Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі «прывід» Палескае і ягоныя патэнцыйныя «пабрацімы»: Астравец, Ашмяны, Смаргонь


Пустыя шыбы Палескага прывіду
Пустыя шыбы Палескага прывіду

Аўтамабільны шлях ва Ўкраіну праз Нароўлю і далей на памежны пераход Аляксандраўка неўзабаве выводзіць на горад-прывід — Палескае. Бальшыня кіроўцаў намагаюцца хутчэй праскочыць змрочны кавалак дарогі, дзе па-над лесам узвышаюцца пустыя каробкі шматпавярховікаў. У лепшым выпадку прытарможваюць ад нечаканага відовішча — ня так часта пабачыш, каб горад апусьцеў не ад ваеннай, а ад мірнай дзейнасьці чалавека.

Фантасмагарычнасьць карціны ўзмацняе той факт, што на беларускім баку, літаральна за некалькі кілямэтраў адгэтуль, жыцьцё, здаецца, і не спынялася: прыкардонныя нараўлянскія вёскі заселеныя, сельскагаспадарчыя палеткі ўзараныя, свойскую і калгасную жывёлу рыхтуюць да выпасу. Зоны суседніх краін, аднолькава заражаныя радыяцыяй, дэманструюць палярныя падыходы да праблемы тысячагодзьдзя.

Цяпер ужо не зразумееш, ці школа гэта, ці будынак адміністрацыі
Цяпер ужо не зразумееш, ці школа гэта, ці будынак адміністрацыі

Дзеля справядлівасьці, рыхтаваць транзытных пасажыраў да надзвычайнага рэжыму пачынаюць практычна адразу, як толькі тыя заедуць на ўкраінскі бок: уезд на тэрыторыю радыяцыйнага запаведніка — праз шлягбаўм і агляд аўтамабіля, спыняцца на абазначанай тэрыторыі забаронена. Пры сажалках самаробныя абвесткі-папярэджаньні — рыбу не лавіць, не купацца. І красамоўны дарожны ўказальнік: Чарнобыль — 50 кілямэтраў.

Поліське
Поліське

Раздарожжа: усё побач
Раздарожжа: усё побач

Радыяцыйную рыбу не лавіць
Радыяцыйную рыбу не лавіць

Тым ня меней журналісцкая цікаўнасьць перамагае. Праціснуцца да панэльных каркасаў былога райцэнтру Палескае ня так лёгка — за амаль тры дзясяткі гадоў безгаспадарчасьці дрэвы ня толькі паглынулі малыя пабудовы, а ўзьняліся вышэй за пяціпавярховыя дамы. Навокал будаўнічы друз, разьбітае шкло, рэшткі дарог і ходнікаў. Вокнаў, дзьвярэй практычна няма — некалі павыносілі дзеля ўласных патрэбаў жыхары бліжэйшых вёсак. Трапляюцца рэчы з ранейшай цывілізацыі — дзіцячыя цацкі, вопратка, асабістыя і дзяржаўныя паперы.

Згадкі пра жыцьцё
Згадкі пра жыцьцё

Зруйнаванае жытло
Зруйнаванае жытло

Вежа невядомага прызначэньня
Вежа невядомага прызначэньня

Кажуць, што сярод руінаў нават можна наткнуцца на самасёлаў, якія ці то зусім апусьціліся, ці не ў ладах з законам. Але колішні горад займае немалую тэрыторыю, і ня факт, што людзі рызыкнулі б пасяліцца абапал дарогі — сяды-тады праваахоўныя органы робяць аблавы.

Гаспадарская пабудова
Гаспадарская пабудова

Палескае — другі паводле колькасьці насельніцтва горад ва Ўкраіне, жыхароў якога прымусова адсялілі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Першай радыяцыйнае воблака накрыла Прыпяць — суседні горад атамшчыкаў, за 5 кілямэтраў ад самой станцыі. Сем’і супрацоўнікаў АЭС тэрмінова эвакуавалі ў нібыта бясьпечнае Палескае.

Дамы без жыльцоў
Дамы без жыльцоў

Установы без службоўцаў
Установы без службоўцаў

Пустыя вокны
Пустыя вокны

Рэзкі прырост насельніцтва прымусіў мясцовыя ўлады распачаць будоўлю жыльля, у 1988-м узьвялі новую школу, аднак павучыцца ў ёй дзецям не давялося — сытуацыя з радыяцыйным забруджаньнем у Палескім аказалася не нашмат лепшая, чым у Прыпяці. Гэтым разам эвакуацыя аказалася татальнай. На пачатку 1990-х практычна апусьцелы горад канчаткова страціў статус раённага цэнтру і паступова ператвараецца ў руіны. А калісьці тут працавалі харчовы камбінат, завод будматэрыялаў, мэблевая і швейная фабрыкі.

Сэктар прамысловай зоны
Сэктар прамысловай зоны

Неўзабаве выяжджаем да манумэнту «Яйка жыцьця» на кальцавой разьвязцы пры выезьдзе з Іванькава. Бэтонную скульптуру ў выглядзе вялізнага белага авала вырабіў нямецкі скульптар Кольбэ — як сымбаль адраджэньня зямлі, якая павінна акрыяць пасьля цяжкай хваробы. Праўда, расказалі ўкраінскія калегі, закулісная гісторыя дабрачыннага дару дэманструе забюракратызаванасьць усёй постсавецкай сыстэмы: у Кіеве доўга не маглі зразумець «падтэкст» падарунка, у выніку чаго яйка (балазе, бэтоннае) «шпурлялі» па розных гарадах, ня ведаючы, па якім артыкуле яго «растаможыць», з каго спагнаць выдаткі на перавозку і куды ўрэшце прыткнуць. Пакуль не «пасадзілі» ўрэшце пасярод дарожнай разьвязкі.

«Яйка жыцьця» блізу Іванькава
«Яйка жыцьця» блізу Іванькава

Дык які падыход да практычнага асэнсаваньня трагічных падзеяў 26 красавіка 1986 году больш апраўданы? Чарговая рэанімаваная вёска ў 30-кілямэтровай зоне ці лясны прывід у выглядзе Палескага? Экспэрт у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі, які пасьля крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі і працягвае дасьледаваньні ва Ўкраіне, катэгарычны: калі няма адпаведнай абароны, пражываньне на тэрыторыі, забруджанай адкідамі радыяцыйнага характару, ня толькі непажадана, але і надзвычай небясьпечна:

«Можна прымусіць людзей вярнуцца, але жыць на гэтых тэрыторыях нельга: усё гэта нібыта „жылое“ пры цяперашняй сьмяротнасьці вельмі ўмоўнае. Можна што заўгодна дэкляраваць, але чым заканчваюцца такія экспэрымэнты, мы, на жаль, ведаем. Асабіста я стаўлюся адмоўна да пражываньня людзей у неабароненых умовах. Канечне, нішто не асуджана на правал, калі займацца сур’ёзна і пасьлядоўна. Але гэта працэс надзвычай складаны, доўгі і яшчэ ня вывучаны да канца (дзеля справядлівасьці, у нас не асабліва і вывучалі) — што з гэтымі тэрыторыямі здарылася ў канчатковым выніку, апроч радыеактыўнага забруджаньня?» — кажа спадар Бандажэўскі.

Прыпынак, які даўно ня памятае пасажыраў
Прыпынак, які даўно ня памятае пасажыраў

Раён забудовы падвышанай камфортнасьці
Раён забудовы падвышанай камфортнасьці

Дарога праз горад-прывід
Дарога праз горад-прывід

Тым ня меней беларускія ўлады надалей трымаюцца пазыцыі, што наступствы радыяцыйнага ўзьдзеяньня моцна перабольшаныя, а разьвіцьцё атамнай энэргетыкі блякуюць «зялёныя», якія ня маюць адпаведнай кампэтэнцыі. Таму і вырашана будаваць уласную атамную электрастанцыю — дарэчы, у сумны юбілей аварыі на ЧАЭС аб’ёмы працы заплянаваныя найбольш маштабныя. Афіцыйная ж навука перакананая, што сучасныя тэхналёгіі не ўяўляюць небясьпекі ні для беларусаў, ні для жыхароў суседніх дзяржаваў.

Палескае: горад адселеных душаў
Палескае: горад адселеных душаў

Чаму досьвед Прыпяці, Палескага ды іншых адселеных гарадоў Украіны не разглядаецца сёньняшнім кіраўніцтвам як прыклад капітуляцыі чалавека перад «бясьпечнай» сфэрай энэргетыкі? Ці не чакае такі самы лёс і беларускія гарады, якім «пашчасьціла» апынуцца побач з Астравецкай пляцоўкай?

Жыхар Астраўца, ініцыятар грамадзкай кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства» Мікола Ўласевіч не сумняецца, што ўлады моцна рызыкуюць, увязаўшыся ў атамную авантуру:

«Мне не давялося быць ні ў Прыпяці, ні ў Палескім — можа, шкада, а можа, і да лепшага, каб лішні раз не рабіць сабе прыкрасьці. Але факт, што са зьяўленьнем беларускай АЭС аналягічны лёс можа чакаць ня толькі бліжэйшыя ад яе Астравец, Ашмяны ці Смаргонь, а і Вільню, якая менш як за паўсотні кілямэтраў ад будучага рэактара. Таму, калі, ня дай Божа, што здарыцца, шкода будзе вялізная, міжнароднага маштабу».

Чорная карта для беларускіх суседзяў АЭС
Чорная карта для беларускіх суседзяў АЭС

Паводле разьлікаў эколягаў, пры такой аварыі, як чарнобыльская, у зону адсяленьня аўтаматычна трапляюць Астравец, Ашмяны, Смаргонь, Сьвір, Нарач, Лынтупы, а зь літоўскага боку — Сьвянцяны (Švenčionys), Новыя Сьвянцяны (Švenčionėliai), Падбродзе (Pabradė) і паўмільённая сталіца Вільня (Vilnius). Як удакладняе Мікола Ўласевіч, нават наўскідку гэта нашмат больш, чым у выпадку з Чарнобылем:

«Адносна заяваў нашага кіраўніцтва, што атамная станцыя бясьпечная, дык хто старэйшы, напэўна, памятае: быў такі прэзыдэнт Акадэміі навук СССР Аляксандраў — „бацька“ ўсіх ядзерных і атамных праектаў у Саюзе. Ён таксама казаў: Чарнобыльскі рэактар настолькі бясьпечны, што яго можна ставіць на Краснай плошчы ў Маскве. Але ж мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася. У параўнаньні з Аляксандравым нашы сёньняшнія апалягеты атамнай энэргетыкі — гэта пігмэі. Таму асабіста я ня веру ніводнаму іхняму слову. На жаль, як паказвае практыка, „мірны атам“ — зусім ня мірны, яго трэба вельмі моцна баяцца».

У так званай зоне адчужэньня на тэрыторыі Ўкраіны — звыш 80 эвакуаваных паселішчаў, сярод іх такія буйныя, як Чарнобыль, некалі сакрэтны Чарнобыль-2, Прыпяць, Палескае, Вільча ды іншыя. Агулам да пачатку 1990-х прымусова адсялілі блізу 120 тысяч украінцаў, якія на свае малыя радзімы не вярнуліся. У Беларусі пераважна з Гомельшчыны і Магілёўшчыны на новыя месцы пераехалі больш за 130 тысяч чалавек, аднак за прамінулы час дзясяткі фармальна «мёртвых» вёсак зноў ажылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG