаньню людзей на трыбуны:

«Паступова абвастрылася канфліктная сытуацыя, становішча, як бы я абагульніў, па-за гульнёй. Многія былі незадаволеныя, скардзіліся адзін на аднаго — футбалісты на заўзятараў, заўзятары на футбалістаў. Нешта зламалася ў мэханізьме, неабходна было прыкрую сытуацыю разруліць. Як выявілася, разрульвалася яна элемэнтарна — паспрабаваць пачаць з чыстай старонкі і не азірацца назад. Таму ўсё выйшла, на мой погляд, вельмі нават проста. Прынамсі, мне не было сумна займацца, калі ўсё вымалёўвалася ў нейкія формы. І цяпер сытуацыя, на маё адчуваньне, досыць прыемная, спрыяльная для таго, каб разьвіваць беларускі футбол з новага аркуша».

Тое, што праца вядзецца ў правільным кірунку, прадэманстравалі папярэднія гульні. Спачатку таварыскі матч у Нарвэгіі, дзе беларусы ў новым камплекце формы адолелі гаспадароў, а потым і сустрэча з французамі на «Барысаў-Арэне»: нічыя зь фіналістамі Эўра-2016 — хутчэй удача, чым падстава для крытыкі. Да таго ж больш за 13 тысяч гледачоў атрымалі майкі з эмблемай «Белых крылаў», забясьпечыўшы магутны візуальны эфэкт яднаньня трыбунаў і каманды:

«Кірунак, спадзяюся, правільны, але гэта толькі самы пачатак шляху, — удакладняе Ўладзімер Беражкоў. — Насамрэч мы яшчэ нічога не зрабілі настолькі грунтоўна, каб сказаць, што вось ёсьць падмурак, на якім можна ствараць магутнае „камʼюніці“. Усё яшчэ трэба адточваць. Мэтавая аўдыторыя — толькі на пачатку свайго фармаваньня. Нам патрэбны пастаянна дзейны „актыў“, фанацкі сэктар. Але ня ў тым сэнсе, як раней, калі яго ўспрымалі выключна як хуліганаў-ультрас ці як мужыкоў, якія лушчаць семкі і падмацоўваюць убачанае моцным словам. Мы хочам, каб былі розныя пласты насельніцтва — і дзеці, і юнакі, і жанчыны. Цяпер намагаемся прыцягнуць да футболу ўсіх прадстаўнікоў соцыюму».

Нават міліцыя перастала нэрвова рэагаваць на праявы сымпатыяў, чужых цяперашняй ідэалёгіі — упершыню больш як за 20 гадоў на спартыўнай арэне ў Беларусі сярод цяперашняй чырвона-зялёнай атрыбутыкі было гэтулькі бел-чырвона-белых сьцягоў і людзей у майках з гербам «Пагоня»:

«Лічу, што гэта цалкам нармальна, — кажа Ўладзімер Беражкоў. — Гістарычная сымболіка не забароненая ні дзяржавай, ні нарматыўнымі дакумэнтамі. І калі людзям падабаецца менавіта нацыянальная атрыбутыка, нельга за яе караць, прыцягваць да адказнасьці. Мы, у сваю чаргу, усё робім у рамках заканадаўства, ня хочам пераступаць ніякую рысу, ня хочам канфліктаў ні зь дзяржаўнымі ўладамі, ні з праваахоўнікамі. Наадварот, пазыцыянуем сябе паўнавартаснай часткай нашай краіны, усёй беларускай супольнасьці. Таму што мы ўсе ідзём да перамогі — і прадстаўнікі ўлады, і заўзятары, і праваахоўнікі, усе разам».

Хакейнае пабоішча

Чарговая масавая мабілізацыя заўзятараў прызначана на бліжэйшыя адборачныя гульні. Увечары 7 кастрычніка на «Футбольны фэст» мяркуецца сабраць больш за 3 тысячы аматараў у абноўленым комплексе гандбольнага клюбу СКА ў менскім мікрараёне «Ўручча». Як абяцае Ўладзімер Беражкоў, апроч уласна паядынку Нідэрлянды — Беларусь, рыхтуецца вялікая праграма для дзяцей і дарослых. Праз тры дні, 10 кастрычніка — усё тая ж «Барысаў-Арэна», хатняя сустрэча зь Люксэмбургам:

«На жаль, ня так шмат гульняў з удзелам футбольнай зборнай праходзіць у Менску, у іншых гарадах краіны. Па сутнасьці, нацыянальная каманда ў адборачным цыклі гуляе толькі пяць хатніх матчаў, можа яшчэ некалькі таварыскіх сустрэчаў. Таму мы імкнёмся стварыць як мага больш падобных івэнтаў, каб аматары футболу, заўзятары мелі ў сваім фокусе нашу каманду, каб яна ўспрымалася як своеасаблівы клюб. Таму што „Белыя крылы“ — гэта ў пэўным сэнсе клюб. На клюб ходзяць часьцей, гэта ўжо больш акрэсьленая адзінка, якая ўспрымаецца як нешта блізкае і зразумелае. Не аморфнае, а чалавечае».​

Такога кшталту сустрэчы Ўладзімер Беражкоў абяцае ладзіць рэгулярна, таму важна, каб імпрэза зацікавіла сваім фарматам, пакінула добрае ўражаньне і ў заўзятараў, і ў футбалістаў:

«Будуць вялікія экраны і наагул футбольны фэст у шырокім сэнсе. Калі пазыцыянаваць гэта як шоў, у першым аддзяленьні ў рамках чэмпіянату Беларусі па міні-футболе згуляюць каманды „Сталіца“ і гомельская „БЧ“. Потым будзе музыка, піва, розныя актыўнасьці — аўтограф-сэсія, аквагрым, маскот „Ваяр“. NAVI выканаюць гімн „Белыя крылы“, паспрабуем, каб далучылася ўся заля. Таксама запросім музычны гурт, які патрабуе раскруткі, будуць конкурсы для дзяцей. Гэткі тым-білдынг для заўзятараў. Сымбалічная плата — 2 рублі, збольшага для таго, каб не было хаосу, каб ніхто ня тоўпіўся, ня біліся за крэслы. А так чалавек набыў квіток, у яго ёсьць сваё месца, і плюс ён зможа ўзяць нешта зь ежы ці з напояў, цэны будуць даступныя».

Уладзімер Беражкоў — чалавек хакейны. Гуляць пачаў зь дзяцінства, але дачасна завяршыў выступы з прычыны траўмаў. Працяглы час быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускай фэдэрацыі хакею, адначасова рэдагуючы «Прессбол». Пару гадоў таму прыняў прапанову стаць генэральным мэнэджэрам хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) — у адказ на крытыку мэтадаў вядзеньня спраў у калектыве. Летась ягоная карʼера прыпынілася — чалавека, які прыйшоў падняць справу на прынцыпова новы ўзровень, абвінавацілі ў «раскраданьні клюбных сродкаў». Пасьля 8 месяцаў за кратамі выйшаў на волю.

Маральная пераацэнка

Як адбыўся пераход у прынцыпова іншую галіну? Ці можна казаць пра пасьпяховую адаптацыю? Уладзімер Беражкоў запэўнівае, што пасьля перажытага ўсё падаецца не такім і складаным:

«Хакей — жорсткая гульня, для моцных людзей. Там я атрымаў добры досьвед, бо ўсё маё жыцьцё так ці інакш зьвязанае з хакеем. Спадзяюся, што туды яшчэ вярнуся. Што да адаптацыі? Ведаеце, пасьля таго першага жыцьця прыстасавацца ў другім ужо ня вельмі цяжка. Выпрабаваньні былі, ня толькі ў хакеі, а ўвогуле ў жыцьці маім, вельмі сурʼёзныя. Таму, па вялікім рахунку, я гатовы да любых паваротаў лёсу. Цяпер усе цяжкасьці ўспрымаюцца ня так, як раней. Адбылася пэўная пераацэнка каштоўнасьцяў, пасьля тых падзеяў я крыху інакш гляджу на жыцьцё, ацэньваю пэўныя рэчы. Я і дагэтуль грошы ніколі ня ставіў на першы плян, а цяпер яны ў сыстэме маіх каштоўнасьцяў наагул на самым апошнім радку. Галоўнае — сямʼя, блізкія, цікавая справа, грамадзянскі доўг».

Я і дагэтуль грошы ніколі ня ставіў на першы плян, а цяпер яны ў сыстэме маіх каштоўнасьцяў наагул на самым апошнім радку.

Апошнім часам за кратамі пабывалі ці яшчэ там застаюцца людзі, якія мелі непасрэднае ці апасродкаванае дачыненьне да вялікага спорту — Юры Чыж, Уладзімер Япрынцаў, Канстанцін Шаравера, Максім Суботкін, Уладзімер Беражкоў. Ці апраўданыя такія пасадкі з гледзішча іх «эфэктыўнасьці»?

«Мне цяжка ацэньваць іншых калегаў, ступень іх віны ці ступень іх невінаватасьці. Але я перакананы, што шмат-шмат хто ў нас сядзіць за кратамі дарэмна. Ня вартыя людзі такога жорсткага стаўленьня да сябе. І гэта ня толькі названыя Чыж, Япрынцаў, Шаравера ці Суботкін. Ёсьць вялізная колькасьць асобаў па-за сфэрай спорту, якія прынесьлі б большую карысьць і дзяржаве, і сямʼі, і ўсім навакольным, каб яны былі на свабодзе. Я ў гэтым абсалютна перакананы».

Неўзабаве пасьля выхаду на волю зь менскага сьледчага ізалятара Ўладзімер Беражкоў нейкі час працаваў над рэалізацыяй праекту па адкрыцьці мэдычнага цэнтру для біятляністаў. Але пасьля выкананай замовы Фэдэрацыя біятлёну, якой кіруе старшыня КДБ Валер Вакульчык, новых прапаноў наконт супрацоўніцтва не агучвала.

Падвысіць іміджавую прывабнасьць беларускага футболу Ўладзімеру Беражкову прапанаваў кіраўнік фэдэрацыі Сяргей Румас. Дэпартамэнт па маркетынгу і камунікацыях — фактычна новая адзінка, створаная перадусім каб палепшыць маркетынгавую стратэгію, а таксама працаваць з мэдыямі і грамадзкасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG